Спартсмены, трэнеры, журналісты — закладнікі рэжыму

Каля 15 чалавек, датычных да беларускага спорту, сёння ўтрымліваюцца за кратамі. І гэта толькі тыя людзі, пра якіх вядома праваабаронцам.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У 2015 годзе ЮНЭСКА задэкларавала доступ да фізічнай адукацыі як фундаментальнага права кожнага чалавека. Аднак на практыцы людзі за кратамі не проста пазбаўленыя гэтага права: яно аказалася яшчэ адным метадам ціску ўладаў, калі ствараюцца немагчымыя ўмовы для любой, нават мінімальнай фізічнай актыўнасці.

30 верасня — Дзень спартыўнай салідарнасці. Таму сёння «Вясна» падрыхтавала матэрыял пра спартсменаў, трэнераў і людзей са спартыўнай сферы, якія цяпер знаходзяцца за кратамі за сваю пазіцыю.

Пераследуючы спартсменаў, іх таксама пазбаўляюць магчымасці трэніравацца, каб падтрымліваць сябе ў годнай прафесійнай форме, таму яны губляюць свае прафесійныя якасці. Былыя палітвязні падкрэсліваюць, што ім доўга даводзіцца фізічна і псіхалагічна аднаўляцца пасля зняволення, пачынаць засвойваць практыкаванні з нуля. Гэта ўсё прыводзіць да немагчымасці працягваць спартыўную кар’еру нават пасля выхаду з месцаў несвабоды, нават калі людзі правялі там некалькі месяцаў.

СПАРТСМЕНЫ 

Расціслаў Стэфановіч

Архітэктар, гулец каманды па амерыканскім футболе «Мінскія Зубры». У яе складзе стаў срэбным прызёрам ЧУ 2009, 2010, і 2011 гадоў, срэбным прызёрам Eastern Cup, чэмпіёнам УЛАФ 2013, УЛАФ 2016, BSL 2016. Затрыманы 29 верасня 2020 года, яго асудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Расціслаў Стэфановіч. Фота: spring96.org

Расціслаў Стэфановіч. Фота: spring96.org

Адрас для лістоў Расціславу: ПК № 17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8.

Дзяніс Марусевіч

Спартсмен з Брэста, майстар спорту па каратэ, рукапашным баі і армейскім рукапашным баі, быў сябрам нацыянальнай зборнай па каратэ. Быў затрыманы 11 верасня 2020 года і пазбаўлены волі на чатыры гады ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яму 25 гадоў, 19 з якіх ён займаецца спортам, пачынаў з акрабатыкі.

Дзяніс Марусевіч. Фота: spring96.org

Дзяніс Марусевіч. Фота: spring96.org

Адрас для лістоў Дзянісу: ПК № 2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1.

Юрый Церашкевіч

Былы брамнік ФК «Граніт». Згодна з вядомымі заяўкамі на матчы, ён гуляў за клуб у сезоне 2006/2007. Затрыманы 10 студзеня 2022 года і асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

На дадзены момант праваабаронцам невядома, дзе адбывае пакаранне палітвязень.

Андрэй Цыпак

Гандбаліст. Раней гуляў у брэсцкім гандбольным клубе імя Мяшкова. З 2020 па 2021 год працаваў у МТС — і ў гэты час, згодна з версіяй сілавікоў, перадаў даныя некалькіх пракурораў і дзяржаўных службовых асоб у «пратэсную» ініцыятыву. Былы сукамернік Цыпака расказаў праваабаронцам, што падчас затрымання Андрэя моцна збілі. 

Андрэй Цыпак. Фота: spring96.org

Андрэй Цыпак. Фота: spring96.org

Адрас для лістоў Андрэю Цыпаку: СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37.

Аляксандр Шарабайка

Вядомы глыбоцкі бодзібілдзер. Суд прызначыў Аляксандру год і шэсць месяцаў калоніі за «абразу Лукашэнкі». З улікам таго, што Аляксандр некалькі месяцаў утрымліваўся ў СІЗА, яму застаецца адбываць каля васьмі месяцаў зняволення.

Аляксандр Шарабайка. Фота: spring96.org

Аляксандр Шарабайка. Фота: spring96.org

Адрас для лістоў Аляксандру: СІЗА-2. 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2.

ТРЭНЕРЫ

Мікалай Васілевіч

Трэнер-масажыст нацыянальнай каманды па біятлоне, працаваў ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы». Яго асудзілі да 9,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама да штрафу ў 600 базавых велічынь.

Мікалай Васілевіч. Фота: spring96.org

Мікалай Васілевіч. Фота: spring96.org

Адрас для лістоў Мікалаю: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.

Вадзім Чапялевіч 

Дзіцячы трэнер клуба «Дынама-Брэст». Яго асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Мужчына нарадзіўся ў вёсцы Ярэмічы, што недалёка ад Кобрына, у горадзе ён і пачаў займацца футболам. Спачатку быў абаронцам «Кобрына», пасля спрабаваў перайсці ў брэсцкае «Дынама», але атрымаў траўму калена. Пасля гэтага хлопец з адзнакай скончыў факультэт фізічнага выхавання Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта і ўладкаваўся на працу трэнерам у мясцовы Цэнтр алімпійскага рэзерву. Ён працаваў з групай хлопцаў 2009-2010 гадоў нараджэння да самага затрымання: бацькі футбалістаў былі ў захапленні ад яго працы. Трэнер таксама ладзіў дзеткам дадатковыя экскурсіі і іншыя камандныя забаўкі.

Вадзім Чапялевіч. Фота: spring96.org

Вадзім Чапялевіч. Фота: spring96.org

Адрас для лістоў Вадзіму: ПК № 3. 211322, Віцебская вобласць, п. Віцьба.

Павел Аўчароў 

Трэнер, займаўся айкідо і скончыў БДУФК. Затрыманы 8 кастрычніка 2020 года. Асуджаны да 6,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Фігурант крымінальнай справы, распачатай пасля акцыі пратэсту 23 верасня 2020 года, калі ў Мінску прайшла «інаугурацыя» Аляксандра Лукашэнкі. Яго і ягонага сябра Гусэйнава прызналі вінаватымі ў тым, што ў той дзень з 21.00 да 23.00 яны «заклікалі да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія загадзя былі спланаваныя пад выглядам масавых мерапрыемстваў, блакавалі камунікацыі».

Павел Аўчароў. Фота: spring96.org

Павел Аўчароў. Фота: spring96.org

Адрас для лістоў Паўлу: ПК № 9. 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16.

Алег Гаўрылаў

Фітнес-трэнер з Салігорска, асуджаны да дзесяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Затрыманы з асобнікамі «Честной газеты». Яго прызналі вінаватым ў «распальванні варожасці, здзейсненым групай асоб» (ч.3 арт.130 КК), «апаганьванні будынкаў і псаванні маёмасці» (арт. 341 КК). Таксама фігурантаў яго справы абвінавацілі паводле ч.1 арт.361 («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі»), ч.1 арт.361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Алег Гаўрылаў. Фота: spring96.org

Алег Гаўрылаў. Фота: spring96.org

Адрас для лістоў Алегу: ПК № 11. 231900, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118.

Алег Швайко

Футбольны трэнер, якога асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Вядома, што Алег Швайко працаваў з жаночай камандай у футбольным клубе «Мінск» і выказваў актыўную пазіцыю наконт падзей у Беларусі ў 2020 годзе. У канцы 2021-га трэнер пакінуў структуру «Мінска», а ў 2022-м аказаўся на стажыроўцы ў іншай школе. Там ён займаўся з хлопцамі 8-10 гадоў, дапамагаў калегам. У кастрычніку 2022-га Швайко падпісаў кантракт з прыватнай футбольнай школай імя Васілеўскага. У сацсетках мінская арганізацыя прадставіла новага трэнера 20 кастрычніка, літаральна за пару тыдняў да яго затрымання. У зону адказнасці Швайко ўваходзіла праца з камандамі U-9 і U-11.

Алег Швайко. Фота: spring96.org

Алег Швайко. Фота: spring96.org

Адрас для лістоў Алегу: ПК № 2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1.

Аляксей Грыцкевіч

Фітнес-трэнер з Нясвіжчыны, якога асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 

Аляксей Грыцкевіч. Фота: spring96.org

Аляксей Грыцкевіч. Фота: spring96.org

Цяперашняе месцазнаходжанне Аляксея праваабаронцам невядомае.

Сяргей Зайкоўскі 

60-гадовы трэнер па футболе з Бялынічаў. Ён скончыў Магілёўскі педынстытут па спецыяльнасці «Настаўнік фізкультуры». Працаваў у Бялыніцкай школе. У вольны час ён хадзіў з дзецьмі ў паходы з намётамі, займаўся з імі бясплатна, бо ў горадзе не было ДзЮСШ. Выхаваў некалькі знакамітых цяпер спартсменаў.

Сяргей Зайкоўскі. Фота: spring96.org

Сяргей Зайкоўскі. Фота: spring96.org

Адрас для лістоў Сяргею: ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20.

Дзмітрый Белямук

Спартсмен з Брэста, яму прысудзілі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Мужчыну затрымалі ў сярэдзіне лютага 2023 года за каментары.

Адрас для лістоў Дзмітрыю: СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37.

КАЛЯСПАРТЫЎНЫ СВЕТ: ЖУРНАЛІСТЫ І АДВАКАТЫ

Іван Котаў

КМС па паўэрліфтынгу, вёў уласны ютуб-канал «ВлогИКа», дзе расказваў навіны спорту. Захапляецца футболам і валейболам. Таксама ён  экс-вядучы сацсетак «Энергетыка-БДУ». 27 лютага 2023 суд прызначыў Івану тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Іван Котаў. Фота: spring96.org

Іван Котаў. Фота: spring96.org

Адрас для лістоў Івану: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А.

Аляксандр Данілевіч

Спартыўны адвакат, арбітр СAS, затрыманы 20 траўня 2022, пазбаўлены волі на дзесяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.  З 2010 года з'яўляўся намеснікам старшыні Дысцыплінарнай камісіі Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Рэспублікі Беларусь, у 2012 годзе ўключаны ў Апеляцыйны антыдопінгавы савет пры Міністэрстве спорту і турызму. З'яўляўся старшынёй Беларускай федэрацыі рэгбі і сябрам юрыдычнага камітэта міжнароднай асацыяцыі «Рэгбі Еўропа». Прайшоў навуковую стажыроўку ў Цэнтры спартыўнага права Інстытута ім. Т.М.К. Асэра (г. Гаага, Нідэрланды). Данілевіч любіць спорт. Адно з яго захапленняў — веславанне, на якое ён «падсаджваў» усіх знаёмых. Аляксандр мае некалькі каякаў.

Аляксандр Данілевіч. Фота: spring96.org

Аляксандр Данілевіч. Фота: spring96.org

Адрас для лістоў Аляксандру: ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20.

Дзмітрый Сельвяструк

Аўтар Telegram-канала «Серебряный век. Футбол Беларуси» і экс-супрацоўнік «Народнай газеты». Проста цяпер яго судзяць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Акалічнасці справы праваабаронцам невядомыя. Вядома, што Сельвяструк быў затрыманы ў траўні 2023 года.

Дзмітрый Сельвяструк. Фота: spring96.org

Дзмітрый Сельвяструк. Фота: spring96.org

Адрас для лістоў дзмітрыю: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2.