Русіфікацыя спорту. Беларускія клубы хочуць забраць у РФ?
Расійскія ўлады запусцілі ў «шырокія народныя масы» ідэю аб інтэграцыі ў першынствы РФ беларускіх каманд. Чаму гэтыя заявы не напоўнены аніякім зместам, акрамя прапагандысцкага.
Што адбылося
21 кастрычніка на пашыраным пасяджэнні калегій Міністэрстваў спорту Расіі і Беларусі ў Пярмі кіраўнік расійскага ведамства Алег Матыцын прапанаваў уключыць беларускія каманды ў склад удзельнікаў прафесійных ліг РФ.
Гаворка, паводле слоў расійскага міністра, ідзе пра ўсе камандныя віды спорту. «Пэўны досвед назапашаны, мы вырашым пытанні з нарматыўным забеспячэннем, самае галоўнае — вызначыць, якія каманды ў Беларусі праяўляюць цікавасць», — сказаў Матыцын.
«Гэта стратэгічныя ініцыятывы, якія павінны быць зацверджаны старшынямі ўрадаў [дзвюх краін]. Пасля гэтага яны павінны быць адобраны як адзіны план у рамках Саюзнай дзяржавы. Думаю, што яны ўхваляць. Ёсць вельмі шмат тэхнічных пытанняў, напрыклад, ці трэба аўтаматычна браніраваць месца для беларускай каманды», — дадаў чыноўнік.
Адметна, што пасля гэтых выказванняў расійскае дзяржаўнае агенцтва РІА «Новости» пачало актыўна разганяць тэму, беручы каментары ў прадстаўнікоў спорту як у Расіі, так і ў Беларусі. Лукашэнкаўская БелТА абмежавалася кароткай цытатай Матыцына, а беларускае Мінспорту на сваіх пляцоўках увогуле тэму клубнай кааперацыі з РФ не закранула.
У Пярмі дэлегацыю ўзначальваў міністр Сяргей Кавальчук, яго меркавання наконт прапановы «дарагога расійскага калегі» дагэтуль не прагучала. А прэс-служба ведамства ў тэлеграм-канале суха адзначыла, што на сумеснай калегіі былі абмеркаваны «пытанні ўзаемадзеяння, у тым ліку механізмы ўніфікацыі і гарманізацыі заканадаўства».
Футбол перадусім
Расійскія прапагандысты ў сваіх публікацыях робяць акцэнт на футболе і ўключэнні ў чэмпіянат РФ беларускага клуба. Няцяжка здагадацца, што на ўвазе маецца мінскае «Дынама», якое шмат гадоў выступала ў вышэйшай лізе СССР, а ў 1982 годзе нават стала чэмпіёнам Саюза. Зразумела, што медыя імкнуцца абудзіць у заўзятараў «са стажам» настальгію па тых часах, але якраз тут і выяўляецца, што ўся гэтая рыторыка — казка пра белага бычка.
Менавіта ў футболе аніякай саюзнай інтэграцыі быць і не можа. Бо пры ўсім падабенстве ізаляванасці расійскага і беларускага спорту футбалісты дзвюх краін усё ж існуюць у розных вымярэннях.
Беларускія працягваюць удзельнічаць у міжнародных турнірах. Так, унутры краіны не гуляюць – няма чаго было садзіць у Мінску самалёт з Пратасевічам. Але ў астатнім усё на месцы: зборныя пакутуюць у адборы на чэмпіянат Еўропы, клубы звыкла атрымліваюць кухталёў у еўракубках. Вайна вайной, але УЕФА вырашыла не адхіляць Беларусь ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай.
А вось расійскі футбол адусюль выгналі. Ні клубы, ні зборныя ў міжнародным календары не прысутнічаюць ад лютага 2022-га. Была спроба вярнуць хаця б юнакоў да 17 гадоў — маўляў, гэта ж дзеці, яны не павінны адказваць за дарослых. Не атрымалася. Узнялася хваля пратэсту, і чыноўнікі УЕФА сарамліва адклікалі сваю прапанову.
У дадатак да ўсяго і і федэрацыя расійская — Расійскі футбольны саюз — зараз знаходзіцца амаль у нелегальным становішчы. Пасля анексіі Крыма ў 2014-м, акупацыі часткі Украіны ў 2022-м у Маскве захацелі ўключыць клубы з гэтых тэрыторый у расійскае першынства. Статут УЕФА гэта забараняе, там моцна нахмурыліся і фактычна паставілі ўльтыматум: калі такое рашэнне будзе прынята, то РФС страціць членства ў еўрапейскай асацыяцыі.
Таксама без дазволу УЕФА нельга беспакарана ажыццявіць і прыняцце каманд адной краіны ў афіцыйныя турніры іншай. Можна не сумнявацца, што калі прапанова спадара Матыцына атрымае развіццё, то ў Беларусі атрымаюць выразны сігнал: пойдзе ваша «Дынама» ў Расію, забудзьцеся пра еўракубкі і сваю зборную.
У беларускай футбольнай федэрацыі гэта выдатна разумеюць. І ні ў якую Расію ісці не хочуць. Навошта лезці да суседа ў багну, калі нас яшчэ не цураюцца ў цывілізаванай Еўропе? Толькі таму, што «братэрскі народ»?
За гады майстэрскага выслізгвання з расійскіх абдымкаў Лукашэнка даўно прывучыў сваю наменклатуру: калі РФ можна «кінуць» — яе трэба «кідаць». Так, у большасці сфер і галін Беларусь страціла суб’ектнасць і цяпер пакорліва скача пад крамлёўскую дудку. Але ў спорце прастора для манеўру застаецца, і няма сумневаў, што Мінск ёй скарыстаецца.
Хто дасць грошы?
У іншых камандных відах сітуацыя выглядае не так адназначна. Там русіфікацыя ўжо адбываецца, і для таго не спатрэбілася ніякіх міжурадавых пагадненняў. Хакейнае мінскае «Дынама» гуляе ў КХЛ —дэ-факта адкрытым першынстве Расіі. Баскетбольны «Мінск» (былыя «Цмокі») выступаюць у расійскай лізе ВТБ. У чэмпіянатах РФ удзельнічаюць валейбольныя «Шахцёр» і «Мінчанка».
Спартыўнага плёну з таго — прыкладна як з казла малака.
Ні хакеісты, ні баскетбалісты, ні валейбалісты з валейбалісткамі не маюць поспехаў у Расіі. «Дынама» ў лепшым выпадку трапляе ў плэй-оф КХЛ, адкуль штораз вылятае ў першым жа раўндзе, і галоўная барацьба за чэмпіёнства працягваецца без беларусаў.
Чаму так? Усё відавочна: беларускія рэсурсы — фінансавыя і кадравыя — не параўнальныя з расійскімі. Каб сур’ёзна канкурыраваць у РФ, груба кажучы, патрэбна больш грошай. А дзе іх узяць Лукашэнку, які і так жыве за расійскі рахунак? Папрасіць у Пуціна?
Колькі гадоў таму ў Мінску насіліся з праектам другога хакейнага клуба ў КХЛ, але нічога з таго так і не атрымалася. Таму што банальна няма грошай.
З гэтага гледзішча прапанова Матыцына таксама выглядае прафанацыяй. Адзінае, дзе гэтая ідэя можа спрацаваць, гэта хіба ў гандболе. Расійцы ў гандбол гуляць не ўмеюць, беларусы — наадварот. Тут і традыцыі (мінскі СКА дамінаваў у СССР у 80-я), і неблагая школа, і трэнерскі патэнцыял. Але зноў жа: навошта ўмоўнаму брэсцкаму «Мяшкову» лётаць паміж Пецярбургам і Чалябінскам, калі можна дачакацца вяртання ў Лігу чэмпіёнаў і выступаць на лепшых пляцоўках Еўропы? На два ж франты клуба наўрад ці хопіць.
А ці патрэбна гэта гледачам?
У тым і справа, што заўзятараў інтэграцыя ў РФ таксама не натхняе. На хакейнае «Дынама» яны яшчэ больш-менш ходзяць — і тое, калі вынікі станоўчыя. Баскетбалісты з валейбалістамі аншлагаў, мякка кажучы, не збіраюць.
15 кастрычніка ў Беларусь на таварыскі футбольны матч удалося зацягнуць «Урал» з Екацярынбурга — клуб беларускага трэнера Віктара Ганчарэнкі. Выглядае, што гэта быў тэст на папулярнасць сярод патэнцыйнай аўдыторыі.
Тэст праваліўся — гульню расійцаў са зборнай беларускіх клубаў у Барысаве наведалі смеху вартыя тры з паловай тысячы чалавек. Што толькі пацвердзіла: жаданне гледачоў назіраць расійска-беларускія спаборніцтвы вельмі моцна перабольшанае.
Дрэнная навіна для маскоўскіх (і мінскіх) спартыўных «інтэгратараў»: беларускі заўзятар даўно і трывала арыентаваны не на Усход, а на Захад. Ён ведае, што сапраўдны футбол, гандбол і баскетбол менавіта там — у Еўропе. А ў якіх-небудзь Самары ці Сочы — сурагат, які не заслугоўвае ўвагі. Менавіта таму няма больш папулярнага футбольнага турніра, чым Ліга чэмпіёнаў, на фоне якой расійская прэм'ер-ліга — гэта проста першынства лазні.
Таму расійскі міністр Матыцын можа казаць усё што заўгодна — хоць пра ўсеагульны чэмпіянат Млечнага Шляху па гонках на ружовых поні. Практычнага сэнсу ў яго словах ад гэтага не паболее.