Спартоўцы просяць спыніць фінансаванне НАК Беларусі
Удзельнікі Свабоднага аб’яднання спартсменаў Беларусі SOS BY напісалі ліст прэзідэнту Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томасу Баху ў сувязі з дыскрымінацыяй па палітычных матывах беларускіх атлетаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у краіне.
Па словах аўтараў ліста, у Беларусі спартсмены, нязгодныя з палітыкай уладаў, падвяргаюцца рэпрэсіям з боку дзяржаўных органаў, у тым ліку Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі (НАК) і Міністэрства спорту.
«Гаворка ідзе пра звальненні, адхіленні ад спаборніцтваў, забарону на ўдзел у спаборніцтвах зборных каманд», — гаворыцца ў лісце.
Яны прывялі ў прыклад пераслед па палітычных матывах 22 беларускіх атлетаў, а таксама арышт знакамітай беларускай баскетбалісткі Алены Леўчанка, якая была асуджаная на 15 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску. Аўтары дакумента папрасілі МАК расследаваць факты дыскрымінацыі і гвалту ў дачыненні да беларускіх спартсменаў, і «прыпыніць фінансаванне членства Нацыянальнага камітэта ў МАК да нармалізацыі сітуацыі».
Даведаўшыся пра намер беларускіх спартоўцаў звярнуцца ў МАК, рэдакцыя Deutsche Welle накіравалі запыт у Міжнародны алімпійскі камітэт.
МАК, правілы якога забараняюць рабіць палітычныя заявы на алімпійскіх аб’ектах, адказаў, што не мае «ні мандата, ні магчымасці змяніць законы ці палітычную сістэму суверэннай дзяржавы», і таму не будзе каментаваць «развіццё палітычнай сітуацыі ў якой-небудзь краіне». Адказ з Камітэта прыйшоў яшчэ да публікацыі калектыўнага ліста беларускіх спорстменаў.
Пры гэтым, МАК паведаміў, што звязаўся з НАК Беларусі, каб «растлумачыць сітуацыю».
«Калі спартовец будзе адхілены ад удзелу ў алімпійскай зборнай за тое, што ён ці яна выказалі сваю палітычную пазіцыю, МАК, вядома, расследуе такі выпадак», — запэўнілі ў Міжнародным алімпійскім камітэце.
Паводле АФН