«Для кіраўніцтва галоўнае — хутчэй пазбавіцца ад нядобранадзейных работнікаў»
Работнікаў РУП «Белэнергасеткапраект» пазбавілі прэмій і звольнілі пасля пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту. Нават дзяржаўны прафсаюз назваў такія захады «беспрэцэдэнтнымі».
Інжынер Уладзімір Садоўскі адпрацаваў у «Белэнергасеткапраекце» тры гады, і за гэты час у яго не было ніводнага спагнання, вымовы ці заўвагі, затое ёсць запісаная ў працоўнай кніжцы падзяка за працу. Але цягам апошняга тыдня кіраўніцва настойліва намякала яму аб звальненні. Прычына — актыўны ўдзел разам з іншымі супрацоўнікамі прадпрыемства ў акцыях пратэсту супраць прэзідэнцкіх вынікаў выбараў і гвалту.
— Прычым гэта (намёкі аб звальненні. — НЧ) адбывалася не наўпрост. Напрыклад, я са сваім начальнікам аддзела ўжо месяц стасаваўся праз загадчыка групы. Ён перадаваў мне сігналы, што лепей звольніцца самому, бо могуць «прышыць» сістэматычнае парушэнне працоўнай дысцыпліны, — распавядае Уладзімір.
Нягледзячы на бездакорную працу, ён аказаўся сярод тых, хто пацярпеў найбольш: Уладзіміра пазбавілі 100% прэмій і стымулюючых выплат за верасень і яшчэ на 12 месяцаў наперад. Такое пакаранне ён атрымаў за два дні ўдзелу ў пратэстах — 17 і 18 жніўня.
А пачалося ўсё з таго, што 12 жніўня больш за сотню супрацўнікаў «Белэнергасеткапраекта» ў час абедзеннага перапынку выйшлі на пратэст супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў у двары свайго прадпрыемства і потым прайшлі па вуліцы Казлова.
Пратэсты супрацоўнікаў «Белэнергасеткапраекта». Фота з сацыяльных сетак
— На наступны дзень да нас прыехалі генеральны дырэктар «Белэнерга» і кіраўнік прафсаюза энергетыкаў. Быў агульны сход, і з залы пачалі задаваць пытанні, ці можам мы на ўзроўні прафсаюза выказаць сваю нязгоду з вынікамі выбараў. Сказалі напісаць ліст, і яго разгледзяць.
Таксама супрацоўнікам сказалі, што, калі яны збіраюцца пратэставаць, хай бяруць адпачынкі за свой кошт і ідуць, куды хочуць, але гэта павінна быць іх прыватнае меркаванне, а не пазіцыя прадпрыемства.
Ліст у прафсаюз энергетыкаў калектыў напісаў і стаў чакаць адказу. Але прыйшла звычайная адпіска.
— Пярвічная ячэйка нашага прафсаюза стала на бок калектыву. Калі большасць прафсаюзаў заткнулі языкі, то наша ячэйка не маўчала, — зазначае Уладзімір Садоўскі.
17 жніўня супрацоўнікі абвясцілі забастоўку з патрабаваннем прызнаць несапраўднымі вынікі выбараў 9 жніўня, правесці новыя выбары з удзелам незалежных назіральнікаў, адстаўку Аляксандра Лукашэнкі, спыніць гвалт і вызваліць усіх палітвязняў, а таксама правесці адкрытыя і незалежныя расследаванні выпадкаў гвалту з боку сілавікоў і фальсіфікацый выбараў 9 жніўня. Спачатку пад заявай аб страйку сабралі 130 подпісаў, потым іх засталося 85.
Напісаўшы заяву, супрацоўнікі «Белэнергасеткапраекта» далучыліся да пратэстаў каля іншых дзяржпрадпрыемстваў — хадзілі падтрымаць працоўных МТЗ, тасама далучаліся да мітынгаў ля БТ і АНТ.
— Але на працу хадзіць працягвалі. На маніфестацыі хадзілі ў раёне абеду, маглі закрануць гадзіну да яго і крыху пасля, — зазначае Уладзімір. — 18 жніўня, калі мы хадзілі да прахадной МТЗ, нам патэлефанавалі і паведамілі, што кіраўніцтва збірае чарговы сход. І на ім пачалі гучаць пагрозы, што гэта — апошняе папярэджанне, і больш ніякіх адгулаў за свой кошт не будзе.
Уладзімір распавядае, што, як сумленныя людзі, сыходзячы і вяртаючыся, супрацоўнікі адбівалі пропускі на прахадной, і ўсё гэта пасля ўвайшло ў матэрыялы, паводле якіх іх пакаралі.
Яшчэ каля тыдня супрацоўнікі «Белэнергасеткапраекта» працягвалі пратэсты ў абедзенны час. Аднойчы да пратэстоўцаў падыйшлі міліцыянты з камерай і папрасілі разыйсціся. Пасля гэтага некалькі самых актыўных удзельнікаў дырэктар прадпрыемства выклікаў да сябе ў кабінет. Ён паведаміў, што яму тэлефанавалі з Першамайскага РУУС і сказалі, што прыедуць на прадпрыемства, каб правесці прафілактычную гутарку.
— Але калектыў запатрабаваў, каб гэтая сустрэча адбывалася не ў фармаце «міліцыянер і 10 супрацоўнікаў», а праходзіла з усімі работнікамі.
Нягледзячы на тое, што падчас сустрэчы з міліцыянтам работнікаў толькі папярэдзілі пра адміністрацыйную адказнасць, пратэставая актыўнасць на прадпрыемстве пасля яе зменшылася.
— З людзей, якія хадзілі на пратэсты ў працоўны час, пачалі збіраць тлумачальныя. Такіх назбіралася 74 чалавекі. 10 чалавек, і я ў тым ліку, адмовіліся іх пісаць. Паралельна начальнікі аддзелаў казалі аб тым, што нам усім зрэжуць 100% прэмій. Але, наадварот, бліжэй да дня заробку сталі казаць, што нам заплацяць па максімуме і выдадуць усе выплаты, якія толькі магчыма. І нават заробак выдалі раней, чым павінны былі, — гаворыць Уладзімір Садоўскі.
Але залагоджванне на гэтым скончылася: на наступным тыдні кіраўніцтва пачало выклікаць па адным самых актыўных пратэстоўцаў і гаварыць пра звальненні, спасылаючыся на патрабаванні зверху.
— Першапачаткова планавалася звольніць такім чынам 12 чалавек. Але ў адказ на гэта наш калектыў напісаў ліст аб тым, што, калі нас звольняць, падпісанты таксама разглядаюць магчымасць звальнення. Гэты ліст падпісала 90 чалавек. І яшчэ адзін ліст напісала кіраўніца прафкама, у ім яна паведаміла пра факты ціску на супрацоўнікаў і папрасіла даслаць для праверкі камісію з прафсаюза работнікаў энергетыкі.
Супрацоўнікі, на якіх ціснулі, ужо напісалі заявы на звальненне. Але дырэктар зноў сабраў сход, на якім паведаміў, што іх могуць адклікаць і працягваць працаваць. Пры гэтым ён пакінуў за сабой права пакараць гэтых 74 чалавекі паводле Працоўнага кодэксу.
— Да 16 верасня з’явіліся загады, паводле якіх 60 чалавек былі пакараныя ў рознай ступені: ад пазбаўлення 30% прэміі за адзін месяц да 100% за месяц + 12 месяцаў без усялякіх стымулюючых выплат. Такой мерай пакаралі мяне і яшчэ аднаго хлопца, — гаворыць Уладзімір.
Гэты загад кіраўніца пярвічнай арганізацыі прафсаюза прадпрыемства накіравала для юрыдычнай ацэнкі ў Беларускі прафсаюз работнікаў энергетыкі, газавай і паліўнай прамысловасці. Адтуль прыйшоў адказ, у якім гаворыцца, што да некаторых работнікаў былі ўжытыя занадта жорсткія меры дысцыплінарнага спагнання разам з мерамі дысцыплінарнага ўздзеяння. У лісце адзначана, што гэта першы паводле жорсткасці прэцэдэнт у гісторыі энергетычнай галіны краіны.
— Была прааналізаваная наша прахадная сістэма — хто колькі «прагуляў». Прагулам лічыцца адсутнасць на працы сумарна ў суткі цягам трох гадзін. А ў мяне нават прагулаў не было: адзін дзень мяне не было 2,5 гадзіны, другі – 2 гадзіны 40 хвілін. Пры гэтым іншы чалавек «прагуляў» у адзін дзень 4 гадзіны, у другі — 3,5, і атрымаў пазбаўленне выплат на 6 месяцаў, — тлумачыць Уладзімір.
Гэты ліст кіраўніцтва прадпрыемства праігнаравала, а кіраўніцу прафсаюза пасля таксама «папрасілі» звольніцца.
— Сітуацыя, калі наймальнік загадвае прафсаюзу — нонсэнс, але ў нашай сістэме гэта норма, — канстатуе Уладзімір Садоўскі.
У выніку з прафсаюза выйшла больш за 40 чалавек.
— .У адным аддзеле людзі вырашылі напісаць заявы на звальненне, як і абяцалі. І гэты аддзел падстанцый — адзін з вядучых, і са стратай такіх спецыялістаў прадпрыемства пацерпіць. Але, здаецца, для кіраўніцтва зараз галоўнае — не выконваць нейкія паказчыкі, а пазбавіцца ад нядобранадзейных работнікаў. І 9 кастрычніка ў гэтых семярых чалавек будзе апошні працоўны дзень. Агулам разам з імі звольнілі 11 чалавек.
Пасля загаду аб пазбаўленні выплат Уладзімір зразумеў, што год на голым акладзе не пратрымаецца, да таго ж у яго сям’я з маленькім дзіцем.
— Але я вырашыў трохі папсаваць ім нервы і прынамсі месяц адпрацаваць «па-італьянску». Аднак ёсць механізмы, пры якіх табе даюць асабістае заданне выканаць пэўны аб’ём прац да пэўнай даты, і калі ты яго не выконваеш, за гэта атрымліваеш вымову. Дзве вымовы — і можна звальняць па артыкуле, — падсумоўвае Уладзімір.
Уладзімір Садоўскі (справа) — фіналіст прэміі «Дэбют» 2017 года. Фота Паўла Аксіновіча
Аб сыходзе з «Белэнергасеткапраекта» ён не шкадуе, да таго ж, кажа, праца там яму ўжо паднадакучыла. Дый працаваць далей з такім кіраўніцтвам суразмоўца не гарэў жаданнем. Адразу пасля сыходу Уладзімір атрымаў некалькі прапаноў працы, і ўжо вызначыўся з новым месцам.
Партал tut.by спрабаваў узяць каментар у дырэктара «Белэнергасеткапраекта» Дзмітрыя Герасімава, але той адмовіўся каментаваць сітуацыю на прадпрыемстве па тэлефоне.