УЕФА спрабуе вярнуць расійцаў у міжнародны футбол. Пакуль атрымліваецца са скандалам
Праз паўтара года пасля пачатку вайны ва Украіне Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) паспрабаваў асцярожна вярнуць у гульню расійскія каманды. Хацелі як лепш, а атрымацца можа так, што давядзецца шкадаваць аб гэтай сутаргаватай праяве realpolitic.
Нагадаем, міжнародная спартыўная супольнасць досыць аператыўна адрэагавала на ўварванне расійскіх войскаў ва Украіну ў лютым мінулага года. Месяца не прайшло, як спартсмены з РФ і Беларусі (як прадстаўнікі дзяржавы-саўдзельніцы) былі адхілены ад спаборніцтваў.
У футболе сітуацыя атрымалася палавінчатай. Расійцам УЕФА забаніў — беларусам дазволілі гуляць далей. Хай і выключна за межамі краіны, як тое прадугледжана яшчэ ранейшымі санкцыямі, накладзенымі за самалёт з Пратасевічам.
Ужо ў тым рашэнні бачылася непаслядоўнасць еўрапейскіх футбольных чыноўнікаў. Футбол стаў ледзьве не адзіным відам спорту, дзе лукашэнкаўскія спартсмены пазбеглі абмежаванняў за агрэсію ва Украіне.
Цяпер у міжнародным спорце адліга. Да вайны прызвычаіліся, ад вайны стаміліся, побач з вайной навучыліся жыць. І вось увесну Міжнародны алімпійскі камітэт агучыў рэкамендацыі вярнуць расійскіх і беларускіх атлетаў у каляндар сусветных спаборніцтваў — у нейтральным статусе і пры выкананні пэўных умоў.
І іх памалу вяртаюць. Праўда, аб гульнявых відах гаворка не ідзе, тут забарона дзейнічае ўсцяж. Ніякага баскетбола, валейбола ці хакея — толькі індывідуальныя дысцыпліны. Але футбол і тут вырашыў выдзеліцца, праявіўшы да расійцаў нечаканую лаяльнасць.
26 верасня УЕФА абвясціў, што расійскія каманды зноў змогуць удзельнічаць у еўрапейскіх турнірах. Але не ўсе. Пастанова зноў палавінчатая: дарослыя футбалісты і футбалісткі застануцца ў ізаляцыі (прычым да той пары, пакуль не скончыцца вайна), а вось юнацкія і дзявочыя зборныя да 17 гадоў атрымалі дазвол гуляць са сваімі аднагодкамі.
УЕФА патлумачыў сваё рашэнне клопатам пра дзяцей, якія «не павінны быць пакараны за дзеянні дарослых». «Забараняючы дзецям удзельнічаць у нашых спаборніцтвах, мы не толькі не прызнаём і не падтрымліваем фундаментальнае права на іх глабальнае развіццё, але і наўпрост дыскрымінуем іх», — сказаў прэзідэнт арганізацыі Аляксандр Чэферын.
І вось тут адразу паўстала пытанне: ці «пракоціць» у чыноўнікаў ідэя рэінтэграцыі расійскіх каманд у міжнародную прастору? Адказу пакуль няма, але сімптаматыка за пару дзён праявілася выразная. І яе ўжо хапае, каб назваць тое, што адбываецца, скандалам.
Першай свой пратэст супраць рашэння выказала Англія. Там заявілі, што РФ па-ранейшаму няма месца сярод цывілізаваных краін, таму англійскія каманды не будуць удзельнічаць у тых турнірах, да якіх дапусцяць расійцаў.
Англійская рэакцыя была настолькі хуткай, што за ёй не паспелі нават украінцы. Яны прадказальна заявілі аб сваім байкоце спаборніцтваў з удзелам прадстаўнікоў пуцінскай Расіі. Гэта звычайныя дзеянні Украіны ў адказ на любое паслабленне санкцый супраць краін-агрэсараў.
Затым да кааліцыі далучыліся яшчэ дзве краіны — Польшча і Латвія. Тут усё зразумела: Варшава і Рыга трывала стаяць на баку Кіева ў вайне супраць Расіі, падтрымліваючы яго на ўсіх напрамках. Нягледзячы на спарадычныя непаразуменні, як было ў тых жа палякаў і ўкраінцаў па пытанні экспарту збожжа.
«Калі зборныя Расіі будуць дапушчаны да ўдзелу ў спаборніцтвах, нашы зборныя не будуць з імі спаборнічаць. Гэта адзінае правільнае рашэнне», — заявіў з гэтай нагоды прэзідэнт Польскага футбольнага саюза Цэзары Кулеша.
На гэтым папаўненне шэрагаў праціўнікаў палітыкі УЕФА не спынілася. Неўзабаве байкот падтрымалі яшчэ тры краіны — Літва, Данія і Швецыя. І гэта набыло дастатковы маштаб, каб сітуацыя выглядала нявызначана.
Ці можа яшчэ нехта падтрымаць рух супраць камбэку расійцаў у міжнародны футбол? Калі за два першыя дні пратэст у духу «мы альбо яны» сабраў сем краін, то што ж будзе далей? Насамрэч, сказаць складана. Магчыма, што байкот абвесціць Эстонія — трэцяя краіна Балтыі. Магчыма, далучыцца Чэхія — яна таксама з тых дзяржаў, для якіх непрымальныя любыя кампрамісы з Масквой. Далей пачынаецца «шэрая зона», але дакладна пратэставаць не будуць Казахстан, Азербайджан, Грузія, Арменія, Сербія, Венгрыя, Турцыя… Не кажучы ўжо пра лукашэнкаўскую Беларусь.
Ва УЕФА ўваходзяць 55 нацыянальных асацыяцый, і натуральна, што гэта вельмі стракатая кампанія. Тут ёсць як гіганты кшталту Англіі, Італіі, Германіі, Іспаніі, так і невялікія Сан-Марына, Ліхтэнштэйн, Андора, Люксембург, Фарэрскія астравы, Гібралтар. Але нават калі «пратэстоўцаў» набярэцца з дзясятак, то ў швейцарскім офісе УЕФА могуць моцна ўсхвалявацца. Па сутнасці, юнацкі футбол у Еўропе акажацца на мяжы расколу. Даючы зялёнае святло расійцам, адміністрацыя Чэферына яўна разлічвала, што футбольная супольнасць прыме гэтае рашэнне памяркоўна, але здарылася непрыемная неспадзяванка.
Імаверна, зараз з раскольнікамі паспрабуюць неяк дамовіцца. Каб яны ўсё ж змянілі пазіціыю, бо любы еўрапейскі футбол без умоўнай зборнай Англіі — непаўнавартасны. І УЕФА не УЕФА без прадстаўнікоў кожнай пятай асацыяцыі.
Ці атрымаецца дамовіцца — вялікае пытанне, але як бы ўсё ні скончылася, галоўнай высновы гэта не зменіць. Хаця да вайны ва Украіне еўрапейцы прызвычаіліся, рэінтэграцыя расійцаў (і беларусаў) у міжнародны кантэкст — справа заўчасная і рызыкоўная. Небяспечная самымі вострымі наступствамі. І не толькі ў спорце.