МАК расследуе заявы беларускіх спартсменаў, якія пацярпелі пасля выбараў

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) расследуе заявы беларускіх спартсменаў, якія падвяргаюцца дыскрымінацыі з-за сваіх палітычных поглядаў, заявіў 7 жніўня прэзідэнт МАК Томас Бах.

eg_se0exsaef437_1.jpg


"Мы вельмі занепакоеныя інфармацыяй, якую мы атрымліваем", — сказаў Бах падчас тэлефоннай канферэнцыі напрыканцы пасяджэння Выканаўчага савета органа. Ён сказаў, што МАК ужо вёў перапіску з Нацыянальным камітэтам і цяпер таксама разгледзіць пытанне аб стыпендыях і іншых фондах, якія былі накіраваныя ў Беларусь, і пра тое, ці дасягнулі яны тых асоб, для якіх яны прызначаны.


"Мы чуем, што на самой справе спартсмены кажуць, што іх Нацыянальны алімпійскі камітэт дыскрымінуе іх толькі па палітычных прычынах", — сказаў Бах.
"Недыскрымінацыя — важная каштоўнасць алімпійскага руху. Вось чаму мы так сур'ёзна ставімся да гэтага", — сказаў Бах. "Выканаўчы савет вырашыў, што мы ўзмоцнім нашае расследаванне, каб вызначыць, ці выканаў НАК абавязацельствы ў адпаведнасці з алімпійскай Хартыяй".
"Мы грамадзянская няўрадавая арганізацыя, і наш мандат абмежаваны спортам. Мы не можам змяняць законы, палітычную сістэму або законы суверэннай краіны, — сказаў Бах. — Але мы вельмі сур'ёзна ставімся да нашага мандату, каб гарантаваць, што НАК любой краіны выконваюць алімпійскую Хартыю і каб спартсмены карысталіся правамі ў адпаведнасці з гэтай Хартыяй".
5 кастрычніка свабоднае аб'яднанне спартсменаў Беларусі адправіла ліст у МАК.
У ім яны расказалі аб пацярпелых з-за сваёй пазіцыі спартсменах, а таксама папрасілі Выканаўчы камітэт:
- правесці належнае расследаванне фактаў дыскрымінацыі і гвалту ў дачыненні да спартоўцаў у Беларусі;
- прыняць меры, прадугледжаныя алімпійскай Хартыяй, у дачыненні да НАК Беларусі, у прыватнасці — прыпыніць фінансаванне сяброўства ў НАК Беларусі да нармалізацыі сітуацыі;
- дапамагчы спартоўцам, якія пацярпелі ад незаконных рэпрэсій, удзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах пад эгідай МАК у выпадку, калі яны былі несправядліва адхіленыя ад удзелу ў такіх мерапрыемствах НАК Беларусі.
Подпісы пад дакументам паставіла ініцыятыўная група свабоднага аб'яднання спартсменаў Беларусі: Аляксандр Апейкін, Канстанцін Якаўлеў, Кацярына Сныціна, Яўген Цуркін, Артур Удрыс, Ягор Мешчаракоў, Мікіта Мешчаракоў, Аляксандра Герасіменя, Сцяпан Папоў, Аляксандра Раманоўская, Васіль Хамутоўскі, Андрэй Краўчанка і Іван Ганін.
У дадатку да ліста былі прыведзены 22 выпадкі, калі беларускія спартсмены, трэнеры і функцыянеры пацярпелі з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі.
Паводле sport.tut.by