Звольненая трыятланістка пераехала ў Маскву

Майстар спорту, чалец зборнай Беларусі, 21-гадовая Валянцінf Зелянкевіч стала ахвярай пераследу па палітычных матывах. Яна актыўна выказвалася ў сацсетках, удзельнічала ў нядзельных маршах — і, як кажуць, наступствы не прымусілі сябе доўга чакаць.

Фота — інстаграм Валянціны Зелянкевіч

Фота — інстаграм Валянціны Зелянкевіч


Класіка жанру: кім бы ты ні быў, якія б перамогі на міжнароднай арэне ні здабываў, ідэалогія — вось альфа і амега сённяшняга беларускага жыцця. Спорт, вядома, не выключэнне. А твае тытулы і дасягненні — гэта падрабязнасць, якая вырашальнай ролі не мае.

«Ледзьве я выклала пост з маршу, як мне напісаў мой трэнер: “Валянціна, я ж прасіў цябе”, — расказвала Валянціна ў інтэрв’ю «Салідарнасці». — Адразу зразумела, пра што гаворка, таму адказала так: “Выбачайце, не змагла бяздзейнічаць”. “Растлумач тады, чым табе так дарагі гэты сцяг?” — наступнае пытанне ад Талкачова. Я сказала яму, што гэта сцяг незалежнай краіны. І спытала: “А вы самі за каго галасавалі?” “За дзейную ўладу”, — адказаў ён. “Я — не! Могуць жа нашы погляды разыходзіцца?” — спытала я. “Тады разыходзімся і мы”, — адказаў трэнер».

І яны разышліся як у моры караблі. Зелянкевіч страціла працу. Яшчэ колькі гадоў таму гэта азначала б воўчы білет, але часы змяніліся, межы сцерліся, а беларуская салідарнасць набыла вялізарную моц.

Фота — інстаграм Валянціны Зелянкевіч

Фота — інстаграм Валянціны Зелянкевіч


Зразумела, што Валянціна была вымушана пакінуць Беларусь. Дзе-дзе, а тут займацца любімай справай ёй бы не далі. Прынамсі афіцыйна, а інакш цяжка, бо трыятлон — спорт тэхналагічны. Тут не толькі класічны бег, але і плаванне, і веласпорт.

Маладая прыгажуня з’ехала ў Маскву. І, дзякуючы падтрымцы калег-аднадумцаў, паспяхова працаўладкавалася. Нядаўна Зелянкевіч размясціла ў сваіх сацсетках запіс, з якога вынікае, што ў яе жыцці зноў парадак.

Валянціна піша: «Дырэктар РЦАП па веласпорце і старшы трэнер клуба “Tristyle” Талкачоў, які вырашыў звольніць мяне, адлічыць з дзяржаўных арганізацый і забраць у мяне веласіпед, разлічваў, што, пазбавіўшы мяне ўсяго, ён захавае сваю пасаду і аўтарытэт перад сябрамі-чыноўнікамі. Што ж, зычу ўдачы! Сабакі брэшуць — караван ідзе. Сёння я набыла свой уласны ровар — “Argon 18”. І цяпер зноў маю магчымасць трэніравацца ў цэнтры трыятлона ў Маскве і ні ад каго не залежаць! Дзякуй за дапамогу Беларускаму фонду спартыўнай салідарнасці».

Варта сказаць, што пакуль гэта, бадай, адзіны вядомы прыклад спартыўнага рэлакейта. Усё ж сувязь з радзімай, пад сцягам якой атлеты спаборнічаюць ад самага дзяцінства, у спартыўнай супольнасці адчуваюць моцна. Але калі іншага выйсця няма, то што дае гэтая сувязь? Таму можна прагназаваць, што ў бліжэйшай будучыні за мяжу пададуцца і іншыя беларусы, чые таленты аказаліся дома не патрэбныя.

Самая вялікая інтрыга тут на паверхні — фрыстайл і яго лепшыя прадстаўнікі Мікалай Казека і Аляксандра Раманоўская. Пакуль яны ў Мінску — пацярпелыя і дыскрымінаваныя. Але яны — і ў полі зроку Фонду салідарнасці. І цудоўна ведаюць, што ў выпадку чаго, іх не пакінуць у бядзе.