«Загляне сонца і ў наша ваконца». Як 120 гадоў таму аднаўлялі беларускамоўны друк
Беларускае друкаванае слова, з’явіўшыся адным з першых у славянскім свеце яшчэ на світанку XVI стагоддзя, на пачатку стагоддзя ХХ мусіла адраджацца з неймавернымі цяжкасцямі, нелегальна.

Галавічполе. Сядзіба Іваноўскіх (сучасны выгляд)
Нашая літаратура была крэўна спалучана з ідэямі, ідэаламі, духоўнымі і сацыяльнымі запатрабаваннямі свайго народа, нацыі. Этапы духоўнага, свядомаснага, нацыянальнага станаўлення беларусаў, як і этапы станаўлення беларускай дзяржаўнасці, гарманічна высвечваюць і этапы развіцця літаратуры. Так, перыяд станаўлення ўласнабеларускай літаратуры (XІV–ХV стагоддзі) увекавечваў фармаванне старабеларускай дзяржаўнасці і старабеларускай народнасці — летапісы вялікіх князёў літоўскіх; эпоха Адраджэння асацыюецца з постацямі Ф. Скарыны, Я. Вісліцкага, М. Гусоўскага.
Не стала выключэннем і ХХ літстагоддзе, якое было непарыўна звязанае з ідэяй нацыянальнага адраджэння. Больш за тое, менавіта яно тую ідэю нарадзіла, выпеставала і данесла народу. Якраз беларуская літаратура на пачатку мінулага стагоддзя першай уздымала праблемы сацыяльнай і палітычнай свабоды свайго народа, ідэі нацыянальнага самавызначэння і новага дзяржаўнага адраджэння.
Уздым грамадска-культурнага руху ў колішняй Расійскай імперыі на тэрыторыі беларускіх земляў, як і ўздым выдавецкай справы, як і зараджэнне беларускіх палітычных рухаў і партый, пачыналіся ва ўлонні літаратуры. У ХХ стагоддзі да адраджэння беларускай нацыі і дзяржавы, да распрацоўкі беларускай літаратурнай мовы і яе граматыкі першымі спрычыніліся беларускія пісьменнікі. Яны стварылі першыя беларускія газеты і выдалі першыя беларускія буквары і чытанкі.
Урэшце, гэта яны — беларускія пісьменнікі — распачалі нацыянальна-вызвольны рух на абшарах Расійскай імперыі, гэта яны былі першымі палітыкамі і дзяржкіраўнікамі Беларусі, і гэта яны сталі першымі кіраўнікамі-ўрадоўцамі і Беларускай Народнай Рэспублікі (Вацлаў Ластоўскі, Кастусь Езавітаў, Пётра Крачэўскі, Язэп Варонка), і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Цішка Гартны, Язэп Дыла, Фабіян Шантыр). Перад беларускім літаратарам пачатку ХХ стагоддзя стаялі адразу дзве маштабныя задачы: уласнаэстэтычная, мастацкая, і грамадская, дзяржавабудаўнічая.
Як у кожнай з’явы ёсць свой пачатак, ёсць ён і ў нашай літаратуры ХХ стагоддзя. І пачатак той не быў увянчаны дзяржаўным спрыяннем ці клопатам. Не было беларускай граматыкі, а самае найістотнае — беларуская мова была забаронена ў афіцыйным ужытку. І будзе, напэўна, цікава даведацца (пра гэта не пішацца ў падручніках) аб тым, што першай «літаратурнай» беларускай кнігай ХХ стагоддзя стала выдадзеная ў Пецярбургу кніга народжанага ў беларускай Ігуменшчыне гісторыка, літаратуразнаўцы, краязнаўцы, пісьменніка, перакладчыка, збіральніка беларускіх старадаўніх рукапісаў Аляксандра Ельскага, кніга, якая мела назву «Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п’яніцы. Добраму Беларускаму народу, на пакраплення яго душы і розуму…». А затым...

Партрэт Аляксандра Ельскага, 1888 г. Мастак Ігнат Урублеўскі
На тэрыторыі Беларусі ў ХХ стагоддзі ўсё пачалося з таго, што студэнт Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута з Лідскага павету Вацлаў Іваноўскі купіў напрыканцы 1902 года гектограф (спрошчаны друкарскі апарат для атрымання копій — да 100 асобнікаў — з напісанага ці надрукаванага тэкста), ахвяраваўшы на свой набытак заробак са студэнцкай практыкі. Першае выданне В. Іваноўскага і заснаванай ім Беларускай рэвалюцыйнай партыі — адозва «Да інтэлігенцыі». Адна з галоўных думак, выказаных у ёй, — неабходнасць стварэння граматыкі беларускай мовы і працы па абуджэнні нацыянальнай свядомасці нашага народа (адозва выйшла па-польску).

Вацлаў Іваноўскі ў перыяд студэнцтва
Затым быў нелегальна аддрукаваны часопіс «Свабода», які меркавалася ператварыць у орган Беларускай рэвалюцыйнай партыі. Ручную матрыцу «Свабоды» на восем абачынаў зрабілі Вінцэнт Валейка (пецярбургскі гімназіст, зямляк Іваноўскага — нарадзіўся ў фальварку Галавічполь, побач з Лябёдкай Іваноўскіх) і сябар Польскай партыі сацыялістычнай Мілер.
Увесь неабходны матэрыял сябры перавезлі ў сядзібу Іваноўскіх, дзе, па традыцыі, усе сямейнікі збіраліся на святы Вялікадня і Божага нараджэння. Там падчас калядных вакацыяў 1902 – 1903 гадоў і было надрукавана 200 асобнікаў першага нумара «Свабоды».
«Свабода» адкрывалася двума артыкуламі пра палітычныя варункі і нацыянальную свядомасць беларусаў ды вершам «Добрыя весці» (1848; 1861 гг.) Уладзіслава Сыракомлі:
…Гудзяць вясёла і песні, і танцыУ добрым жніве на шчаслівы год.Годзе ж вам, годзе, царыкі-паганцы,Таптаць з балотам хрышчоны народ!Годзе ж вам, годзе ў яснай карэце,Годзе, чыноўнікі, ездзіць у двор.Годзе вам, годзе, мужыцкія дзеці,З хаткі астаткі даваць на пабор.<…>Эй, згіне вораг, як Бог нам паможаЗа нашу крыўду, за горкі наш жаль.Запяём песню: «Хваліць цябе, Божа!».Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль…
На тым жа гектографе былі нелегальна выдадзены і «Калядная пісанка» (1903 г.) ды «Велікодная пісанка» (1904 г.), у якіх змешчаны вершы Алаізы Пашкевіч, Каруся Каганца ды іншых паэтаў, а таксама пераклад апавядання Стэфана Жаромскага.
Значнай падзеяй пасля выхаду ў свет некалькіх сотняў такіх сшыткаў стала легальнае выданне ў 1903 годзе ў польскай друкарні К. Пянткоўскага (Пецярбург) зборніка вершаў Яна Неслухоўскага (Янкі Лучыны) «Вязанка» і кнігі «Казкі» накладам у 5000 асобнікаў кожная. «Казкі» падрыхтаваў да друку беларускі пісьменнік, мастак, грамадскі дзеяч Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец) — пра гэта сведчыць спецыфічны правапіс (апострафы замест памякчальных знакаў). Ідэя ж выдання беларускіх казак належала В. Іваноўскаму, які пазнаёміўся з Карусём Каганцом у ягонага брата, лідскага лекара Амброжыя Кастравіцкага. Апошні фінансаваў выданне кнігі (яго ініцыялы былі пазначаны на тытульнай старонцы — «А.К.»).
В. Іваноўскі натхніў на кнігавыданне і малодшага брата жонкі А. Кастравіцкага Сцяпана Багушэўскага, на той час студэнта кракаўскага Ягелонскага ўніверсітэта. Багушэўскі прыцягнуў да супрацоўніцтва свайго сябра з часоў гімназічнай вучобы ў Менску Мар’яна Фальскага (будучага беларускага перакладчыка прозы і аўтара аднаго з лепшых польскіх лемантароў).
У 1904 годзе выйшаў томік беларускіх вершаў «Песьні». Ён прызначаўся найперш дзеля адраджэнска-рэвалюцыйнай агітацыі і таму друкаваўся ананімна (зборнік складаўся з твораў Францішка Багушэвіча, Алаізы Пашкевіч і Каруся Каганца). Да выдання зборніка вершаў зноў спрычыніліся В. Іваноўскі з ужо згаданымі Карусём Каганцом, С. Багушэўскім і М. Фальскім. Выйшлі «Песні» ў Кракаве, дзе С. Багушэўскі і М. Фальскі выдалі яшчэ кнігі «Янка Музыкант» (пераклад апавядання Генрыка Сянкевіча), «Да свайго Бога» (пераклад з Стэфана Жаромскага) і «Ведзьма» (невядомага аўтара). Грошы на выданне В. Іваноўскі атрымаў ад сястры сваёй нявесты — славутай піяністкі Кацярыны Ячыноўскай...
***12 снежня 1904 года цар Мікалай ІІ падпісаў указ, які здымаў ранейшыя абмежаванні на выкарыстанне мясцовых моў у «дзевяці заходніх губернях Расійскай імперыі», сярод якіх значыліся Віленшчына, Меншчына, Гродзеншчына і Магілёўшчына. Указ нарэшце надаваў свабоду і беларускаму друкаванаму слову.
Для пашырэння кнігавыдання цяпер патрэбна было ўжо сваё выдавецтва. Не атрымаўшы мецэнацкай дапамогі, беларускія асветнікі заснавалі на прынцыпах акцыянернага таварыства выдавецкую суполку «Загляне сонца і ў наша ваконца». 1 студзеня 1906 года ў ёй налічвалася каля 45 удзельнікаў з укладамі па 10 рублёў.
Была ўтворана і ўправа з сямі «сяброў-заснавальнікаў», якія ўнеслі 250 рублёў. Агульны капітал суполкі складаў на пачатку 1906 года 700 рублёў, што і дазволіла распачаць мэтанакіраваную выдавецкую дзейнасць.Старшынёю ўправы быў абраны В. Іваноўскі, сакратаром — пецярбургскі службовец Уладзіслаў Сталыгва, сябрамі ўправы — прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла, жонка В. Іваноўскага Сабіна і яго старэйшы брат Юры (інжынер-тэхнолаг), настаўнік школы пры лютаранскім храме Св. Пятра Уладзіслаў Калашэўскі і Вінцэнт Валейка, на той час ужо студэнт Горнага інстытута.
Першынцам выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца» стаў «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання», напісаў які Карусь Каганец.

Першы беларускі буквар ХХ ст.
На першым этапе (паводле натарыяльнай дамовы ён працягваўся да 1908 года) асноўную рэдакцыйную працу выдавецкай суполкі выконвалі В. Іваноўскі і Б. Эпімах-Шыпіла. У аддзеле рэдкіх кніг і старадрукаў Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь захоўваюцца лісты супрацоўнікаў суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца», у якіх дэталёва апісаны этапы падрыхтоўкі першага беларускага лемантара-буквара ХХ ст. У траўні 1906 года Карусь Каганец атрымаў ад выдавецкай суполкі афіцыйнае запрашэнне да працы. Па даручэнні В. Іваноўскага ліст пісаў В. Валейка:
«<...> Хай Пан напішэ ксёнжку для дзяцей па-беларуску. <...> Толькі хай яна будзе ў 2-х часьцях, каб не надта вялікая. <...> На пачатак прысылаю 10 рублёў за работу. Хай Пан напішэ, колькі будзе стоіць напісанне. За работу плаціць ні Войцік (г.зн. Вацлаў Іваноўскі. — А. А.), ні я, а беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца». <...> Хай Пан не баіцца пісаць, колькі вартуе Панскі труд. <...> Мо вы, Пане, маглі б зрабіць рысункі да ксёнжкі? Добра было б. Пішыце і прысылайце першу палову ксёнжкі пад адрасам: С. Петербург, 6-я рота 10, кв. 3. Вацлаву Іваноўскаму».
Карусь Каганец адразу ж возьмецца за работу. «Даўней вучылі чытаць год або два, а цяпер і ў два месяцы навучыш, — пісаў ён у прадмове да свайго лемантара. — Не паказывай зараз усіх знакаў, а так, як тут напісана: знак за знакам, і адразу вучы чытаць цэлы сказ і слова, склад за складам. Ня так, як раней вучылі: бэ-а — ба, а зразу: б-а — ба...». (Гэты метадычны прынцып К. Каганца аднавіўся і сёння плённа выкарыстоўваецца ў педагагічнай практыцы — да прыкладу, у апошніх выданнях «Буквара» Анатоля Клышкі).
А затым нацыянальнае сонца пачало заглядваць у беларускія вокны часцей і смялей...