Кацярына Сныціна — пра каханне да жанчыны, камінг-аўт і прыняцце ў грамадстве

Вядомая беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна нядаўна зрабіла публічны камінг-аўт. У размове з «Радыё Свабода» яна расказвае пра свае стасункі з каханай, пра тое, як адрэагавалі на навіну бацькі, і пра рэакцыю грамадства.

Надзея Бродская і Кацярына Сныціна. Фота: news.zerkalo.io

Надзея Бродская і Кацярына Сныціна. Фота: news.zerkalo.io

«Я разумею, што гэта не ўся Беларусь, але для мяне было істотна, што столькі людзей прынялі мяне»

— Кацярына, чаму вырашылі зрабіць камінг-аўт менавіта цяпер?

— Напэўна, так усё супала. Некалькі месяцаў таму Мікалай Халезін (арт-дырэктар «Свабоднага тэатра». РС) прапанаваў мне паўдзельнічаць у яго шоу «Перетрём с Халезиным». Мы абмяркоўвалі, пра што гаварыць, і менавіта гэтая тэма ўсплывала найчасцей. Мне сапраўды хацелася расказаць людзям пра гэтую частку свайго жыцця. Я не ўяўляю, каб яшчэ тры гады таму расказвала пра гэта так адкрыта ў сацсетках. Тры гады я кантактую з велізарнай колькасцю беларусаў, і заўсёды маю толькі падтрымку і цяпло ад іх. А гэта вялікая частка майго жыцця, і я падумала, а чаму б не цяпер? Мікалай дапамог з гэтым. Нібы вячэра з сябрамі, і мы за сталом абмяркоўвалі нейкія свае моманты, і я вырашыла адкрыта пра гэта гаварыць.

— Я бачыла, як шмат было каментароў са словамі падтрымкі, і практычна не заўважала хейту. Як вам падаецца, ці стала беларускае грамадства больш талерантным за апошнія гады?

— Цяпер трэці дзень (гэтае інтэрв'ю запісвалася 2 кастрычніка.РС), і я дагэтуль не атрымала аніводнага негатыўнага паведамлення. Я спадзявалася, што пазітыў пераважыць негатыў, але каб было зусім па нулях — такога не чакала. Яшчэ ёсць прычына, чаму я зрабіла гэта цяпер, а не да 2020-га ці нават у 2020 годзе. Я пераканана, што мы як грамадства, якое хоча іці ў дэмакратычным кірунку, павінны гэта абмяркоўваць, прымаць, жыць у гэтым ужо цяпер, а не тады, калі вернемся ў «новую Беларусь».

Я атрымала шмат паведамленняў ад людзей з удзячнасцю за тое, што падзялілася з імі гэтым; за тое, што я як публічная асоба сказала пра гэта ўголас. Многія хлопцы і дзяўчаты пісалі, што знаходзяцца ў такой жа сітуацыі, але не маюць такой жа магчымасці ўголас абмеркаваць гэта не толькі ў грамадстве, але і са сваімі сем’ямі. Гэта была суперпадтрымка ад беларусаў, якія знаходзяцца вакол мяне. Я разумею, што гэта не ўся Беларусь, не ўсё наша насельніцтва, але для мяне было вельмі істотна, што столькі людзей прынялі мяне і паслалі сваю любоў і энергію нашай сям’і. Я ўдзячная кожнаму.

— Я шмат гадоў была вядоўцай перадачы «Толькі жанчыны», і ў адным з выпускаў гутарыла з трыма лесбійкамі, і ўсе яны казалі пра тое, што сямʼя спачатку катэгарычна не прыняла іх выбар і гэта было вельмі балюча. Як было ў вас? Ці прынялі ваш выбар вашы бацькі?

— Мне пашанцавала. Людзі мне якраз пісалі пра тое, што калі яны зрабілі камінг-аўт унутры сямʼі, бацькі ад іх адвярнуліся. Мае бацькі ніколі адкрыта гэтага не абмяркоўвалі. Напэўна, яшчэ і таму, што з 17 гадоў я не жыву з імі. Калі я вярталася ў Мінск і нейкі месяц мы праводзілі разам, то асабістых момантаў я не згадвала і не абмяркоўвала. Гэта не было табу, але я шмат інфармацыі ім не давала ніколі.

А тут (у Лондане.РС), калі сустрэла Надзю (Надзея Бродская— выканаўчая дырэктарка «Беларускага свабоднага тэатра». — РС), я зразумела, што хачу бацькам пра гэта расказаць, таму што гэта ўжо больш чым проста нейкія адносіны для мяне. Яна ўжо частка маёй сямʼі. Я расказала бацькам і атрымала словы падтрымкі. Уся мая сямʼя была рада і шчасліва. Цяпер я не дачакаюся, калі мы зможам сабрацца адной вялікай сямʼёй, павячэраць усе разам і проста быць як адна сямʼя за адным сталом.


Глядзіце таксама

— Раскажыце пра вашу Надзю, як вы пазнаёміліся, як развіваліся адносіны?

— Ва ўсім вінаваты Халезін. Крыху перадгісторыі. Я пазнаёмілася з Мікалаем Халезіным і Наталляй Калядой у Вільні ў 2021 годзе. Калі летась я прыехала ў Лондан, я запрасіла іх на сваю гульню. Яны прыйшлі з Надзяй. Пасля гульні такі хаос звычайна. Я бягу на трыбуны, абдымаю сваіх сяброў і бягу назад, на нараду. І пасля гэтай гульні мы нарэшце дамовіліся сустрэцца на вячэры. Коля напісаў: «З намі яшчэ Надзя будзе». — «Супер, выдатна». І з 25 лістапада, з таго вечара, з той вячэры мы ўжо з Надзяй не развітваліся. Як ён тлумачыў, што ён усё ведаў і ўсё разлічыў, бо ведаў і мяне, і Надзю, і зразумеў, што мы падыходзім адна адной.

— Як часта вам даводзілася сутыкацца з гамафобіяй у Беларусі, у спартыўным асяроддзі?

— Мне асабіста не даводзілася. Я чалавек, які стараецца ад сябе негатыў прыбіраць, не звяртаць на яго ўвагі і не знаходзіцца побач з ім. Гамафобіі ў Беларусі ў дачыненні да сябе я не сустракала. Я ведаю, што ёсць такія выпадкі, што людзі розныя. Не ведаю, ці гэта звязана з маёй асобай, ці мне пашанцавала.

«Забараніць чайлдфры? Гэта варʼятня. Нічога новага ад нашай дыктатуры»

— У Беларусі цяпер сфера прыватнага жыцця моцна ідэалагізуецца — толькі адна традыцыйная форма сям’і, нават чайлдфры спрабуюць зрабіць па-за законам, не кажучы ўжо пра жорсткае непрыняцце ЛГБТК-супольнасці. Як вам здаецца, наколькі дыктатура і рэпрэсіі звязаны з такім жорсткім патрыярхальным падыходам?

— Для мяне быць у стасунках з жанчынай — гэта свабода. Я свабодная. Гэта мой выбар; гэта не тое, што мне дыктуюць нейкія правілы, грамадства і гэтак далей. Гэта тое, што выбрала я, што для мяне лепей. Але дыктатуры такі варыянт не падыходзіць. Дыктатура ідзе прамалінейна. Сказалі так — і ўсе павінны быць на адзін капыл. Але так грамадства не развіваецца, бо мы ўсе вельмі розныя. Ёсць унутраная свабода ў людзей ЛГБТК+, якія прынялі тое, якімі яны ёсць, і ідуць у гэтым кірунку. І гэта іх свабода. А дыктатура змагаецца супраць свабоды. Вядома, у іх толькі мужчына і жанчына. Забараніць чайлдфры? Як гэта? Гэта варʼятня. Нічога новага ад нашай дыктатуры.


Глядзіце таксама

— У 2020 годзе, калі сотні тысяч людзей былі на вуліцах, былі і людзі з вясёлкавымі сцягамі. Ці гэта таксама пэўная прыкмета сталасці беларускага грамадства, якое тады было на вуліцах?

— У 2020 годзе мяне не было ў краіне. Я сачыла за ўсімі падзеямі анлайн. Я бачыла гэта на некаторых фотках. Мне пашчасціла пазнаёміцца з Настай Базар, якая была на гэтых маршах з ЛГБТК-сцягам. Гэта свабода. Свабода людзей, якія хочуць прыйсці на марш і быць з тым сцягам, які ў іх з гэтай самай свабодай асацыюецца. Гэта класна.

На жаль, здараюцца моманты. Гэтым летам я пайшла на прайд у Вільні з бел-чырвона-белым сцягам. Беларусы прынеслі велізарны бчб-сцяг, і мы ў калоне прайда ў свабоднай краіне ішлі з нашым сцягам. Мне пісалі: «Навошта ты прынесла бчб-сцяг на прайд, так не трэба». Прычым мне пісалі гэта «свабодныя спартсмены», людзі, з якімі, я лічыла, мы рухаемся, мы хочам, мы бачым новую Беларусь даволі аднолькава. Аказваецца, гэта яшчэ вялікі шлях да таго прыняцця, якога мне б хацелася, каб у нас было ў Беларусі. Прынесці бчб-сцяг на прайд — я не бачу ў гэтым праблемы зусім. Гэта мой выбар. Куды хачу, туды хаджу з тым сцягам, з якім я хачу. Гэта, праўда, праца і доўгі шлях.

«У кожнай камандзе ёсць прадстаўнікі ЛГБТК-супольнасці, проста пра гэта не прынята гаварыць»

— Як шмат беларускіх спартсменак і спартсменаў вымушаны хаваць сваю арыентацыю, якое стаўленне да гэтага ў спартыўных чыноўнікаў? І наколькі сітуацыя адрозніваецца ў еўрапейскіх клубах?

— Я ўсё жыццё гуляла ў Еўропе, у Турцыі. У кожнай камандзе былі пары. Можа быць, не разам, але былі дзяўчаты, якія сустракаліся з дзяўчатамі. Гэта як мінімум 30% гульцоў. У Беларусі гэтая лічба можа быць вышэйшай ці ніжэйшай, не ведаю, бо ў Беларусі не гуляла ў прафесійнай камандзе. Для мяне гэтая лічба адэкватная. 70% грамадства мужчыны і жанчыны, 30% — мужчына і мужчына ці жанчына і жанчына. Мне здаецца, наша краіна не так моцна адрозніваецца, каб гэты працэнт быў нулявы ці 1. У кожнай камандзе ёсць прадстаўнікі ЛГБТК-супольнасці. Гэта не нешта звышнадзвычайнае, гэта звычайная з'ява. Проста пра гэта не прынята гаварыць. Мужчыны больш гэтага саромеюцца і хаваюць гэта ў сваёй камандзе. Я пераканана, што практычна ў кожнай камандзе можна знайсці чалавека такой арыентацыі.

Глядзіце таксама

— А калі вы былі капітанам беларускай жаночай баскетбольнай зборнай, ці таксама такая прапорцыя была? Невідавочная, але, можа, схаваная?

— Ха! Зараз палічу... Жартую. Гэта плюс-мінус. Побач са мной былі дзяўчаты, якія гуляюць у Еўропе, якія бачаць гэтую свабоду. Можа, у самой Беларусі і ў нацыянальнай камандзе гэта не было прынята абмяркоўваць адкрыта. Вядома, ёсць.

— Як змянілася ваша жыццё пасля публічнага прызнання на шоу ў Халезіна?

— Ніяк. Гэта маё першае інтэрв'ю на камеру. У мяне ўжо запланаваны іншыя інтэрв'ю, але так, каб я «прачнулася знакамітай», такога няма. Я ўсё тая ж Каця Сныціна, былы капітан нацыянальнай каманды, беларуска. Усё тое самае. Проста я расказала, падзялілася з вамі часткай свайго асабістага жыцця.

Цалкам інтэрв'ю з Кацярынай Сныцінай можна прачытаць на сайце «Свабоды».