Самотны футбол. Пачынаецца самы дзіўны чэмпіянат краіны

Ці стане мінскае «Дынама» чэмпіёнам, як наказваў Лукашэнка?

20220305202514.jpg


18 сакавіка — першы дзень новага, 32-га, чэмпіяната Беларусі по футболе. У календары пазначаны адзін матч — «Дынама» з Мінска згуляе з «Мінскам» на стадыёне ФК «Мінск». НЧ вырашыў ацаніць, з чым прыйшоў беларускі футбол да чарговага стартавага свістка. І куды ідзе наогул, сцугляны праблемамі, колькасць якіх цяперашняй зімой павялічылася шматкроць.

Гульня падчас вайны

Нашым футбалістам не ўпершыню рабіць выгляд, што навокал нічога не адбываецца. Гулялі падчас ковіда, будзем гуляць і падчас крывавай вайны ў суседняй Украіне. Гэта не папрок, бо і ў іншых краінах футбол не спыняецца, але ў іншых выбухі ў Марыупалі і Чарнігаве гэтак не адбіваюцца на стане рэчаў. Хіба што толькі ў Расіі, з якой мы цяпер як два боты ў пары.
Расійскі футбол, зрэшты, увогуле выкінулі з сістэмы УЕФА — маскоўскі «Спартак» выключылі з Лігі Еўропы, а зборную РФ анулявалі ў стыкавых матчах чэмпіянату свету. Беларусам тут пакуль толькі зацерушылі далёкія гарызонты — усе хатнія гульні будзем праводзіць за мяжой, на чужых стадыёнах і без гледачоў. То-бок у самой Беларусі міжнароднага футбола няма і не будзе, і добра, калі бліжэй да справы (летам) і цяперашнія — даволі ліберальныя захады — Ньён не вырашыць зрабіць больш жорсткімі. Нельга выключаць нават поўнага адхілення ад міжнародных турніраў — гэта адбудзецца ў тым выпадку, калі сітуацыя ва Украіне пагоршыцца і ў тым убачаць унёсак беларускага боку.
Так ці інакш, але нацыянальны чэмпіянат — ці не адзінае, што засталося беларускаму заўзятару. Праўда, і тут сітуацыя выглядае, мякка кажучы, не бліскуча. Ад мінулага года, калі вышэйшая ліга ўжо была неканкурэнтаздольная і клубы оптам выляталі з еўракубкаў, адбыўся яшчэ цэлы шэраг негатыўных з’яў.Істотна панізіліся заробкі.
Калі летась у беларускім футболе рэгламентавалі столь заробкаў, гульцы і трэнеры ў кулуарах наракалі. Маўляў, харч памяншаюць дырэктыўным чынам, хіба так можна? Але ў выніку сітуацыя склалася такая, што ў Міністэрстве спорту нібыта ў ваду глядзелі. Агульны стан эканомікі, памножаны на санкцыі ды «ваеннае» падзенне рубля, сам сабой абумовіў панізіў даходную частку клубных бюджэтаў. Цяпер не разгуляешся, і кожны футбаліст адчувае гэта сваім уласным гаманцом.
Галоўнае, гэта толькі пачатак, бо мала пачаць чэмпіянат — яго трэба яшчэ скончыць. У мінулым годзе не скончыў рэчыцкі «Спадарожнік», у якога «бензін» скончыўся наўпрост пасярод сезону і які сканаў, не дажыўшы да фінішу. Ці не адбудзецца сёлета ў вышэйшай лізе аналагічных летальных рэмейкаў? Ніхто не ведае, але ніхто не здзівіцца.
Уласна, адну цяжкую страту чэмпіянат ужо панёс — не чакаючы пачатку. У міжсезонні сышоў з прабега амбітны брэсцкі «Рух» — любімае дзецішча бізнесоўца Аляксандра Зайцава, які патрапіў пад міжнародныя санкцыі. Добрая была каманда, высокія мэты ставіла, але што ж, калі няма залатога запасу. Няма грошай — няма любові. Так у лізе ўзнікла неспадзяваная вакансія, якую федэрацыя аддала магілёўскаму «Дняпру» — камандзе, якая стала толькі пятай у леташнім другім дывізіёне. Пад стандарты элітнага эшалону магілёўцы падыходзяць ледзь-ледзь, аднак выбіраць не прыходзіцца. Колькасць важней за якасць.

Гульцы з’язджаюць за мяжу

Асаблівасць футбола ў тым, што нельга ўвесці прымусовыя кантракты ці нейкае размеркаванне. Калі грошай не стае, кожны можа зрабіць «рэлакейт» і працаўладкавацца дзесьці за мяжой. Так ужо не аднойчы было — так здарылася і гэтым разам. Хіба што маштабы працоўнай міграцыі зараз надта заўважныя.
Сімвалам трансферных плыняў мінулай зімы стаў, бадай, трансфер паўабаронцы Ігара Стасевіча ў Расію. Тройчы лепшы футбаліст краіны, заслужаны 36-гадовы майстар накіраваўся з заможнага некалі салігорскага «Шахцёра» ў Растоўскую вобласць, дзе базуецца каманда «Чайка» з другога расійскага дывізіёна.
 Атрымліваецца, што нават там прапануюць больш прывабны кантракт, чым на радзіме.
І, зразумела, Стасевіч такі не адзін. З Беларусі зімой з’ехалі шмат-шмат футбалістаў, пераважна майстравітых, на якіх знайшоўся попыт у іншых краінах. Краіны, зрэшты, не самыя статусныя — у статусных беларусаў з іх узроўнем даўно не чакаюць. Сёння за шчасце ўжо і Кіпр, і Венгрыя, і Грузія, і Латвія, не кажучы ўжо пра традыцыйныя Расію і Казахстан.
Шмат з’ехала і легіянераў — прычым з ліку лепшых. Замену ім, вядома, знайшлі — футбольны рынак вялікі. Але, зноў жа, навічкі маюць відавочна больш сціплую прафесійную «патэнцыю», што канчаткова фармулюе ключавую выснову. Узровень беларускага чэмпіянату істотна панізіўся — і гэта факт, які мы немінуча адчуем у еўракубках (калі яны будуць).  

Дык хто пераможа ў чэмпіянаце-2022?

У дадатак да ўсіх негатыўных праяў беларускія клубы зноў рыхтаваліся да сезону пераважна ў хатніх умовах. Раней існавала іншая практыка — як і ўсюды: зімой футбалісты ехалі туды, дзе цёпла і зелянее трава. У асноўным у Турцыі, дзе тамтэйшыя спартыўныя базы працуюць спраўна, па даступных цэнах і паводле прынцыпу «ўсё ўключана».
Але ж валюта — не той здабытак, які сёння можна лёгка вывозіць з краіны. Дый штучныя палі на сінтэтыцы, як лічаць у чыноўніцкіх кабінетах, адпавядаюць найвышэйшым футбольным стандартам. То тут і трэніруйцеся, нягледзячы на маразы.
Так і трэніраваліся, хаця асобным камандам усё ж удалося вырвацца за мяжу. Праўда, калі мінскае «Дынама» ў цёплым Сочы змагло папрактыкавацца ва ўмовах, набліжаных на натуральных, то што знайшоў «Шахцёр» падчас кароткага практыкума ў паўночным Калінінградзе — пытанне адкрытае. Зрэшты, гэта ягоная справа.
Дык што са стаўкамі і шанцамі? Год таму мы дакладна спрагназавалі і тройку прызёраў у парадку занятых месцаў і тандэм небарак, якія вылецяць у першую лігу. Зараз, варта прызнаць, усё не так відавочна, таму абмяжуемся больш размытым варыянтам футуралогіі. У тройку патрапяць усё тыя ж — «Шахцёр», БАТЭ і мінскае «Дынама». Ніхто не наблізіўся да іх настолькі, каб наладзіць рэальную канкурэнцыю.
Вылеціць, мусіць, той самы «Днепр», на якога элітная прапіска звалілася як цагліна на галаву. Будзе балюча, але, мяркуючы па ўсім, нядоўга. Хто складзе Магілёву пару і стане другім «вылятантам», пакуль сказаць цяжка. У тым ліку па вышэй акрэсленых прычынах — надта ж непрадказальная сёння эканамічная сітуацыя.

А што «Дынама»?..

Ну і, вядома, галоўнае пытанне — хто стане чэмпіёнам. Хто з тых траіх, якіх мы назвалі? Магло б падацца, што «Шахцёр», бо пры ўсіх кадравых стратах склад яго захаваў баявіты выгляд. Але, што называецца, ёсць нюанс — на што будзе здатнае сталічнае «Дынама».
Нюанс у тым, што ў верасні, наведваючы адрэстаўраваны дынамаўскі стадыён, Аляксандр Лукашэнка вымавіў словы, якія адразу разнесліся па ўсіх нашых футбольных завуголлях. «У наступным годзе вы павінны стаць чэмпіёнамі», — сказаў ён камандзе, і шанцы гэтай каманды на перамогу адразу скокнулі ўверх. Бо не можа ж памыляцца той, хто так разбіраецца ў гульні нумар адзін.
Зрэшты, надаваць канспіралагічны сэнс тым словам, можа, і не трэба. І хаця пра беларускіх футбольных суддзяў сведчаць рознае, наўрад ці сістэма мэтанакіравана будзе цягнуць за вушы да золата адну загадзя абраную каманду. Гэта было б занадта проста, хаця і па-нашаму. Футбол — не покер, гэта складаная гульня, дзе самі па сабе мячы ў вароты не залятаюць.
Фота pressball.by