Хронікі рэпрэсій за 29 верасня
Суткі за аплікацыю на тэлефоне, штраф за малюнак сцяга 30-гадовай даўніны і затрыманне за ролік у Цік-Току — такія навіны сённяшняга дня з палёў рэпрэсій.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1051 дзень, Дзяніс — 931.
***
У судзе Рагачоўскага раёна 6 верасня адбыўся працэс над жыхаром аграгарадка Лучын Рагачоўскага раёна. Яго абвінавацілі ў «несанкцыянаваным пікетаванні» (арт. 24.23 КаАП) бел-чырвона-белым сцягам на плоце каля яго дома, піша «Вясна».
На судзе мужчына растлумачыў, што «калі купіў дом і ўладкоўваў яго, то з мэтай упрыгожвання намаляваў на плоце сцяг, які на той момант быў дзяржаўным». Пазней за гэтыя 30 гадоў ён некалькі разоў падфарбоўваў сцяг, апошні раз — каля 5-6 гадоў таму.
У выніку суд прызнаў мужчыну вінаватым і аштрафаваў яго на 740 рублёў (20 базавых велічынь).
***
Праўладны ютуб-канал апублікаваў відэа, у якім сцвярджаецца, што сілавікі атрымалі доступ да ўнутранага чата праваабарончага цэнтра «Вясна». Праваабаронцы адмаўляюць гэта.
У роліку паказваюць два чаты: «Агульны канал» з 9 удзельнікамі і «Маніторынг» з 19 удзельнікамі. У чаты скідалі публікацыі праўладных каналаў з «пакаяльнымі відэа» затрыманых. Па кожным затрыманым удзельнікі запаўнялі анкету, куды ўносілі вядомыя звесткі пра чалавека, прычыну і месца затрымання.
У відэа вядучая кажа, што ўдзельнікі чата вызначалі імя і прозвішча затрыманых з дапамогай тэлеграм-бота «Вока Бога», які шукаў старонкі затрыманых у сацсетках па скрыншотах з ролікаў сілавікоў. Каб перашкаджаць гэтаму, сілавікі размяшчаюць вадзяны знак на тварах затрыманых.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў «Медыязоне», што ведае пра сітуацыю і разбіраецца з дэталямі.
«Аднак можам дакладна сказаць, што ўцечак звестак пра людзей, якія да нас звярталіся, не адбылося. Таксама звяртаем увагу, што на відэа — валанцёрскі чат, а не чат супрацоўнікаў «Вясны» (як гэта сцвярджаецца сілавікамі)», — паведамілі праваабаронцы.
***
У Бабруйску затрымалі мужчыну па імені Міхаіл, цяпер ён знаходзіцца пад вартай. Тэлеканал «Бабруйск 360» зняў з ім «пакаяльнае відэа» і паабяцаў расказаць пра затрыманне «групы экстрэмістаў, якія былі ўдзельнікамі мерапрыемства «Шашлычок». Пра гэта піша «Зеркало».
Мужчыну прымусілі сказаць, што ён у 2020 годзе «трапіў пад уплыў дэструктыўных рэсурсаў, удзельнічаў у акцыях пратэсту, развешваў стужачкі». Пазней ён «даведаўся пра акцыю «Шашлычкі», у якой «вырашыў паўдзельнічаць і пазнаёміцца з астатнімі людзьмі». Ён растлумачыў, што ў акцыі «Шашлычкі» бралі ўдзел «людзі, пратэсна настроеныя».
Сцвярджаецца, што аднойчы ў Міхаіла папрасілі дапамогі для здымкі відэа з імітацыяй ранення. Ён пагадзіўся зрабіць прыладу, як у фільмах пра каскадзёраў. Яна складалася з петарды, дроту для ўзгарання і батарэйкі для актывацыі.
Тэлеканал не агучыў артыкулы, па якіх падазраецца або абвінавачваецца Міхаіл.
***
У судзе Бярэзінскага раёна 11 верасня асудзілі мужчыну паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Паводле матэрыялаў справы, у яго тэлефоне міліцыянты знайшлі аплікацыю «Новости Беларуси — Zerkalo.io».
На судзе ён прызнаў віну і патлумачыў, што набыў тэлефон за месяц да затрымання з ужо ўсталяванай аплікацыяй, але не выдаліў яе, паведамляюць праваабаронцы.
Суд адзначыў, што забароненую інфармацыйную прадукцыю мужчына захоўваў менавіта для распаўсюджання, што пацвярджаецца ў тым ліку тым, што «ён забяспечыў доступ супрацоўніка міліцыі да экстрэмісцкіх матэрыялаў, тым самым распаўсюдзіў гэту прадукцыю».
Вынікам суда стаў 15-сутачны арышт.
***
Вярхоўны суд прыступіў да разгляду пазову супраць апошняй дэмакратычнай партыі «Справядлівы свет», піша «Салідарнасць».
2 чэрвеня партыя падала заяву на перарэгістрацыю без спісу сяброў: гэта было зроблена з мэтай бяспекі. Вярхоўны суд адхіліў і заяву, і скаргу аб адмове ў рэгістрацыі.
У Беларусі засталося толькі чатыры партыі. Усе яны праўладныя.
***
Сілавікі затрымалі 21-гадовага слесара, які надзеў для роліка ў Цік-Току міліцэйскую форму (артыкул 24.28 КаАП), паведамляе тэлеграм-канал «Милиция Минска».
Затрыманы выклаў у акаўнт два фотаздымкі. На першым ён сядзіць у кашулі, на другім — стаіць у міліцэйскай форме. «Сёння кент, заўтра мент», — пазначана на подпісах да фота, піша «Медыязона».
«Пры гэтым публікацыя суправаджалася песняй, якая змяшчае нецэнзурныя выразы», — расказаў намеснік начальніка ўпраўлення па Мінску ГУУБ МУС Міхаіл Шчэрба. Што менавіта за песня была ў Цік-Току — невядома.
Міліцэйскае відэа апублікавалі і ў Цік-Току затрыманага. У сацыяльных сетках акаўнты хлопца падпісаны Кірылам Мураўёвым.
***
Экс-кіраўнік «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук — на свабодзе. Ён адбываў тэрмін у магілёўскай калоніі №15. Паводле інфармацыі «Еўрарадыё», палітвязень цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.
Віктар — прафесійны арнітолаг, каардынатар праграм Франкфурцкай заалагічнай супольнасці і арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Узначальваў апошнюю з 2007 па 2014 год, затым быў яе супрацоўнікам. Яго называюць «адвакатам дзікай прыроды».
Палітвязня прысудзілі да 2,5 гадоў калоніі паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
Паводле матэрыялаў справы, «ён блакіраваў рух транспарту на праезнай частцы і выкрыкваў розныя лозунгі. У ходзе расследавання выяўлена яшчэ пяць аналагічных эпізодаў, учыненых ім».
***
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 34 прозвішчы — цяпер у ім 3358 чалавек.
29 верасня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі 17-гадовага фігуранта справы СБНШ Алега Дабрыднёва, слесара Алега Кардаша, асуджанага за самвыдат «Веснікі» Андрэя Фаміна.
***
Пятую частку сродкаў, сабраных падчас Марафону салідарнасці з палітычнымі вязнямі Беларусі, а гэта больш за €500 тысяч, размеркавалі паміж профільнымі арганізацыямі. Пра гэта «Белсату» паведаміла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова.
На гэты момант сямі арганізацыям пераведзены €104 000 з 574 617, сабраных падчас Марафону салідарнасці.
Грошы размеркавалі наступным чынам:
- Праваабарончая ініцыятыва дапамогі палітзняволеным «Dissidentby» — €13 500;
- Дабрачынны фонд «Краіна для жыцця» — €13 000;
- Дабрачынная арганізацыя «Littouwin Lions Club» — €13 500;
- Фонд дапамогі беларусам у Літве «Razam» — €13 500;
- Беларуская рада культуры — €9 500;
- Ініцыятыва «BY_help» — €27 500;
- Анархічны чорны крыж – Беларусь — €13 500.
***
Як паведамляе ініцыятыва прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПК Вольгі Гарбуновай@klopat_by, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак пра самых вядомых палітзняволеных: Марыю Калеснікаву — 227 дзён, Максіма Знака — 232 дні, Мікалая Статкевіча — 233 дні, Ігара Лосіка — 222 дні, Сяргея Ціханоўскага — 204 дні, Віктара Бабарыку — 155 дзён, Уладзіміра Гундара — 55 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1491 палітычны зняволены. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1726 чалавек. Сярод іх — 193 жанчыны і 8 непаўнагадовых. 18 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.