Чаму штарміць беларускі футбол?
Далёка ў Японіі гудуць Алімпійскія гульні, і аднойчы мы абавязкова прэпаруем тамтэйшы выступ беларускай зборнай — праз прызму медальных здабыткаў, чаканняў-прагнозаў і персанальных дасягненняў. Але зараз — зноў пра яго, пра шматпакутны наш футбол, з якім ніколі не засумуеш. Пасярод сезону тут па-ранейшаму б’е фантан — падзей, эмоцый, надзвычайных здарэнняў, якія часам ператвараюцца ў скандалы.
У «Шахцёры» раптоўна звольнілі галоўнага трэнера
Самыя гучныя медыйныя штуршкі «сейсмолагі» надоечы зафіксавалі ў Салігорску. Мясцовы «Шахцёр» раптам вырашыў змяніць галоўнага трэнера.
У тры гадзіны ночы
Знешне ўсё выглядае даволі слушна. Украінскі спецыяліст Раман Грыгарчук атрымаў ад кіраўніцтва «імпічмент» пасля журботных вынікаў каманды ў еўракубках. Сапраўды, там «Шахцёр» меў надта бледны выгляд. Спачатку з трэскам вылецеў з Лігі чэмпіёнаў — двойчы прайграў у кваліфікацыі балгарскаму «Лудагорцу». А затым салігорцы ўвогуле пляснуліся тварам у гразь: спусціўшыся ў суцяшальную Лігу канферэнцый, саступілі ў намінальна хатняй гульні ў Венгрыі сціплай камандачцы «Фола» з Люксембурга.
Лік таго матчу — 1:2, і ён не крытычны — і ўласна не ставіў крыж на далейшым еўракубкавым выступе дзеючага беларускага чэмпіёна.
Адметна, што форма ў гэтай гісторыі цалкам адпавядае зместу. Развітацца з трэнерам Грыгарчуком клубныя кіраўнікі вырашылі, што называецца, не адыходзячы ад касы. Пра адстаўку ўкраінскаму настаўніку было абвешчана ў раздзявальні стадыёна ў венгерскім Мішкольцы — адразу пасля ганебных 1:2 ад люксембуржцаў. Крыніцы сведчаць, што лагер салігорскай каманды звольнены трэнер пакінуў той жа ноччу — дзесьці ў тры гадзіны… Як той казаў, мог бы і пераначаваць, бо раніца мудрэйшая за вечар.
Тут, канешне, у галаву лезе адзін цікавы флэш-бек. Не, не той са старой савецкай камедыі: «Як прайсці ў бібліятэку?» — «У тры гадзіны ночы… Ідыёт!» Іншы.
У 2018 годзе пры падобных абставінах здарылася звальненне ў хакейнай зборнай Беларусі. На чэмпіянаце свету ў Даніі ў нашых хлопцаў не атрымлівалася прыкладна анічога — параза ішла за паразай і паразай паганяла. У Мінску, дзе іншых вынікаў чакалі многія — у тым ліку і галоўны заўзятар Аляксандр Лукашэнка, на бездапаможнасць ускормленых хакеістаў глядзелі з болем. І ў нейкі момант гіра дайшла да падлогі — і паступіла каманда: трэнера ў адстаўку.
Тады ў Даніі таксама стаяла глыбокая ноч. І канадскі трэнер Дэйв Льюіс таксама вырашыў не чакаць світання. Хуценька развітаўшыся з гульцамі, ён адправіўся ў бліжэйшы аэрапорт. Што характэрна — на таксі, як гайдаеўскі Сямён Сямёныч.
Беларускім хакеістам шокавая тэрапія тады аніяк не дапамагла. Абрушаная ў штопар, зборная прайграла на ЧС усе сем матчаў і вылецела з элітнага дывізіёну.
Як паўплывае гучная трэнерская адстаўка на далейшую гульню салігорскага «Шахцёра» — пытанне пакуль адкрытае.
Трэцім будзе
Такая падкрэсленая хуткасць на расправу — гэта нешта накшталт прыкметы часу ў спартыўнай Беларусі. Бо тое ж вышэйшае кіраўніцтва гэткім чынам прыбірала не толькі хакейнага трэнера Льюіса, але і цэлага міністра спорту. У тым жа 2018-м, калі падчас зімовай Алімпіяды ў беларусаў валіліся справы з рук, Лукашэнка не стаў трываць — і пазбавіў міністэрскай пасады Аляксандра Шамко, не чакаючы развітальных салютаў у карэйскім Пхенчхане.
Аналагічна любіў памахаць шабляй у футбольным мінскім «Дынама» Юрый Чыж. Набліжаны да ўладаў бізнесовец валодаў сталічным клубам цалкам, нібыта гіпермаркетамі «Прастор». Яго кадравую палітыку ў футболе адрознівала менавіта гэта — бурлівая цякучасць імён на пасадзе галоўнага трэнера.
Спартыўная прэса кпіла з таго і вяла ўлік, і прыдумляла цэтлікі. Улік перапыніўся недзе каля адзнакі 30 — прыкладна столькі трэнераў прайшлі праз «Дынама» цягам дваццаці чыжоўскіх сезонаў, а ў журналісцкім асяродку добра прыжылося азначэнне «травеньскае абвастрэнне» — у трэцім месяцы вясны Юрый Аляксандравіч неяк прызвычаіўся выпускаць пару метадам дзяжурнай адстаўкі чарговага спецыяліста.
Чым усё скончылася — вядома. У сітуацыі пастаяннага «штармавога папярэджання» «Дынама» так і паўстала на ўстойлівы шлях перамог. Адно-адзінае чэмпіёнства і адзін-адзіны Кубак краіны — вось і ўвесь умалот клуба эпохі звышуплывовага прадпрымальніка. І ў нейкім сэнсе не дзіва, што аднойчы — калі быць дакладным, то ў 2019 годзе, — футбольны клуб у Чыжа забралі і, наўпрост кажучы, «нацыяналізавалі».
Гэта ўсё да таго, што, падобна, тыя ж хісткія рэйкі апошнім часам абраў і «Шахцёр». І звальненне ўкраінца Грыгарчука тут толькі адзін з прыкладаў, які цудоўна ўпісваецца ў яскравы трэнд.
За чатыры з паловай гады — калі браць з пачатку 2017-га — у Салігорску паспелі скасаваць кантракт ужо з пяццю галоўнымі трэнерамі. Тры з іх — акрамя Грыгарчука, гэта іншы ўкраінец Юрый Вернідуб і беларус Алег Кубараў — сталі беспрацоўнымі таксама праз еўракубкавыя чыннікі. Прычым ва ўсіх выпадках гэтаму спадарожнічаў бездакорны выступ каманды ў нацыянальным чэмпіянаце — яна ішла на першым месцы ў табліцы. І, мабыць, тут ужо варта казаць пра нейкае летняе абвастрэнне — і заадно наракаць на клубны менеджмент, які ў адстаўцы трэнера бачыць вырашэнне ўсіх праблем.
Шосты прыйшоў
Шостым рулявым неспакойнай салігорскай каманды пагадзіўся стаць Сяргей Гурэнка — 48-гадовы трэнер з бліскучай кар’ерай футбаліста. Пагуляць яму сапраўды давялося на элітным узроўні: у Расіі, дзе ў маскоўскім «Лакаматыве» ён стаў легендай, у Італіі — там ураджэнец Гродна гойсаў за «Рому», «Парму» і «П’ячэнцу», у Іспаніі — след беларус пакінуў у «Сарагосе». 80 матчаў за нацыянальную зборную, дзе ён да ўсяго быў сталым капітанам, — адзін з найлепшых паказчыкаў у гісторыі суверэннага футбола.
Іншая справа, што на трэнерскай ніве ў Гурэнкі атрымліваецца заўважна горш. За дзесятак гадоў у прафесіі ён узначальваў амбітныя клубы кшталту мінскага «Дынама», аднак пакуль так і не здабыў аніводнага тытула.Зрэшты, у Салігорску, як падаецца, за гэтым заржавее. Моцы ў «Шахцёра» зашмат, і нават БАТЭ не ў стане даць яму рады. У нядзелю, напрыклад, барысаўчане маглі скарыстацца тым, што чэмпіёны чарговы тур прапускалі — зноў перанеслі каляндарны паядынак «на потым». Перамагай у родных Пячах — ды хоць часова, але ўзначальвай пелетон. Дзе там: БАТЭ нечакана зліўся ў гульні з брэсцкім «Дынама».
Так што сумневаў у другім запар золаце самага заможнага клуба краіны стала яшчэ меней. А вось над будучыняй айчыннага футбола па-ранейшаму навісаюць хмары, і пасля зыходу з «Шахцёра» Рамана Грыгарчука яны толькі згусціліся. Бо на развітанне ўкраінскі спецыяліст шчыра выказаўся пра бягучую беларускую рэчаіснасць — і, у прыватнасці, пра тое, як яна ўплывае на камплектаванне каманды.
«Складанасці, — адзначыў звольнены ўраджэнец Галічыны, — былі звязаныя з санкцыямі… Футбалісты проста не хочуць ехаць у Беларусь. У іх узнікае занадта шмат пытанняў і праблем. Мы пачынаем цікавіцца тым ці іншым гульцом, а яго ні фінансы не цікавяць, нічога іншага. «Беларусь? Не, я не еду». У такім становішчы праводзіць эфектыўную селекцыйную працу неверагодна складана».
Вось яно як: міжнародныя санкцыі запрацавалі нават у беларускім футболе.