Выкладчык медуніверсітэта зняўся ў відэа ў абарону студэнтаў — і мусіў звольніцца
Старшы выкладчык кафедры фармацэўтычнай хіміі БДМУ Арцём Зяцікаў сёння напісаў заяву на звальненне. З заўтрашняга дня ён не працуе ў ВНУ. Кажа, што яго пра гэта папрасілі. Да гэтага выкладчык зняўся ў відэазвароце ў падтрымку студэнтаў, якія выступаюць супраць гвалту.
Арцём Анатольевіч распавядае, што заяву аб звальненні ён напісаў сёння, у ёй папрасіў звольніць з заўтрашняга дня, 7 кастрычніка. Заяву ўжо падпісалі, а ён падпісаў абыходны ліст.
Ён адзначае, што напісаць заяву яго папрасілі «праз кіраўніцтва». Сам выкладчык сітуацыю, якая склалася звязвае з тым, што ён зняўся ў відэа ў падтрымку студэнтаў, якія выступаюць супраць гвалту.
У відэа ён сказаў:
— І самае галоўнае, стаць для вас годным прыкладам, навучыць расстаўляць прыярытэты, паказаць, што значыць быць прафесіяналам і быць чалавекам.
Арцём Зяцікаў у 2012 годзе скончыў з адзнакай фармацэўтычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта. У 2013 годзе ён абараніў магістарскую дысертацыю па тэме: «Фармакаэканамічны аналіз лекавых сродкаў, якія ўжываюцца пры ёддэфіцытных станах».
Прэс-сакратар рэктарата Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аксана Курбека адзначыла толькі, што выкладчык напісаў заяву на звальненне па ўласным жаданні.
— Далей без каментароў, — сказала яна.
Нагадаем, на мінулым тыдні выкладчыку-сумяшчальніку лабараторыі практычнага навучання БДМУ Юліі Матусевіч, па яе словах, патэлефанавалі з ВНУ і прапанавалі напісаць заяву па ўласным жаданні. З 2 кастрычніка ў ВНУ яна больш не працуе. Яна падтрымала студэнтаў 1 кастрычніка, калі рэктарат Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта з імі сустракаўся. Юлія Матусевіч таксама запісвалася ў відэароліку ў падтрымку студэнтаў, якія выступаюць супраць гвалту.
tut.by