Аўтакефалія адкладаецца
8 ліпеня ў Кіеве адбыўся Сабор Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату УПЦ (МП), ад якога чакалі заявы пра пашырэнне аўтаноміі ад Масквы.
8 ліпеня ў Кіеве адбыўся Сабор Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату УПЦ (МП), ад якога чакалі заявы пра пашырэнне аўтаноміі ад Масквы.
Калі ў чэрвені абвясцілі пра правядзення першага за 19 гадоў Сабору, крытыкі назвалі яго з’ездам КПСС. Прычына ў тым, што праект пастановы мерапрыемства быў апублікаваны яшчэ да яго
правядзення. «Нават у савецкія часы ніхто не публікаваў праекты выніковых дакументаў з’ездаў КПСС, таму што фармальна лічылася, што рашэнні прымае падчас дэмакратычнага
волевыяўлення і партыйнай дыскусіі сам з’езд. Але кіраўніцтва Кіеўскай Мітраполіі вырашыла перасягнуць нават старых партыйных босаў», — пісаў расійскі сайт «Новый
регион».
Сабор, сапраўды, прайшоў у атмасферы, якая нагадвала часы застою. Прысутная хуценька разглядзелі 14 пытанняў: зацвердзілі новыя епархіі, вырашылі звярнуцца да ўраду з просьбай увесці ўрок
хрысціянскай этыкі ў школах і іншыя. Самае вострае пытанне — праект Статуту — адклалі. «Па просьбах працоўных» (перад Кіеўскай Лаўрай стаяў пікет панславістаў)
прынялі рэзалюцыю аб вечнай еднасці з РПЦ.
Такая мірная развязка абсалютна супярэчыла таму, што пісала напярэдадні прэса. Некаторыя чамусьці чакалі ад царкоўнікаў ледзь не абвяшчэння аўтакефаліі УПЦ. У якасці доказу падрыхтоўкі
«аранжавага перавароту» цытавалі некаторыя пасажы ў дакументах Сабору. «Украінская Праваслаўная Царква, — гаворыцца ў праекце саборнай Пастановы, —
з’яўляецца Царквой украінскага народа». Прыняўшы гэта сцвярджэнне, Сабор УПЦ упадзе ў ерась. Ні словам не памінаецца пра паслухмянства Маці — Рускай Праваслаўнай
Царкве», — пісаў той жа расійскі сайт «Новый регион».
Пра намер звесці ўкраінскае праваслаўе падалей ад маскоўскага лона сведчыў таксама лёс Валянціна Лук’яніка. Лук’янік вядомы сваімі радыкальнымі выхадкамі па абароне праваслаўя.
Некалі ён спрабаваў сарваць візіт Папы Рымскага і г.д. Апошняя акцыя Лук’яніка — пікет каля Вярхоўнай Рады — каштаваў яму бойкі з міліцыяй і адлучэння ад царквы за
«палітыку».
Цікава, што шматлікія епархіі на месцах не выкарыстоўваюць словы Маскоўскі Патрыярхат, часта называюць сябе проста епархіямі Украінскай Праваслаўнай Царквы.
На базе вышэй згаданых доказаў была развернутая заўважная грамадская кампанія. Казакі патрабавалі змяніць назву Украінская Праваслаўная Царква на Рускую Праваслаўную Царкву. Паралельна Сабору прайшлі
зборы праваслаўнай грамадскасці, на якіх распавялі, якія жудасныя перспектывы нясе аўтакефалія. «Калі будзе аўтакефалія, то святары будуць заключаць шлюбы гомасэксуалістаў!»
— цытуе «Коммерсант» Ігара Друзя, удзельніка збораў. Кіраўніцтва УПЦ МП закідалі лістамі пратэстаў і скарг супраць магчымай аўтакефаліі.
Больш сур’ёзныя аналітычныя выданні не маглі зразумець, адкуль такая істэрыка. Ніякіх падстаў для абвяшчэння аўтакефаліі РПЦ МП на цяперашні момант не назіраецца. Трывогу аматараў адзінства
РПЦ можна было б зразумець, калі б на двары быў, прыкладам, 2005 год. У той час прэзідэнт Юшчанка сапраўды дазваляў сабе казаць пра неабходнасць стварэння адзінай памеснай праваслаўнай царквы.
Аднак афіцыйная рыторыка змянілася з прыходам на Банкаўскую (вуліца, дзе месціцца рэзідэнцыя прэзідэнта) Віктара Януковіча. Віктар Андрэевіч — заўзяты вернік РПЦ. Пры ім, як пісаў часопіс
«Украіньскі Тиджень», упершыню за час існавання незалежнай Украіны парушыўся баланс цэркваў. Дэманстратыўнае праяўленне сімпатыі да нейкай адной з трох вядучых ва Украіне
хрысціянскіх канфесій лічылася не вельмі этычным для прэзідэнта ўсіх украінцаў. Януковіч парушыў правіла. «Нават калі выказаць ідэю пра тое, што ва УПЦ МП актывізуецца
«аўтакефалісцкая» партыя, якая нарэшце вырашыцца пайсці на разрыў з Рускай праваслаўнай царквой, адным з першых, хто стане перашкаджаць расколу, напэўна будзе ўкраінскі
прэзідэнт», — лічыць кіеўскае выданне «Подробности».
У гэтым плане плёткі вакол магчымай аўтафекаліі можна трактаваць як спробу кампраметацыі тых ці іншых духоўных асобаў. Камусьці, здаецца, вельмі не падабаецца 30-гадовы архібіскуп
Пераяслаў-Хмяльніцкага Аляксандр Драбінко. Менавіта яго прозвішча часцей за ўсё фігуруе ў спісах сяброў аранжавага лобі, якое быццам існуе ўнутры РПЦ-МП. Кажуць, што Драбінко нават напісаў ліст на
імя Канстанцінопальскага патрыярха з просьбай прызнаць украінскую аўтакефалію і хавае яго да зручнага часу.
Другая крыніца чутак пра нейкую аўтакефалію — тэма «палітычнага праваслаўя». Гаворка пра дзейнасць праваслаўных фундаменталістаў, якія традыцыйна блізкія да прарасійскіх і
панславянскіх партый. «П’емонт» палітызаваных праваслаўных — Адэская мітраполія (ёй кіруе мітрапаліт Агафангел), якая вядомая сваімі прамаскоўскімі поглядамі. У
сваю чаргу, Кіеўская мітраполія дэманструе ўмеранасць у поглядах. Кіеўскі мітрапаліт ніколі не дазваляў сабе крытыкаваць пярэдняга прэзідэнта Украіны. Не выступаў супраць асобных украінскіх рэгіёнаў
і палітыкаў, у адрозненне ад Агафангела. Відавочна, што дэпалітызацыі праваслаўя не жадае Масква. Пра гэта сведчыць агрэсіўны тон каментараў у маскоўскай прэсе на тэму мінулага Сабору.
Ёсць яшчэ адна цікавая і адначасова вельмі смелая версія апошніх падзей. Яна звязаная з заўважным пахаладаннем адносін паміж Крамлём і Януковічам, які фактычна заблакаваў усе інтэгрысцкія ініцыятывы
Масквы ў дачыненні Украіны. Як піша выданне «КМ-News»: «Уся справа ў тым, што сёння ўжо, па сутнасці, адбыўся раскол — гэта не царкоўны раскол, а
палітыка-эканамічны адказ Маскве з боку ўкраінскага кіраўніцтва. Пасля таго, як не атрымалася дамовіцца з Расіяй па тым кошце, які быў прымальны для ўкраінскіх алігархаў, каб іх прадукцыя за кошт
зніжэння кошту на газ стала канкурэнтнай на рынках Расіі і Еўропы, быў прыдуманы зваротны ход. З боку часткі падкантрольнага ўкраінскай уладзе кліру праводзіцца палітыка, якая правакуе раскол
праваслаўя».
Як бы ні было, гады мітрапаліта Уладзіміра бяруць сваё (ён 1935 года нараджэння). Хутка пачнецца дыскусія пра яго пераемніка. Таму можна меркаваць, што тэма аўтакефаліі УПЦ МП застанецца
актуальнай.