Жанчыны Януша Радзівіла

Паэт, навуковец, сакратар падчашага ВКЛ і віленскі кашталян, лідар кальвіністаў Януш Радзівіл (1579–1620) жанчын любіў. І яны яго  таксама.



Януш Радзівіл. Партрэт невядомага мастака, 1610-я

Януш Радзівіл. Партрэт невядомага мастака, 1610-я

Паміж праўдай жыцця і мастацкім вобразам

Ішоў 1609 год, у жніўні войска Жыгімонта ІІІ, насуперак выказанай большасцю сеймікаў ВКЛ волі пра неўмяшанне ў супрацьстаянне цара Васіля Шуйскага і Ілжэдзмітрыя ІІ, перайшло маскоўскую мяжу і рушыла пад Смаленск. Вядома, што амаль двухгадовая асада горада вярнула Смаленск у чэрвені 1611 года ў склад ВКЛ. А Уладзіслава, сына Жыгімонта, праз Сямібаяршчыну абвясцілі ў жніўні 1610 года маскоўскім царом. Некалькімі гадамі раней Масква шукала супольнікаў супраць Рэчы Паспалітай нават на Габсбургскім двары. Часткай супрацьстаяння ў гэтай дыпламатычнай гульні былі дзеянні Януша Радзівіла і яго сакратара.

Гэта гульня прывяла Набароўскага ў Германію, Італію, Францыю і Англію, дзе ён і адведаў роднасны беларускім пратэстантам двор манарха-кальвініста Якава І Сцюарта (1603–1625). А сам Януш Радзівіл з першай жонкай Сафіяй накіраваўся ў Парыж да Генрыха IV. Тады сакратар Радзівіла і ўбачыў у Лондане каралеўскую дачку Лізавету Сцюарт (1596–1662), слынную прыгажосцю будучую каралеву Чэхіі. І каралеву мужчынскіх сэрцаў, выдатны партрэт якой, з радзівілаўскіх калекцый, сёння можна бачыць у зборы Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Сам Купідон уклаў у твае вочы
І Сонца зыркае святло,
Й мігценне зор загадкавае ночы,
Якое рыцарам Еўропы
мову заняло…

Гэтыя радкі — крыху вольны пераклад Данілы Набароўскага (1573–1640) пачатку верша Януша Радзівіла «Пра вочы англійскай каралеўны…»  Але хто такі Даніла Набароўскі, і якім чынам жыццё звязала яго з уплывовым беларускім магнатам?

Народжаны ў Кракаве, ён распачаў адукацыю ў Кракаўскім універсітэце, а працягнуў — у Вітэнбергу і Базелі (медыцына), Арлеане і Страсбургу (права) і нарэшце ў 1602 годзе ў Падуі, дзе слухаў курсы механікі ў вялікага Галілея. Знаўца моваў і навук, таленавіты пісьменнік (ён перакладаў з італьянскай на польскую Петрарку, а з лацінскай — трактаты па паэтыцы і рыторыцы Сарбеўскага), якім чынам ён апынуўся ў Беларусі? Адказ просты: апека Радзівілаў. Ужо ў Страсбургу ён сутыкнуўся з маладым Янушам, адпраўленым бацькам, Кшыштафам Радзівілам Перуном, віленскім кашталянам і гетманам, па навуку, і выкладаў яму французскую, нямецкую і лаціну.

Пасля вяртання з Падуі Даніла канчаткова перайшоў на сакратарскую службу да Януша. Пасля гэтага — верны служка сям’і, апрача дыпламатычных місій, падчас жыцця ў Слуцку, Нясвіжы, Смалявічах, Любчы — займаўся лекарскай практыкай, напісаў два медычныя трактаты, даваў парады па барацьбе з эпідэміямі.

Сафія, князёўна Слуцкая

Блізкі паплечнік Януша Радзівіла, Набароўскі выдатна ведаў сямейныя справы свайго энергічнага патрона. У тым ліку і гісторыю самага розгаласнага на той час шлюбу — з апошняй прадстаўніцай слуцкага роду Алелькавічаў, нашчадкаў Альгерда, Сафіяй (1 мая 1585 — 19 сакавіка 1612). Шлюбы бяруцца зусім не на нябёсах: прынамсі, выбар нявесты быў зроблены для маладога Януша яго бацькам Кшыштафам Перуном у 1594 годзе ў дамове з Юрыем Хадкевічам. Партыя для прадстаўніка кальвінскай біржанскай лініі Радзівілаў выглядала надта прывабнай: Слуцкае і Капыльскае княствы, 7 гарадоў і 32 фальваркі складалі пасаг нявесты.
Лёс Сафіі (якая ў гадавалым узросце страціла бацькоў, а пасля і сваіх дзядзькоў Аляксандра і Яна Сямёна) трапіў у распараджэнне сваякоў, сыноў яе стрыечнай бабкі, таксама Соф’і Алелькаўны, — Юрыя і Гераніма Хадкевічаў. Пры дварах апошняга, віленскага кашталяна і брэсцкага старасты, і гадавалася князёўна, была відавочцай бурлівых міжканфесійных спрэчак і заключэння Брэсцкай царкоўнай уніі ў 1596 годзе. І чакала спаўнення свайго сямейнага лёсу — паводле Статуту ВКЛ 1588 года, «зуполных трынаццаці год», каб пабрацца шлюбам з Янушам Радзівілам. Вобраз юнай князёўны захавалі жывапісны партрэт Сафіі, што захоўваецца ў Літоўскім нацыянальным мастацкім музеі, і гравюра Г. Ляйбовіча з выдадзенага ў Нясвіжы альбома сям’і Радзівілаў.

Ці чакала яна ад свайго сужэнца кахання? У выпадку статуснага альянсу, запланаванага для яе Хадкевічамі і Радзівіламі, — пытанне хутчэй рытарычнае. Далейшыя авантурныя падзеі паказваюць, што яго, пэўна, не было.

А перад шлюбам Сафію напаткалі дадатковыя выпрабаванні. Напрыканцы XVI стагоддзя Хадкевічы, каталікі і прыхільнікі рэлігійнай і знешняй палітыкі Жыгімонта ІІІ Вазы, і біржанскія Радзівілы, кальвіністы, якія імкнуліся да абмежавання каралеўскай улады, апынуліся ў розных лагерах.
У 1599 годзе Ян Караль Хадкевіч, стрыечны пляменнік Гераніма, атрымаў ад караля пачэсную пасаду жмудскага старасты, на якую разлічваў стрыечны брат Януша Радзівіла Юры. Ведаючы непрыхільнасць караля да Радзівіла Перуна, які, па словах манарха, «захацеў бы быць Вялікім князем літоўскім, а потым каралём», Геранім у гэты момант абвясціў пра скасаванне шлюбнай дамовы. У гэты час лёс Сафіі вырашыўся не на нябёсах, а на зямлі: з-за рукі князёўны ледзь не выбухнула грамадзянская вайна.

Супраціўляючыся рашэнню літоўскага Трыбуналу, які ўзяў бок Перуна, Геранім у сваім віленскім палацы ў лютым 1600 года пачаў рыхтавацца да аблогі: 24 гарматы, 1600 асоб коннага і 600 пешага войска. Вільня бурліла, напалоханыя жыхары спяшаліся пакінуць горад. Але да сутычкі не дайшло, сілы былі няроўныя: на баку пакрыўджаных Радзівілаў сталі сваякі і крэўныя з буйнейшых дамоў Рэчы Паспалітай: Астрожскія, Ян Замойскі, смаленскі ваявода Ян Абрамовіч, брэсцкі ваявода Кшыштаф Зяновіч, канцлер Леў Сапега і 6 тысяч войска.
Далей быў чарговы вырак Трыбуналу 8 чэрвеня 1600 года. Хадкевічы атрымалі адступное — 500 валок зямлі і 360 тысяч злотых. А Януш — руку сваёй першай маладой жонкі, запісаўшы Сафіі «права заставацца пры сваёй каталіцкай веры». Вянчанне адбылося ў Брэсце 1 (10) кастрычніка 1600 года, на Пакровы.

Шчаслівае каханне?

Ідэалізаваныя біяграфіі Сафіі Слуцкай паведамляюць пра шчаслівы шлюб, у якім сужэнцы кахалі адзін аднаго і падтрымлівалі ў змаганні за веру. І сапраўды, «дысідэнт» Януш неаднаразова горача прамаўляў у абарону «іншаверцаў» на сеймах у Варшаве, быў адным з кіраўнікоў рокашу Мікалая Зебжыдоўскага (1606–1607), удзельнікі якога патрабавалі прыбраць езуітаў з каралеўскага двара і нават адхіліць Жыгімонта ІІІ.

Але, дапамагаючы жонцы, клапаціўся найперш пра кальвіністаў. Сведчанне гэтаму — заснаваныя ў Койданаве (1612) і Слуцку (1617) зборы. А ў сваім замку ў Любчы ён апекаваўся друкарняй Пятра Бласта Кміты, куды абсталяванне перавезлі з ахопленай нападкамі на пратэстантаў Вільні.
Друкарня, адна з магутнейшых у ВКЛ, за 20 год выдала 59 кніг — пераважна на замовы кальвіністаў. Там у 1614 годзе выйшла кніга эпітамэ і эпітафій яшчэ аднаго радзівілаўскага паэта, Саламона Рысінскага, дзе на смерць Сафіі Слуцкай і яе дзіцяці, што наступілі пры трэціх родах у 1612 годзе (двое першых дзяцей таксама доўга не жылі), прагучалі наступныя радкі: «Зорачка! Ты захавалася ў Слуцкім сузор’і адзіна/ Паміж літоўскімі славай ярчэйшая першая дочка!/ Хіба ты меней рыцар, чым ганарлівы супруг твой магутны?/ Сіла якая, прыйшла нечакана, цябе забрала…»
Наш стары знаёмы Набароўскі таксама адгукнуўся панегірыкам на скон княгіні. Але ён жа, як адзначае знаўца прыдворнага жыцця Радзівілаў польскі даследчык Сайкоўскі, за некалькі гадоў перад тым напісаў фрашку «Пані», дзе абмаляваў амурны эпізод і пакаранне каханка неназванай жанчыны: «З адной пані маладзенькай у намёце засталі, / Раніцою паймаўшы, утапіць загадалі…»
У 1630 годзе, падрыхтаваўшы першае выданне кнігі «Liber chamorum» пра «побытавае» жыццё эпохі, знаўца асабістых таямніц уладных двароў Валяр’ян Неканда Трэпка, сын сакратара караля Стэфана Баторыя, які, у сваю чаргу, быў хросным бацькам Януша Радзівіла, прыўзняў таямніцу гэтых радкоў. Нешчаслівае захапленне Сафіі Слуцкай шляхціцам Смольскім скончылася яго арыштам і ўтапленнем па загадзе Януша — з абвінавачаннем у крадзяжы. Магчыма, у нядоўгім сямейным жыцці Сафія Слуцкая была не надта шчаслівай.

Паміж справамі сямейнымі і дзяржаўнымі

Януш Радзівіл ажаніўся ў другі раз даволі хутка. Сотня венгерскай пяхоты, 60 казакаў, 18 слуг, і, зразумела, Даніла Набароўскі суправаджалі яго ў Берлін на вяселле з Лізаветай Сафіяй Гагенцолерн, дачкой лютэраніна, курфюрста Брандэнбургскага Яна Георга, ужо ў чэрвені 1613 года. Яна нарадзіла ў 1620 годзе Янушу адзінага сына Багуслава, які дажыў да дарослых год і зрабіўся апошнім прадстаўніком біржанскай лініі Радзівілаў «па мячы».
Вочы ж прыгажуні Лізаветы Сцюарт, апетыя Набароўскім, зірнулі на Януша Радзівіла толькі з партрэта прыдворнага англійскага жывапісца Маркуса Герартса, выкананага і дасланага Радзівілу па заказе англійскага караля Якава І Сцюарта ў 1618 годзе. Таго самага партрэта, які мы прыгадалі напачатку.

Кароль шукаў кантактаў сярод пратэстанцкіх сем’яў кантынента. У Еўропе пачынаўся глабальны канфлікт, названы Трыццацігадовай вайной і справакаваны супрацьстаяннем саюзаў нямецкіх князёў — Пратэстанцкай уніі і Каталіцкай лігі.

Ажаніўшыся ў лютым 1613 года з лідарам Пратэстанцкай уніі Фрыдрыхам Пфальцскім, Лізавета Сцюарт апынулася ў цэнтры канфлікту. Менавіта іх сям’ю, адхіліўшы ў жніўні каталіка імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фердынанда ІІ, чэшскія пратэстанты запрасілі на пражскі пасаг. Але іх караляванне цягнулася толькі год, па лістапад 1620-га, пакуль Чэхія не капітулявала перад войскам Каталіцкай лігі і не вярнулася пад скіпетр Фердынанда ІІ.

Сям’я чэшскіх «манархаў адной зімы», Фрыдрыха і Лізаветы, знайшла прытулак у Гаазе, дзе Фрыдрых памёр у 1632 годзе. Лізавета вярнулася ў Англію толькі пасля ўкаралявання там яе пляменніка Карла ІІ у 1660 годзе, каб назаўсёды зрабіцца папулярнай асобай у англійскай гісторыі як «пакутніца за веру». Яе ўнук Георг І узышоў на англійскі трон у 1714 годзе як пачынальнік новай дынастыі Гановерскага дому. А напісаны Георгам Гендэлем у 1727 годзе гімн на каранацыю яе праўнука, Георга ІІ, вядомы кожнаму футбольнаму заўзятару як гімн Лігі Чэмпіёнаў.

Што тычыцца Януша Радзівіла, то жэст Якава І з дасланым яму партрэтам дачкі не займеў уплыву на яго спрыянне пратэстанцкім сілам Еўропы. Замірыўшыся з Жыгімонтам ІІІ і атрымаўшы ад караля пасаду віленскага кашталяна, у 1619 годзе Януш ужо дапамагаў габсбургскай кааліцыі вербаваць у войска Фердынанда ІІ лёгкую кавалерыю з ВКЛ, якая дапамагла ў выгнанні Лізаветы Сцюарт і Фрыдрыха Пфальцскага з Чэхіі.