«Дзе грошы, Апейкін?»
У свабодным беларускім спорце і каля яго выспявае чарговы скандал: кіраўніка Фонда спартыўнай салідарнасці Аляксандра Апейкіна абвінавачваюць у хлусні і непразрыстасці. І замяшаныя тут, канешне ж, грошы.
30 верасня ў свабодным белспорце адзначаюць Дзень спартыўнай салідарнасці — таму што менавіта ў гэтую дату ў 2020-м у мінскім аэрапорце сілавікі Лукашэнкi забралі і кінулі на 15 сутак у нечалавечыя ўмовы на Акрэсціна баскетбалістку Алену Леўчанка. Тады салідарнасць з ёю сапраўды была на найвышэйшым узроўні.
На жаль, праз тры гады «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці», які Леўчанка быў блізкiм, падвяргаецца крытыцы з боку баскетбалісткі і не толькі. Гэта магло здарыцца хаця б у менш сімвалічны дзень — але незадоўга да яго цяпер галоўны чалавек у фондзе Аляксандр Апейкін вырашыў адказаць на прэтэнзіі экс-кіраўніцы арганізацыі Аляксандры Герасімені. Усё павярнулася «наездамі» на самога Апейкіна. «Трыбуна» расказвае, у чым іх сутнасць.
26 верасня «Белсат» апублікаваў відэа з Герасіменяй, у якім яна закранула тэму свайго сыходу з фонду ў 2022-м. Як заявіла экс-плыўчыха, адно з галоўных пытанняў было ў тым, што яна «не бачыла поўнай справаздачы прыходу фінансаў», а калі папрасіла паказаць, ёй было адмоўлена. Таксама былая спартсменка заявіла, што ў лютым 2022-га выказала асабіста Апейкіну жаданне «бачыць вынікі» працы фонду — але ёй зноў было «вельмі некультурна і вельмі груба адмоўлена. А калі чалавеку няма чаго хаваць, ён так не рэагуе». З усяго гэта Герасіменя зрабіла выснову: «Улада і грошы — гэта вялікае выпрабаванне для кожнага чалавека. Ну і, на жаль, Апейкін з ім не справіўся».
Былы гандбольны функцыянер вырашыў адказаць Герасімені, звязаўшыся з «Зеркалом» (тэкст быў выпушчаны 29 верасня). Парталу ён заявіў, што крытыка ад экс-плыўчыхі «беспадстаўная», а асабіста ёй ён проста не давяраў — нібыта з-за ўплыву на яе, на думку Апейкіна, «звычайнага махляра». Так быў названы Сяргей Касьяненка — былы супрацоўнік спецслужб Лукашэнкі, які пазіцыянаваўся як «спецыяліст у галіне біяэнергетыкі». Паводле слоў Апейкіна, яму па патрабаванні Герасімені давялося сустрэцца з Касьяненкам, а той стаў указваць, што з кімсьці трэба перастаць працаваць з-за «чорнай аўры». Такому чалавеку, маўляў, Апейкін ніяк не хацеў падаваць доступ да справаздачнасці — а што Герасіменя яго перадасць па ланцужку, сумневаў не меў.
Пра сувязi Герасімені з Касьяненкам было вядома даўно. Калісьці шмат каму ў асяроддзі спартсменкі здавалася, што гэта не прывядзе ні да чаго добрага.
«З Сашай працуе шаман, і яе трэба ратаваць». Таемны памочнік Герасімені
Але цяпер, калі «Зеркало» папрасіла ў Герасімені пракаментаваць словы Апейкіна, яна адказала, што той проста спрабуе выдумаць апраўданне сваім «праколам і няўдачам», а Касьяненка «не лез у справы БФСС і не хацеў там працаваць». А яшчэ аказалася, што справаздачнасць безвынікова хацела атрымаць ад Апейкіна не толькі Герасіменя.
30 верасня, фактычна ў свой дзень, выказалася Леўчанка: «Калі просіш [у Апейкіна] празрыстасці, то становішся непажаданым. Цябе паліваюць брудам і кажуць, што ты хайпуеш. Нічога новага. А можна без "хайпу" проста тлумачэнне размеркавання сродкаў?». Да гэтага пытання экс-баскетбалістка прымацавала скрын адкрытай справаздачнасці фонду, якую публікуюць дзяржорганы Эстоніі (там зарэгістраваная юрыдычная асоба БФСС). З яго вынікае, што БФСС за 2022-ты выдаткаваў амаль 640 тысяч еўра ахвяраванняў і грантаў — але куды менавіта, не сказана.
Выступіла і яшчэ адна баскетбалістка, якая была калісьці побач з фондам, — Кацярына Сныціна.
«Сёння хацелася б проста адзначаць Дзень спартыўнай салідарнасці, але трэба вам расказаць сваё бачанне.
Я перастала супрацоўнічаць з БФСС ужо шмат месяцаў як, бо страціла ўвесь давер і павагу да гэтай арганізацыі і Апейкіна як кіраўніка ў прыватнасці.
У свой час мы з хлопцамі і дзяўчатамі з SOS BY спрабавалі дабіцца справаздачнасці ад фонду, таму што менавіта нашымі імёнамі карысталіся, калі арганізоўвалі зборы сродкаў. Але ўсё было дарэмна. Аніякіх дакументаў мы так і не ўбачылі. З часам адказы на пытанні "куды размеркаваліся грошы" станавіліся ўсё карацейшымi і грубейшымi.
Спартсмены, якія падтрымлівалі фонд, сышлі праз немагчымасць разумець, куды і на што сыходзяць грошы, а таксама праз адсутнасць элементарнага адэкватнага стаўлення. Без іх у фонду не засталося ініцыятыў ці мерапрыемстваў для беларусаў», — заявіла баскетбалістка.