Спартсмены, якім не баліць: хто з беларусаў гуляе ў клубах расійскіх спонсараў вайны?

Расійскія алігархі — блізкія сябры і «кашалькі» Пуціна, на чые сродкі ў тым ліку вядзецца вайна супраць Украіны, маюць ва ўласнасці свае спартыўныя клубы і каманды. І ў складзе гэтых клубаў і каманд і сёння гуляюць беларускія спартсмены. «Трыбуна» расказвае падрабязнасці.

Ілюстрацыйнае фота: hockey.by

Ілюстрацыйнае фота: hockey.by

Багатыя людзі ў дыктатурах часта звязаны з дзвюма з'явамі — рэжымам і спортам. Не так даўно ўкраінская Tribuna.com звярнула ўвагу, што тую ці іншую сувязь са спортам маюць 13 з топ-15 доларавых мільярдэраў расійскага спісу «Forbes», апублікаванага ў красавіку 2023-га. Праўда, некаторыя маюць вельмі апасродкаванае дачыненне: напрыклад, лідар спісу Андрэй Мельнічэнка толькі ўваходзіць у Савет калядзяржаўнага Фонду падтрымкі алімпійцаў Расіі (ФПАР). Багацце ўраджэнца Гомеля і яго сям'і ацэньваецца ў 25,2 мільярда долараў.

Аднак ёсць і больш выразныя перасячэнні — а ў некаторых праектах цалкам прарэжымных расійскіх алігархаў удзельнічаюць беларускія спартсмены і трэнеры. Вось пра каго гаворка.

Уладзімір Патанін, 23,7 мільярда долараў

Міністэрскі чыноўнік у СССР і ранняй Расіі, Патанін многія актывы атрымаў дзякуючы «прыхватызацыі». Шмат гадоў прыбыткова супрацоўнічаў з Міхаілам Прохаравым (яшчэ адзін член савета ФПАР, 12-ты ў спісе мільярдэраў з 11,3 млрд долараў). Галоўным актывам Патаніных даўно застаецца кампанія «Нарыльскі нікель» — валодае трацінай акцый і займае пасаду прэзідэнта. У 2020-м буйная ўцечка дызпаліва з ЦЭЦ «Нарнікелю» нанесла велізарную шкоду арктычнай зоне.

Патанін даўно блізкі да кіраўніка расійскага рэжыму Уладзіміра Пуціна і перыядычна праводзіць з ім асабістыя сустрэчы. Пасля пачатку вайны, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, Патанін трапіў у санкцыйныя спісы Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Украіны. Брытанскі ўрад назваў яго «ключавой падтрымкай Крамля», а ўкраінскі наўпрост ускладае на мільярдэра «адказнасць за матэрыяльную падтрымку» вайны.

«Нарыльскі нікель» спансіруе з дзясятак спартыўных арганізацый і федэрацый у Расіі і валодае двума клубамі — аднайменным з міні-футбола і баскетбольным ЦСКА. Апошні 25 кастрычніка разбіў «Мінск» (112:84), а больш за ўсё ачкоў у складзе пераможцаў набраў мінчанін Антон Астапковіч. Гэта сын вядомых беларускіх лёгкаатлетаў, двойчы прызёра АГ у кіданні молата Ігара Астапковіча і прызёркі АГ-2000 у кіданні дыска Ірыны Ятчанка. Астапковіч-малодшы пайшоў у баскетбол і нават трохі выступаў у сістэме «Мінска», але ў 2009-м бацька, які не бачыў перспектыў у Беларусі, адвёз хлопца на прагляд у ЦСКА, дзе Антон затрымаўся на шмат гадоў і прыняў расійскае грамадзянства. Астапковіч-малодшы хацеў дасягнуць асноўнай зборнай Расіі, але прабіўся ў яе толькі ў 2021-м і правёў усяго пяць афіцыйных матчаў.


Глядзіце таксама

З ЦСКА ў 2018-м Астапковіч сышоў у «Ніжні Ноўгарад», але ў 2022-м вярнуўся. За сем матчаў цяперашняга сезону ён мае 6,4 ачка за 18 з невялікім хвілін на пляцоўцы ў сярэднім за гульню.

Леанід Міхельсон, 21,6 млрд долараў

Бацька будучага алігарха працаваў на заводзе трубаправодаў у Самары і некалькі гадоў перад смерцю быў яго дырэктарам. За гэты час сын таксама зрабіў кар'еру ў сферы і «ў спадчыну» прыняў пасаду бацькі незадоўга да распаду СССР, а ў 1991-м ператварыў прадпрыемства ў акцыянернае таварыства «Нова», якое стала яго актывам. Паступова «Нова» занялося здабычай газу і ператварылася ў холдынг «Новатэк» — цяпер Міхельсон кантралюе каля чвэрці яго акцый. Таксама мільярдэр валодае амаль трацінай акцый газаперапрацоўчага і нафтахімічнага холдынга «Сібур», дзе з'яўляецца старшынёй савета дырэктараў.

У бізнес-партнёрах Міхельсона быў, напрыклад, Кірыл Шамалаў, якога лічаць зяцем Пуціна. Ды і сам бізнесмен даўно называецца блізкім да Пуціна, а ў ліпені 2023-га ехаў з ім у адной машыне на агляд аб'екта «Наватэка». Пасля пачатку вайны санкцыі на Міхельсона наклалі Вялікабрытанія, Канада, Аўстралія, Украіна.

У кастрычніку 2021-га «Сібур» аб'яднаўся з татарстанскай групай кампаній «Таіф», у выніку чаго ў холдынг Міхельсона ўвайшлі мясцовыя «Казаньоргсінтэз» і «Ніжнякамскнафтахім». Назвы дзвюх гэтых фірм за спонсарскую падтрымку нанесены на пярэдні бок футболкі «Рубіна», за які гуляюць беларускія футбалісты Аляксандр Мартыновіч і Руслан Лісаковіч.

Аляксей Мардашоў, 20,9 мільярда долараў (з сям'ёй)

Напрыканцы 1980-х Мардашоў стаў эканамістам на Чарапавецкім металургічным камбінаце і заваяваў давер дырэктара прадпрыемства Юрыя Ліпухіна. У 1992-м Мардашову даверылі збыт прадукцыі за мяжу — і ён так добра спраўляўся, што Ліпухін даручыў маладому памочніку і пытанне прыватызацыі камбіната. Але давер быў залішнім: эканаміст не толькі выканаў заданне, але на грошы ад продажаў прадукцыі скупляў выпушчаныя акцыі ААТ «Северсталь». У выніку да канца 1990-х Мардашоў проста выгнаў былога начальніка і стаў усім запраўляць сам. Камбінат застаецца галоўным актывам бізнесмена, а сам ён — старшынёй праўлення «Северсталі».


Глядзіце таксама

Мардашоў падчас «кар'еры» не раз дапамагаў людзям, блізкім да Пуціна, і сустракаўся з ім самім, а летам 2022-га атрымаў ад яго ордэн. Еўрасаюз наклаў на Мардашова санкцыі ў першыя дні вайны: у абгрунтаванні было сказана, што бізнесмен «здабывае выгаду са сваіх сувязей з расійскімі палітыкамі», мае акцыі банка, які «лічаць асабістым для вышэйшых службовых асоб», а таксама праз свае актывы часткова валодае дзяржтэлеканаламі з прапагандай вайны. Таксама санкцыі ў дачыненні да бізнесмена ўвялі ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Аўстраліі, Японіі, Украіне.

Мардашоў у расійскіх спартыўных СМІ называецца ўладальнікам хакейнага клуба «Северсталь», завод — генеральны спонсар каманды. За яе з лагатыпам кампаніі бізнесмена на грудзях гуляюць беларусы: брамнік Канстанцін Шостак (у гэтым сезоне КХЛ правёў 11 матчаў пры 88,14% адбітых кідкоў) і форвард Аляксандр Скарэнаў (20 матчаў, 16 (8+8) ачкоў, найлепшы бамбардзір каманды).

Генадзь Цімчанка, 18,5 мільярдаў долараў

У 1980-х Цімчанка быў сціплым работнікам міністэрства, але адтуль яго накіравалі руліць экспартам прадукцыі нафтаперапрацоўчага завода ў Ленінградскай вобласці. Там Цімчанка пазнаёміўся з Пуціным (як казалі, экспарт курыравалі ў КДБ), потым з'ехаў у Фінляндыю, заснаваў нафтагандлёвую кампанію і на старых сувязях стаў мільянерам. Але ўсё ж росквіт прыйшоўся ўжо на прэзідэнцтва Пуціна: у 2000-х з фірмай Цімчанкі працавалі ўсе нафтавыя кампаніі Расіі. На атрыманыя грошы Генадзь набыў і іншыя актывы — ёсць у яго і акцыі згаданых «Наватэка» і «Сібура».

Цімчанку доўгія гады называюць і добрым сябрам Пуціна, і адным з яго «кашалькоў». ЗША і Канада наклалі на мільярдэра санкцыі яшчэ ў 2014-м, пасля акупацыі Расіяй украінскага Крыма. ЕС далучыўся ў першыя дні вайны ў 2022-м, заявіўшы, што Цімчанка «здабывае выгаду са сваіх сувязей з ключавымі расійскімі палітыкамі». Таксама ўвялі санкцыі Вялікабрытанія, Швейцарыя, Аўстралія, Японія, Украіна.

На пачатку 2010-х Цімчанка з'явіўся ў расійскім хакеі — прыкладна тады ж, калі на канькі з клюшкай стаў Пуцін. З мая 2011-га Цімчанка застаецца прэзідэнтам і старшынёй савета дырэктараў хакейнага СКА з Санкт-Пецярбурга: каманда за гэты час набыла статус «грашовага мяшка», які можа адвесці любога хакеіста ў любога канкурэнта, а ў 2022-м гендырэктар клуба Раман Ратэнберг стаў яшчэ і галоўным трэнерам (належыць да сям'і Ратэнбергаў, сяброўскай Цімчанку і Пуціну, агульны стан ацэньваецца ў мінімум 6,2 млрд долараў). У СКА гуляюць беларускія хакеісты Сцяпан Фалькоўскі (у сезоне КХЛ 6 сустрэч без ачкоў, траўма), Сяргей Сапега (20 матчаў, 3 асісты) і Уладзімір Алістраў (21 сустрэча, 19 (7+12) ачкоў, найлепшы бамбардзір каманды), а яшчэ толькі дэбютаваў з матча без прапушчаных брамнік Павел Майсевіч.


Глядзіце таксама

Таксама Цімчанка з 2012-га займае пасаду старшыні рады дырэктараў КХЛ — гэта значыць пэўным чынам уплывае і на мінскае «Дынама». Калегам Цімчанкі па органе ад белклуба цяпер з'яўляецца сябар Дзмітрыя Баскава і лукашыст Арцём Каркоцкі.

Алішэр Усманаў, 14,4 мільярда долараў

У юнацтве падаваў надзеі ў фехтаванні, але спартсменам не стаў, а з'ехаў з роднага Ташкента вучыцца ў Маскву на дыпламата. Праўда, пасля гэтага вярнуўся дадому. А ў 1980-м атрымаў восем гадоў турмы па фінансавых абвінавачаннях — і нават бацька-пракурор не дапамог (у 2000-м Узбекістан рэабілітаваў Усманава). Адсядзеўшы шэсць гадоў тэрміну, па старых сувязях вярнуўся ў Маскву, дзе заснаваў кааператыў, а пасля развалу СССР змог увайсці ў банкаўскую сферу і ўзначаліў кампанію па спагнанні даўгоў за газ. Так пазнаёміўся з кіраўніком «Газпрама», з дапамогай якога купіў горна-абагачальны камбінат — так і сам узбагаціўся. Зараз у партфель усманаўскай групы USM уваходзяць як металургічныя кампаніі, так і мабільны аператар, і медыя.

Усманаў не раз з'яўляўся побач з Пуціным. З пачаткам вайны ЕС наклаў на Усманава санкцыі, назваўшы яго «пракрамлёўскім алігархам з асабліва цеснымі сувязямі з Пуціным» і «актыўным спонсарам асоб, адказных за дэстабілізацыю Украіны». Таксама абмежаванні ўвялі Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Швейцарыя, Аўстралія, Японія, Украіна.

Усманаў доўга з'яўляецца кіраўніком Міжнароднай федэрацыі фехтавання (з пачаткам вайны паўнамоцтвы прыпынены), якая ў 2023-м адной з першых пагадзілася на допуск расійскіх і беларускіх спартсменаў у нейтральным статусе. Таксама быў алігарх саўладальнікам лонданскага «Арсенала», ну а ў апошнія гады дапамагае расійскаму — проста дае грошы без усялякай аддачы (прычынай бачаць тое, што кіраўнік Тульскай вобласці і аматар клуба Аляксей Дзюмін шмат гадоў працаваў з Пуціным). У камандзе з Тулы цяпер гуляе аўтар беспаспяховага «пакаяльнага інтэрв'ю» Анатоль Макараў.

Ну а «Мегафон» Усманава мае партнёрскі кантракт, сярод іншага, з «Уралам», дзе працуюць беларускія трэнеры Віктар Ганчарэнка і Аляксандр Ермаковіч і гульцы Ягор Філіпенка, Уладзіслаў Малькевіч і Дзяніс Шчарбіцкі.

Віктар Рашнікаў, 10,2 мільярда долараў

Ураджэнец Магнітагорска «падняўся» на мясцовым металургічным камбінаце: за савецкім часам дарос ад слесара да намесніка дырэктара, а ў Расіі падмітусіўся і скупіў акцыі прыватызаванага прадпрыемства. Рашнікаў не распыляецца: аніякіх пакетаў актываў у яго няма, толькі доля камбіната ў амаль 80% і пасада старшыні савета дырэктараў.


Глядзіце таксама

Яшчэ ў 2000-м бізнесмен стаў даверанай асобай Пуціна на выбарах, сам быў дэпутатам абласнога ўзроўню. Неўзабаве пасля пачатку вайны ЕС увёў санкцыі супраць Рашнікава, патлумачыўшы іх працай яго завода ў «сектарах эканомікі, якія забяспечваюць істотную крыніцу даходаў урада РФ». Наклалі абмежаванні таксама Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Швейцарыя, Аўстралія, Японія, Украіна.

Рашнікаў — даўні фанат хакея, і калі ў 1990-х яму прапанавалі стварыць на грошы завода топ-клуб, ён загарэўся ідэяй. Ужо 30 гадоў алігарх — прэзідэнт магнітагорскага «Металурга,» які не раз называў «паўнавартасным падраздзяленнем камбіната» і амаль не прапускаў матчы каманды, якая дзякуючы ўвазе ўплывовага чалавека квітнее. У цяперашнім складзе «магнітагорцаў» гуляюць беларускія хакеісты Уладзіслаў Яроменка (8 матчаў, 1 асіст, траўма) і Даніла Паліўка (19 сустрэч, 1+1).