Шаманы, знахары, «біяэнергетыкі»: да каго ідуць па «дапамогу» беларускія спартсмены?
Міфалагічная свядомасць дагэтуль часта перамагае рацыянальны пачатак — і тады людзі ідуць да бабак «пашаптацца», гадаюць на лёс і шукаюць шаманаў, каб, напрыклад, паўплываць на вынікі футбольнага матчу.
![Ілюстрацыйнае фота «НЧ» Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/_belarus_albuc_daroha_2023_fota_novy_czas__3___2__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
У нядаўнім вялікім відэаінтэрвʼю экс-футбаліст зборнай Беларусі Віталь Кутузаў, акрамя іншага, згадаў пра свой досвед звароту да нетрадыцыйнай медыцыны. Як кажа Кутузаў, пасля наведвання адной мінскай бабулі, якую яму больш падабаецца называць «псіхолагам», у яго аднаўляліся ахілы і галенастопы — проста таму што «яна там нешта начаравала». Гэты эфект, паводле слоў Кутузава, так уразіў яго трэнера ў італьянскім «Бары» Джан Пʼера Вентуру, што той «узяў самалёт і паляцеў з ёй сустрэцца» (Вентура сапраўды наведваў Мінск, але гаварыў, што дзеля знаёмства з беларускім футболам).
У беларускім спорце наогул шмат прыкладаў, калі яго прадстаўнікі замест медыкаў звярталіся да знахароў, нетрадыцыйных лекараў і гэтак далей. «Трыбуна» расказвае такія гісторыі.
Эдуард Малафееў
У 1990-х трэнер таго самага мінскага «Дынама»-1982 працаваў у расійскіх клубах – і здзіўляў каларытным навічком у трэнерскім штабе. Па пасадзе невядомы барадач быў масажыстам, але гаварыў пра «элементы мануальнай тэрапіі», называючы сябе вучнем заснавальніка кірунку ў СССР Мікалая Касьяна. Па пашпарце яго звалі Віктар Жакоўка, але ён прасіў называць яго «раб Божы Ілля». Вядомым на ўсю футбольную Беларусь ён стаў, калі Малафееў узяў яго ў свой штаб і ў зборнай. Жакоўка сцвярджаў, што мог прыбіраць боль накладаннем рук з ранняга дзяцінства, паказваў журналістам выразкі з познесавецкіх газет, дзе яму дзякавалі за зняты тэлефонным званком сардэчны прыступ, і расказваў, што пазнаёміўся з Малафеевым у 1989-м, калі вылечыў яго дачку. Жакоўку называлі і ведзьмаком, і шаманам — а ён адказваў, што сам «атрымаў дабраславенне на радаванне людзей», а Малафееву дапамагае яго ўцаркоўленасць.
Глядзіце таксама
![Завяршэнне кар'еры спартсмена — балючы крок? Куды знікаюць беларускія спартсмены пасля завяршэння кар'еры](/img/v1/images/_belarus_horad_sport_zyccjo_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Гісторыі пра Жакоўку палярныя. Малафееў верыў — і нават нібыта пасылаў «чараваць» супраць зборнай Украіны. Брамнікі таксама дапускалі наяўнасць здольнасцей: Генадзь Туміловіч знаходзіў у асобе масажыста «нешта тагасветнае», Васіль Хамутоўскі бачыў, што Жакоўка размахваў рукамі і як быццам кіраваў мячом, пакуль Валянцін Бялькевіч афармляў фантастычны гол нарвежцам. Аляксандр Глеб і Аляксандр Хацкевіч казалі, што масажыста ў камандзе не ўспрымалі ўсурʼёз. Жакоўка ж прапаноўваў спытаць у Хацкевіча, «хто яму спінку выпрастаў», быццам бы жартаваў, што прадае валасы са сваёй барады, а яшчэ абяцаў журналісту за «не такі» загаловак наслаць псуту на ўсю сямʼю і дадаваў, што з тымі, хто гаворыць пра яго дрэнна, «здараюцца непрыемнасці».
У сухой рэшце зборная Беларусі была бліжэй за ўсё да выхаду на ЧС, але яго не здарылася, пасля чаго Жакоўка пакінуў каманду — і больш у белспорце пра яго не чулі.
Аляксей Шпілеўскі
Цяперашні трэнер кіпрскага «Арыса» калісьці лічыўся вельмі перспектыўным футбалістам: гуляў у структуры «Штутгарта» і за зборную Беларусі U-16, з якой у 2005-м выступаў у фінальным турніры юнацкага «Еўра». Вось толькі незадоўга да турніру Шпілеўскі сурʼёзна пашкодзіў спіну і сам чэмпіянат кантынента яшчэ так-сяк адбегаў на ўколах, а потым ужо не мог. Аляксей спрабаваў вярнуцца на поле некалькі гадоў і гатовы быў звяртацца ўжо да любога метаду, але нетрадыцыйная медыцына таксама не стала паратункам.
— Я тады абʼездзіў, напэўна, усю Еўропу, быў у найлепшых спецыялістаў. Усё выпрабаваў. Да бабак-знахарак ездзіў. Але нічога не дапамагала. Працягваць прафесійна было не варыянт, — прызнаваўся Шпілеўскі, які праз гэта вельмі рана перайшоў у трэнаванне.
Іван Ціхан
Цяперашні прарэжымны кіраўнік БФЛА ў 2008-м быў адным з беларускіх алімпійскіх спадзеваў, але ўпершыню ў тым годзе выступіў на афіцыйных спаборніцтвах усяго за месяц да Гульняў у Пекіне. Пасля турніру ў Гродне расійскі трэнер спартсмена Сяргей Літвінаў расказаў, што галоўная яго радасць — адсутнасць у падапечнага болю ў спіне, які сышоў не дзякуючы медыкам, а праз намаганні нейкага «народнага лекара з-пад Слоніма», да якога Ціхан кожны дзень ездзіў на масаж.
Аднак непасрэдна на Алімпіядзе спіна ў Ціхана зноў забалела — гэтым Літвінаў потым і тлумачыў толькі трэці выніковы вынік малатабойца. І яшчэ раз высока ацаніў ролю згаданага лекара: маўляў, да яго Ціхан беспаспяхова спрабаваў рознае лекаванне і «поўзаў на карачках», а дзякуючы масажным сесіям па пяць гадзін змог кідаць, проста іх спынілі незадоўга да АГ праз адсутнасць часу, а пасля вяртання з Пекіна збіраліся ў абавязковым парадку аднавіць. Дарэчы, гэты масажыст, як і Жакоўка, таксама называў сябе вучнем Касьяна.
Глядзіце таксама
![Расійскія мільярдэры-спонсары вайны і іх беларускія падапечныя Спартсмены, якім не баліць: хто з беларусаў гуляе ў клубах расійскіх спонсараў вайны?](/img/v1/images/slewsr1kjs0.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Эфект ад лячэння ёсць. Лекар сказаў, што дапаможа, яму патрэбны толькі час. Іван будзе лячыцца столькі, колькі спатрэбіцца: паўгода дык паўгода, год — дык год», — дадаваў трэнер. Часу ў Ціхана аказалася багата: неўзабаве яго «забанілі» па абвінавачанні ў допінгу. Пакінуць сабе медаль АГ-2008 і ануляваць дыскваліфікацыю атрымалася праз CAS, але толькі да 2010 года, ну а вярнуўся ў сектар Ціхан наогул толькі ў 2012-м.
Віталь Кутузаў і Юрый Жаўноў
Акрамя гісторыі з пачатку гэтага тэксту ў Кутузава была яшчэ адна: маўляў, тая ж бабуля, яна ж цётка Люба, дапамагла зборнай Беларусі атрымаць перамогу з лікам 1:0 над Францыяй у гасцях у 2010-м. Удзельнічаў у гэтым і кіпер той беларускай каманды Юрый Жаўноў, які да таго таксама звяртаўся да гэтай жа жанчыны і верыў у яе сілу.
— Патэлефанавалі той бабулі [незадоўга да матчу] і спыталі, што зрабіць, каб Францыю абгуляць. Яна сказала: «Няхай Юрка ўстане на кукішкі, а астатнія — накрыюць яго рукамі». Мы ўсё гэта зладзілі на «Стад дэ Франс» — хлопцы з разуменнем паставіліся да нашай просьбы. У выніку ў французаў ні храна не атрымалася, — расказваў Кутузаў.
Аляксандра Герасіменя
На пачатку 2012-га плыўчыха пазнаёмілася з экс-«сілавіком», бізнесменам Сяргеем Касьяненкам, які назваў сябе «біяэнергетыкам». Наступныя некалькі гадоў людзі са штаба зборнай Беларусі чулі пра тое, што нібыта «энергетычна заблакаваныя» на дапамогу Аляксандры, а ў яе самой нібыта «закісліўся арганізм». Герасіменя лічыла, што Касьяненка «валодае звышмагчымасцямі», дзякуючы чаму яна «раскрывала ўнутраны патэнцыял», у тым ліку брала медалі АГ-2012 і АГ-2016. Трэнеры, якія працавалі са спартсменкай, яе калегі па зборнай і нават муж былі негатыўна настроены да такой супрацы, да таго ж, платнай, на што Аляксандра проста адказвала, што «мала каму дадзеная магчымасць зразумець біяэнергетыкаў».
Глядзіце таксама
![Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці не дае справаздачы па фінансах «Дзе грошы, Апейкін?»](/img/v1/images/screenshot_15_logo.jpg.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Сам жа Касьяненка гаварыў, што займаецца «біяэнергетычнай псіхалагічнай працай» і дапамагае «выбудаваць энергетычную абарону», прычым не толькі знакамітай плыўчысе — маўляў, на АГ-2016 у яго выступалі «некалькі кліентаў», для якіх ён «дыстанцыйна выконваў пэўныя абавязкі». Пры гэтым Касьяненка прысутнічаў на АГ-2016 фізічна: у зборнай Расіі па скачках у ваду, куды яго прыцягнуў знаёмы беларускі трэнер. У выніку расійскія скакуны не ўзялі медалёў, а потым расказвалі пра парады палячыцца «загаворанай вадой» і называлі «шаманам».
У 2023-м аказалася, што Герасіменя мае зносіны з Касьяненкам і пасля карʼеры: менавіта яго ўплывам дырэктар «Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці» Аляксандр Апейкін патлумачыў сыход экс-плыўчыхі з арганізацыі. На гэта Герасіменя адказала, што Касьяненка мог бы быць карысным фонду. Зрэшты, гэта толькі вяршыня айсбергу ў канфлікце з БФСС.
Цалкам артыкул пра беларускіх спартсменаў і нетрадыцыйную медыцыну можна пачытаць тут.