Пасадкі, звальненні, грошы. Як рэпрэсуюць спартсменаў, якія адхіліліся ад генеральнай лініі

Яшчэ ўчора ў гэта было б немагчыма паверыць. Але пасля 9 жніўня Беларусь нібы аказалася ў новай рэальнасці. Адно неасцярожнае слова — і ты здраднік, адзін недальнабачны ўчынак — і ты «вораг народу». Айчынныя спартсмены ўжо паспелі адчуць гэта на сабе. «НЧ» пералічвае найбольш гучныя выпадкі дыскрымінацыі ў галіне, дзе ўжо недастаткова быць проста «хутчэй, вышэй, мацней».

Алена Леўчанка, Ягор Мешчаракоў, Васіль Хамутоўскі, Канстанцін Якаўлеў. Пратэсныя спартмены на вулічным шэсці. Фота: інстаграм Алены Леўчанкі

Алена Леўчанка, Ягор Мешчаракоў, Васіль Хамутоўскі, Канстанцін Якаўлеў. Пратэсныя спартмены на вулічным шэсці. Фота: інстаграм Алены Леўчанкі

Перадгісторыя зусім кароткая, бо пра пераслед спартсменаў, нязгодных з апошнімі падзеямі ў краіне, напісана-сказана ўжо і так шмат.

У сярэдзіне жніўня ў інтэрнэце з’явіўся адкрыты ліст, падпісаны вядомым спартсменамі і прадстаўнікамі галіны. Свайго кшталту маніфест, аўтары якога выказалі рашучы пратэст супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавых структур. Гэта стала кропкай адліку, ад якой на спартыўную грамадскасць пачаўся ціск з боку ўладаў — і канкрэтна профільнага Міністэрства. Прайшло менш за два месяцы, і ахвяр ганенняў без падказкі ўжо цяжка пералічыць.

Баскетбол: 15 сутак для зоркі

Тыдзень таму знакамітая баскетбалістка Алена Леўчанка мелася адправіцца за мяжу на медыцынскую рэабілітацыю перад новым сезонам. Даехаць удалося только да мінскага аэрапорту, дзе дзяўчыну «прынялі». З той пары яна за кратамі — адбывае 15-сутачны арышт за ўдзел у несанкцыяваным масавым мерапрыемстве.

Сусветная баскетбольная грамадскасць і зоркі «аранжавай» гульні гучна падтрымліваюць Леўчанка ў сацсетках. Заўзятары пішуць звароты ў міжнародныя структуры, спартсмены-землякі таксама не маўчаць. Плёну, зразумела, аніякага. Нягледзячы на тое, што Алена амаль дваццаць гадоў цягнула жаночы беларускі «баскет» наперад і ўверх.

Алена Леўчанка. Фота tut.by

Алена Леўчанка. Фота tut.by

Леўчанка — самая тытулаваная беларуская баскетбалістка. Гуляла ў ЗША, Расіі, Турцыі і Кітаі. Была чэмпіёнкай чатырох краін і ліг і фіналісткай жаночай НБА. Лепшай цэнтравой чэмпіянату свету-2010. Зборная без яе дапамогі наўрад ці выйграла б бронзу чэмпіянату Еўропы ў 2007-м.

Але цяпер яе дом — турма.

Між тым цікава, што ўвогуле будзе з нашай жаночай зборнай — той самай, якой Беларусь так ганарылася доўгія гады. Бо тое самае пісьмо падпісалі яшчэ дзве вядучыя баскетбалісткі каманды — капітан Кацярына Сныціна і форвард Таццяна Ліхтаровіч. Па сутнасці, стрыжань калектыву, без якога зборную нават цяжка ўявіць. Аднак «законы рэвалюцыйнага часу» патрабуюць расправы, і мала сумненняў, што яна ўжо блізка. У панядзелак у Мінспорта чакаецца пераатэстацыя, дзе рашэнне, верагодна, будзе прынята.

І апошняе пра баскетбол — гэтым разам пра мужчынскі. Сярод тых, хто падпісаў адкрыты зварот, ёсць родныя браты Мешчараковы. Старэйшы Ягор карьеру ўжо скончыў, але зараз займае пасаду намесніка старшыні ў федэрацыі. Малодшы Мікіта таксама пры статусе — нападаючы зборнай «3х3». Здаецца, і ў іх прафесійнай будучыні саспяваюць перамены.

Фрыстайл: раскіданае гняздо

Аляксандра Раманоўская. Фота FIS

Аляксандра Раманоўская. Фота FIS

Тут тое ж пытанне, і нават яшчэ больш вострае. Беларускі фрыстайл, як той Купалаўскі тэатр, блізкі да разгрому. Гонар айчыннага спорту — медалі на кожнай Алімпіядзе і чэмпіянатах свету. Увасабленне патрыятызму і чалавечай годнасці — трэнер Мікалай Казека, чэмпіёнка свету Аляксандра Раманоўская, бліскучая пераможца Пхенчхана-2018 Ганна Гуськова, неаднаразовы алімпійскі прызёр Дзмітрый Дашчынскі… Яны супольна выступілі супраць таго, што адбываецца ў краіне, і краіна ўжо ўзнагароджвае іх красамоўнай «атветачкай».

У аўторак стала вядома, што Раманоўская звольнена па артыкуле. Нагода відавочна высмактана з кіруючага пальца. У Аляксандры зафіксавалі прагул — і закрылі вочы на тое, што ў той дзень яна адсутнічала па паважлівай прычыне. Апекавалася бацькам, у якога здарыўся інсульт.

Аднак гэта, як кажуць, вашыя праблемы. А тое, што ў мінулым сезоне Раманоўская выйграла чэмпіянат свету і стала спартсменкай года ў Беларусі, — гэта цяпер проста падрабязнасці карьеры апальнай 24-гадовай фрыстайлісткі.

Сбегліся хмары і над галавой Казекі. Карыфей сусветнага фрыстайла, якому замежныя калегі глядзяць у рот, ловячы кожнае слова, радзіме больш таксама не патрэбны. Яго пакуль бьюць рублём — пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі, патрабуюць вярнуць грошы за 12 месяцаў па нейкім цмяным аддміністрацыйным спагнанні… Ну, і, як прызнаецца сам Мікалай Іванавіч, ужо актыўна шукаюць новага трэнера для зборнай.

Пры гэтам адклікаць свае подпісы Казека і Раманоўская не будуць, і настрой у іх рашучы. У аўторак на прэс-канферэнцыі 70-гадовы патрыярх сусветнага фрыстайлу сказаў прама: «Хіба што пад катаваннямі прымусяць змяніць меркаванне, дый тое, думаю, не атрымаецца».

Пра санкцыі ў адносінах да Гуськовай і Дашчынскага пакуль нічога не чуваць, але пытанне ўжо паўстала: што далей? Казека і выхаванцы яго знакамітага Хогвардсу лёгка могуць здзейсніць папулярны сёння рэлакейт. Замежнікі іх ахвотна запросяць, бо прафесіяналы планетарнага ўзроўню на дарозе не валяюцца. З чым застанецца Беларусь? З дыстыляванай сваёй ідэалогіяй, дзе ўсе маўчаць і баяцца пікнуць?..

Плаванне: рыбка больш не залатая

Яшчэ некалькі год таму дзяржава нарадавацца не магла на Аляксандру Герасіменю. Залатая рыбка беларускага плавання, медалі Алімпіяд, першынств Еўропы і свету… Ідылія захоўвалася роўна да таго часу, калі «рыбка» паплыла супраць плыні. Тут ужо супраць яе пайшлі са шчыльнай кломляй.

Герасіменя кар’еру ўжо скончыла. Пачала трэніраваць юных плыўцоў, уключылася ў праект па падтрымцы дзяцей з аутызмам, займаецца іншай гуманітарнай дзейнасцю. Праўда, на конт трэнерскай працы цяпер цяжка сказаць нешта пэўнае і бадзёрае. У верасні выявілася, што мінская школа, дзе алімпійская прызёрка і яе маленькія выхаванцы карысталіся басейнам, вырашыла не падаўжаць дамову арэнды. Так залатая рыбка засталася без вады.


Аляксандра звязвае гэта з палітыкай. Гаворыць: «У такой сітуацыі мы аказаліся з-за нашай пазіцыі, якая палягае ў тым, што мы не падтрымліваем гвалт і дзеючы рэжым».

Лёгкая атлетыка: двое на выхад

Пра драму імя Вадзіма Дзевятоўскага НЧ ужо падрабязна пісаў. Аднак не толькі гэтым адгукнуцца ў лёгкай атлетыцы нялёгкія паслявыбарныя тыдні. Подпіс пад адкрытым лістом каштаваў працы дваім прадстаўнікам каралевы спорту.

Вымушана звольніўся з дзяржслужбы Андрэй Краўчанка — вядомы мнагаборац, чэмпіён Еўропы і алімпійскі прызёр. Апошнія гады ён мужна змагаўся з траўмамі і, здаецца, даў ім рады, але гамон падкраўся з іншага боку.

Святлана Кудзеліч. Фота: інстаграм.

Святлана Кудзеліч. Фота: інстаграм.

Страціла заробкі і шматразовая чэмпіёнка краіны, сярэбраная прызёрка ЧЕ Святлана Кудзеліч. Пасля дэманстрацыі няправільнай грамадзянскай пазіцыі ёй немагчыма было застацца на працы ў сістэме МНС. У зборнай бягунья пакуль застаецца, аднак, магчыма, гэта таксама часовая з’ява.

Гандбол: выкраслілі цэлую каманду

Беларускім гандболам доўгія гады кіруе Уладзімір Канаплёў, і гэта шмат што тлумачыць адносна тутэйшых парадкаў. Калі коратка, то майстры ручнога мяча на палітычныя тэмы стараюцца не выказвацца. Бо сабе, відаць, даражэй.

Але нават пасярод амаль поўнага штыля знаходзяцца тыя, хто гоніць хвалю. Так, сталічны клуб «Віцязь» па матывах затрымання Алены Леўчанка вырашыў байкатаваць чарговы каляндарны матч і не выйшаў супраць магілёўскага «Машэкі». Што ж, вердыкт федэрацыі не прымусіў сябе чакаць — каманду проста выключылі з ліку ўдзельнікаў чэмпіянату.

Арцём Каралёк. Фота: інстаграм.

Арцём Каралёк. Фота: інстаграм.

Засталося даведацца, ці ёсць ў БФГ метады супраць гандбаліста Арцёма Каралька. Той гуляе за польскі «Кельцэ», у зборнай адзін з лідараў, але ж вось бяда. Дае інтэрв’ю пра падзеі на радзіме, посціць у сацсетках фоткі с БЧБ-сцягам ды яшчэ і падпісвае іх па-варожаму — «Жыве Беларусь!»

Футбол: у Грузію без лідара зборнай

Станіслаў Драгун. Фота: pressball.by

Станіслаў Драгун. Фота: pressball.by

Сыход трэнера Васіля Хамутоўскага з брэсцкага «Дынама» — гісторыя вядомая і ўжо зайграная. Тым больш што падаспеў «свежачок» з лагера зборнай Беларусі.

Нацыянальная каманда заўтра згуляе, бадай, ці не самы важны матч у сваёй гісторыі. У Тбілісі беларусы сыйдуцца з грузінамі ў паўфінале плей-офф чэмпіянату Еўропы. Перамагай — і да выхаду на EURO застанецца зрабіць усяго адзін крок.

Аднак перамагчы будзе складана. У тым ліку таму, што ў Грузію не паляцеў адзін з лідараў зборнай Станіслаў Драгун. Афіцыйная прычына — паўабаронца БАТЭ захварэў на кавід. Праўда, у сюжэце ёсць белыя плямы, якія вымушаюць сумнявацца, што ўсё так проста.

Бо адначасова з Драгуном каронавірус падхапіў і другі барысаўчанін — Ігар Стасевіч. І ён у складзе каманды, рыхтуецца да гульні. Драгун жа застаўся дома — і добра, калі б заставаўся на каранціне. Аднак не: спартыўныя журналісты безпамылкова дазналіся, што Стас трэніруецца на ўсю моц з БАТЭ. І не першы дзень, а ажно з 30 верасня…

Тут ужо і ўзгадаліся, што Драгун — ідэялагічна небездакорны грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Ён і супраць гвалту выступаў, і з белай стужкай на руцэ гуляў, і крытыкаваў федэрацыю, і падтрымаў з дапамогай відэа арыштаваную баскетбалістку Алену Леўчанка… Пазл, мяркуючы па ўсім, склаўся.

Рэхам толькі гучыць пытанне: няўжо апазіцыйныя настроі вядучага футбаліста, на рахунку якога мноства рашаючых галоў і відавочна лідарская роля на полі, каштуюць таго, каб адмовіцца ад яго паслуг у гістарычны вечар? Каму з гэтага стрэла ў нагу стане лягчэй? Камандзе, задача якой значна ўскладніцца? Ці чыноўнікам ад футбола, якія выдатна шчыруюць на ідэалагічнай ніве?

Хакей: хто не з намі, той супраць нас

Аляксандр Румо. Фота: intex-press.by

Аляксандр Румо. Фота: intex-press.by

Хакейныя ідэолагі аб чысціні палітычных поглядаў дбаюць няспынна, таму ў цэлым у лядовай гаспадарцы ўсё спакойна. Вораг не пройдзе, мыш не праскочыць. Але некалькі «адшчапенцаў» ёсць і тут. Самы яскравы прыклад — трэнер Аляксандр Румо.

Яшчэ зусім нядаўна ён узначальваў юнацкую зборную Беларусі, але тое ўжо ў мінулым. Падпісаў зварот спартсменаў — да пабачэння. У інтэрв’ю пасля адстаўкі Румо шчыра распавёў увесь падтэкст. «У мяне была размова са старшынёй федэрацыі, дзе мне растлумачылі пазіцыю ФХБ. Каб працаваць са зборнай, трэнер павінен падтрымліваць дзеючую ўладу».

Як кажуць, ні дабавіць, ні прыбавіць. Палітычная благанадзейнасць — новая прафесійная якасць, якой беларускія атлеты мусяць валодаць бездакорна і няспынна. Інакш — бачыш дзверы, мацай клямку.

Хто наступны?