ААН баіцца новай буйной вайны на Блізкім Усходзе
Чальцы Рады Бяспекі ААН заклікалі да міжнародных намаганняў і ціску на бакі канфлікту, каб не дапусціць яго разрастання ў буйную рэгіянальную вайну на Блізкім Усходзе.
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш раскрытыкаваў удар ізраільскай арміі па Бейруце і забойства лідара радыкальнага ісламісцкага руху ХАМАС Ісмаіла Ханіі ў Тэгеране, паведамляе www.dw.com.
«Атакі на паўднёвую частку Бейрута і ў Тэгеране паказваюць на небяспечную эскалацыю ў той момант, калі ўсе намаганні павінны быць накіраваны на спыненне агню ў Газе і ўсталяванне спакою на ізраільска-ліванскай мяжы», — заявіў яго прадстаўнік Стэфан Дзюжарык у сераду, 31 ліпеня.
Паводле яго слоў, Гутэрыш заклікаў зацікаўленыя бакі «энергічна працаваць над дээскалацыяй у рэгіёне дзеля ўстанаўлення доўгатэрміновага міру і стабільнасці для ўсіх».
Заклікі да дыпламатычных намаганняў
Намеснік пастаяннага прадстаўніка Японіі пры ААН Міцука Сіна заклікала да міжнародных намаганняў для прадухілення буйнога ваеннага канфлікту на Блізкім Усходзе. «Мы асцерагаемся, што рэгіён знаходзіцца на мяжы татальнай вайны», — заявіла яна.
У сваю чаргу, пастаянны прадстаўнік КНР пры ААН Фу Цун лічыць, што няздольнасць дасягнуць спынення агню ў Газе з'яўляецца прычынай абвастрэння напружанасці. Паводле яго слоў, краіны з вялікім уплывам павінны аказваць большы ціск і працаваць больш энергічна, каб патушыць полымя вайны ў Газе.
Пастаянны прадстаўнік Вялікабрытаніі пры ААН Барбара Вудвард заклікала да спакою і стрыманасці, — і паўтарыла заклік да неадкладнага спынення агню ў Газе.
Паводле яе слоў, Ізраіль і ХАМАС павінны зноў пацвердзіць сваю прыхільнасць мірнаму працэсу, які прывядзе да рашэння пра дзе дзяржы з бяспечным Ізраілем і суверэннай Палесцінскай дзяржавай.
«Шлях да міру павінен ляжаць праз дыпламатычныя перамовы. Доўгатэрміновы мір не будзе забяспечаны бомбамі і кулямі», — сказала Вудвард.
Прадстаўнік РФ: Блізкі Усход на мяжы агульнарэгіянальнай вайны
Кітай, Расія, Турцыя і іншыя асудзілі забойства Ханіі, якое прадстаўнік Ірана ў ААН назваў актам тэрарызму. На думку першага намесніка пастаяннага прадстаўніка РФ пры ААН Дзмітрыя Палянскага, гэта забойства «наносіць сур'ёзны ўдар перш за ўсё па пасрэдніцкіх перамовах паміж ХАМАС і Ізраілем, накіраваным на спыненне агню ў Газе». «Заганная практыка кропкавых ліквідацый вядомых палітычных і ваенных дзеячаў ставіць Блізкі Усход на мяжу агульнарэгіянальнай вайны», — адзначыў ён.
ЗША, Вялікабрытанія і Францыя ўзнялі пытанне, што, па іх словах, было падтрымкай Іранам дэстабілізуючых суб'ектаў у рэгіёне. Намеснік пастаяннага прадстаўніка ЗША пры ААН Роберт Вуд заклікаў сябраў Рады бяспекі, якія маюць уплыў на Іран, «узмацніць ціск на яго, каб спыніць эскалацыю яго проксі-канфлікту супраць Ізраіля і іншых суб'ектаў».
Іран і Ізраіль патрабуюць санкцый ААН супраць адзін аднаго
Пастаянны прадстаўнік Ірана пры ААН Амір Саід Іравані заявіў, што Тэгеран паслядоўна выяўляў максімальную стрыманасць, але пакідае за сабой права на рашучы адказ. Ён заклікаў Раду Бяспекі асудзіць Ізраіль і пакараць яго санкцыямі.
Намеснік прадстаўніка Ізраіля ў ААН Джонатан Мілер заклікаў Раду Бяспекі ААН асудзіць Іран за падтрымку рэгіянальнага тэрарызму і ўзмацніць санкцыі ў дачыненні да Тэгерана.
Нагадаем, кіраўнік Палітбюро ХАМАС Ісмаіл Ханія быў забіты рана раніцай у сераду ў Тэгеране. У ХАМАС усклалі адказнасць за гэта на Ізраіль. У Ізраілі не бралі на сябе адказнасць за яго забойства.