«Жыве Беларусь!» на стадыёне ў Брэсце

У краіне працягваюцца пратэсты, затрыманні і рэпрэсіі, аднак беларускі футбол цягне лямку, засунуўшы галаву ў пясок.

Фота прэс-службы ФК «Іслач»

Фота прэс-службы ФК «Іслач»


26 тураў мінула ў нацыянальным чэмпіянаце, і барацьба за залатыя медалі абвастраецца літаральна на вачах. Гледачы наведваюць матчы і сочаць за зрухамі ў турнірнай табліцы. Хоць якая прадуха ў гэтыя складаныя часы, а зрэдку пераключыць увагу ад галоўных падзей — можа, яно нават і карысна. Тым больш, што заявіць грамадзянскую пазіцыю можна і на стадыёне.

Пазіцыю заявілі ў Брэсце прама пасярод гарадскога дэрбі — «Дынама» супраць «Руху». У нейкі час над стадыёнам разнеслася скандаванне: «Жыве Беларусь!» Даволі гучнае, яно трапіла на відэа і пашырылася ў інтэрнэце. Пра тое, ці будуць праваахоўнікі даследаваць абуральнае здарэнне і ўзбуджаць адміністрацыйную справу па факце выкарыстання дэструктыўных лозунгаў, нічога пакуль не паведамляецца.

Жарты жартамі, але мяжа паміж фантазіяй і рэальнасцю сёлета станчылася крытычна, так што часцяком хочацца сябе ўшчыпнуць. І ў гэтым сэнсе, можа, футбол гэтаму якраз і спрыяе.

Але вернемся да брэсцкага дэрбі і канстатуем, што «старэйшыя» перамаглі. Пабіўшы лынды да перапынку і прайграўшы першы тайм, «Дынама» своечасова абудзілася, ацвярозілася і зразумела, што далей так жыць нельга. У другой палове сустрэчы чэмпіёны згулялі амаль па-чэмпіёнску — і разнеслі землякоў ушчэнт, забіўшы чатыры галы.

Радасць была вялікай. Бо тур увогуле склаўся так, быццам бос «Дынама» Аляксандр Зайцаў вымаліў у футбольных багоў максімальнае дабраславенне. Яшчэ ўчора мы кпілі з брэсцкіх гульцоў і прагназавалі ім хуткае раскаранаванне, а цяпер самы час чухаць патыліцу і дзівіцца, як чароўна тасуецца калода. Усё ад таго, што тры лідары чэмпіянату балы салідарна страцілі. Нібыта згаварыліся, у знак пратэсту ці намякнулі на страйк у бліжэйшым туры.

Аднак зноў — далоў жарты. Гэта было б смешна, каб не было так маркотна прыхільнікам БАТЭ, «Нёмана» і «Шахцёра».

Самае прыкрае здарэнне адбылося з гродзенцамі. Яны гулялі дома са сціплай «Гарадзеяй». Шчасце само плыло ў рукі фаварыта — перамагай і ўладар. Ды дзе там. Нават нічыю не выскраблі нёманцы ў гульні з запісным андэрдогам. Корпаліся-корпаліся ад першай хвіліны да апошняй — на ёй і прапусцілі ад гарадзейскага серба Сайчыча.

За прычынамі такога раптоўнага каматозу далёка хадзіць не трэба. «Нёману» адчувальна не хапае досведу такіх вось рашаючых баёў. Калі ўсё на тоненькага, і кожны матч як апошні. Старажылы памятаюць — гродзенцы ўжо траплялі ў аналагічную пастку. У далёкім 2002-м, калі Ігар Кавалевіч быў яшчэ футбалістам каманды, а не яе трэнерам. Тады «заходнікі» наогул мелі перад БАТЭ перавагу ў сем балаў, ды толькі разгубілі яе на кароткім фінішным адрэзку.

Цяпер і перавагі няма, і сітуацыя вельмі хісткая. Але ж не будзем «Нёман» заўчасна класці ў труну. Магчыма, хлопцы яшчэ збяруцца, возьмуць ногі ў рукі — і хай не за золата, то за серабро-бронзу паспяхова пазмагаюцца. Яшчэ не вечар.

Гродзенцы прайгралі ў суботу, а ў нядзелю ў іх трохі адлягло. Бо канкурэнты таксама, скажам фігуральна, не здолелі захаваць порткі сухімі. Так, супернікі трапіліся моцныя, аднак калі рвешся на Алімп, наракаць на абставіны — справа няўдзячная.

БАТЭ не даў рады «Іслачы», якая ўвосень выглядае малайцом, і нават заглядаецца на п’едэстал. Цікава, што гульня праходзіла на сталічным стадыёне «Трактар», які месціцца непадалёк ад плошчы Ванеева. І акурат у той час, калі барысаўчанін Скавыш забіваў галы, па Партызанскім праспекце рушыў шматтысячны пратэставы марш. Рух транспарту ў тым раёне быў спрэс перакрыты, на аддаленых абочынах ушчыльную — нідзе не прыткнуцца — стаялі легкавікі, і чалавек недасведчаны мог падумаць, што на футболе аншлаг. Але не: футбол той, паводле афіцыйнага пратакола, сабраў усяго 310 гледачоў. Жыццё віравала побач — і цякло ў бок станцыі «Аўтазаводская», напаўняючыся верай у светлую будучыню.

На галы Скавыша «Іслач» знайшла адэкватны адказ, і выніковыя 2:2 — зусім не тое, на што разлічваў Барысаў. Нічога не зробіш — застаецца суцяшацца тым, што першае месца засталося за БАТЭ, і значыць, усё, як быццам, у руках-нагах «жоўта-сіняй» каманды.

Што да «Шахцёра», то ён капітуляваў перад сталічным «Дынама». Абое рабое: мінчане і самі гуляюць цераз пень-калоду, таму і знаходзяцца ў табліцы бліжэй да яе сярэдзіны. Але калі доўга мучыцца, нешта ды атрымаецца. Выйгрыш у Салігорску, дзе ўсё вырашыў адзін галявы ўдар напрыканцы сустрэчы, стаў трэцім запар у дынамаўцаў. Хоць якая, а нагода для стрыманага аптымізму.

«Шахцёру» ж цяпер не да вяселля. Змяніўшы галоўнага трэнера, салігорскі мэнэджмент, здаецца, у разгубленасці. Дзе эфект? Няма эфекту. Другая параза запар, усяго тры балы ў чатырох апошніх гульнях — і не дапамагаюць ні хаатычныя (і нятанныя) трансферы, ні блізкасць чэмпіёнства, якога ў калійным горадзе не бачылі 15 гадоў.

Пры такіх раскладах могуць не ўбачыць і гэтым разам. Бо адна справа — хацець, дый не шкадаваць грошай «Беларуськалія» на запрашэнне дарагіх легіянераў, і другая — паслядоўна, без шараханняў, ісці да вызначанай мэты. Гэтага ў футбольным Салігорску няма — і ці будзе ў бліжэйшай перспектыве?


Чэмпіянат Беларусі

ВЫНІКІ 27-га ТУРА

16.10. СЛУЦК — МІНСК — 2:1 (Ал.Васільеў, 25 — аўтагол, Казлоў, 91+ — Ал.Васільеў, 85, з пенальці). 17.10. ВІЦЕБСК — ЭНЕРГЕТЫК-БДУ (Мінск) — 1:0 (Жуліа Сэзар, 79). НЁМАН (Гродна) — ГАРАДЗЕЯ — 0:1 (Сайчыч, 90). 18.10. СМАЛЯВІЧЫ — ТАРПЕДА-БЕЛАЗ (Жодзіна) — 1:4 (Ложкін, 41 — Велоза, 39, Д. Анцілеўскі, 52, Бардачоў, 64, Габрыэл Рамас, 74). ІСЛАЧ (Мінскі раён) — БАТЭ (Барысаў) — 2:2 (Макась, 19, Кузьмянок, 69 — Скавыш, 20, 51). ШАХЦЁР (Салігорск) — ДЫНАМА (Мінск) — 0:1 (В. Клімовіч, 81). ДЫНАМА (Брэст) — РУХ (Брэст) — 5:2 (Кісляк, 4, Крывец, 56, Лапцеў, 59, Гардзейчук, 69, Пячэнін, 91+ — Нікіфарэнка, 24, В. Васільеў, 29).

СЛАВІЯ — БЕЛШЫНА — перанесены праз каронавірус.

27-мы ТУР. 24.10. Гарадзея — Смалявічы, БАТЭ — Віцебск, Дынама Мн. — Белшына. 25.10. Нёман — Славія, Энергетык-БДУ — Шахцёр, Рух — Іслач. 26.10. Мінск — Дынама Бр., Тарпеда-БелАЗ — Слуцк.