Ад нянавісці да любові

Фаварытам прэзідэнцкіх выбараў 2017 года ў Францыі нечакана аказаўся былы экс-прэм’ер Ален Жупэ. Наколькі рэалістычная перамога палітыка, якога 20 гадоў таму большасць французаў літаральна ненавідзела? 



gupe.jpg

Ален Жупэ. Фота www. berita.ru

Як вядома, Нікаля Сарказі — вялікі прыхільнік амерыканскага ладу жыцця. І, хутчэй за ўсё, менавіта былы прэзідэнт прапанаваў аднапартыйцам імпартаваць з-за акіяну такую амерыканскую штуку як праймерыз. Так ці інакш, абіраць кандыдата ў прэзідэнты Францыі ад галістаў на гэты раз было вырашана праз механізм унутрыпартыйных выбараў.

На момант запуску праекта ніхто не сумняваўся, што менавіта партыйны правадыр Нікаля Сарказі стане пераможцам. Аднак за некалькі месяцаў да праймерыз, апытанні сярод галістаў стабільна выдавалі высокі працэнт на карысць Алена Жупэ (37 працэнтаў). У прэсе адразу з’явіліся першыя публікацыі, аўтары якіх агучвалі думку пра тое, што Жупэ здольны пазмагацца за гаспадаранне ў Елісейскім палацы.

Аднак найперш, натуральна, трэба нагадаць, хто ж такі Ален Жупэ. Ён нарадзіўся ў 1945 годзе і зрабіў кар’еру ў палітыцы дзякуючы падтрымцы Жака Шырака, з якім Жупэ працаваў з сярэдзіны 1975 года і быў адказны за фінансы. Цікава, што сам Ален кажа, што браў удзел у студэнцкіх леварадыкальных беспарадках 1968-га, а падчас першага паходу на выбарчы ўчастак галасаваў за трацкістаў.

Апошні раз прозвішча Жупэ актыўна мільгала ў прэсе СНД у сярэдзіне 1990-х гадоў. Тады прэм’ер задумаў радыкальную рэформу сацыяльнай сістэмы, што раз’юшыла прафсаюзы. Прафцэнтры вывелі на вуліцы больш за два мільёны чалавек. Супрацьстаянне доўжылася ўсю восень і зіму 1995–1996 года. Нягледзячы на блакады, страйкі на чыгунцы, пратэсты нават сваіх жа супрацоўнікаў па ўраду, Жюпэ ўпарта гнуў сваю рэфарматарскую лінію. Аднак у 1998 годзе правыя прайгралі выбары, і да ўлады прыйшоў кабінет сацыялістаў.

Пакінуўшы пасаду прэм’ера, палітык не згубіўся. За апошнія дзесяцігоддзі Жупэ паспеў пабываць мэрам Бардо, дзяржаўным міністрам, міністрам па справах навакольнага асяроддзя, дырэктарам Мінабароны і МЗС. Акрамя таго ён рэгулярна выдае кніжкі на філасоўска-палітычныя тэмы, а адна з іх, пра погляды Мантэск’ё, нават вытрымала два выданні. За Жупэ замацаваўся імідж рэфарматара і палітыка з вопытам, што забяспечыла яму павагу ў партыі. Час ад часу гулялі плёткі пра тое, Жупэ што вось-вось вернецца ў вялікую палітыку і, падаецца, зараз гэты час настаў.

Інтарэс публікі да Жупэ перш за ўсё тлумачаць яго блізкім да французскай ідэнтычнасці іміджам, які прэса называе «comestible» (фр.: ядомы). Знешне Ален Жупэ падобны на пазнавальны тып класічнага французскага патрона, які не цураецца простага чалавека. Нават лысінай і хударлявасцю ён чымсьці нагадвае Жыскар д’Эстэна, прэзідэнта, у час кадэнцыі якога сістэма сацыяльнай абароны ў Францыі дасягнула свайго піку. Нікаля Сарказі і Франсуа Аланд у параўнанні з Жупэ выглядаюць тэхнакратамі, якія трымаюць людзей за інструментарый.

Жупэ можна падтрымаць і французская эліта, якая баіцца высокіх рэйтынгаў непрадказальнай Марын Ле Пэн, лідара праварадыкальнага «Нацыянальнага фронту», якая, калі верыць апытанням, хутчэй за ўсё трапіць у другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Дзякуючы камбінацыі часткі лібералаў і часткі сацыялістаў, «ядомы» Жупэ можна стварыць шырокі фронт супраць мадам Ле Пэн.

Якія перашкоды могуць чакаць Жупэ на такім, падавалася, пераможным шляху? Натуральна, у яго хапае шкілетаў у шафе. У 2004 годзе Жупэ быў абвінавачаны ў растраце дзяржаўных сродкаў (гаворка ідзе аб незаконным фінансаванні партыі галістаў за кошт парыжскай казны), адданы пад суду і прысуджаны да ўмоўнага турэмнага зняволення на паўтара года, паразы ў грамадзянскіх правах на 5 гадоў і забароны балатавацца ў выбарныя органы ўлады на 10 гадоў. Але гэтую гісторыю наўрад ці ўзгадаюць. Сярод французаў ходзіць чуткі пра тое, што Жупэ тут не пры чым. За правапарушэнні, інкрымінаваныя Жупэ, павінен несці адказнасць Жак Шырак, які быў кіраўніком сталічнай мэрыі. Аднак паколькі прэзідэнт Францыі, нават былы, лічыцца недатыкальнай асобай, крайнім зрабілі Жупэ. Апошні дзеля захавання аўтарытэту інстытуту прэзідэнцтва пагадзіўся стаць стрэлачнікам.

Значна больш праблемаў для Жупэ можа стварыць экскурс у гісторыю 20-гадовай даўніны, які абавязкова арганізуюць для выбаршчыкаў яго праціўнікі. Яны нагадаюць, як уся працоўная Францыя крытыкавала прэм’ера за яго тагачасны план, які патрабаваў росту коштаў на медычныя паслугі, блакаванне росту сацыяльнай дапамогі для сем’яў у спалучэнні з павелічэннем страхавых унёскаў для пенсіянераў і беспрацоўных, плюс падаўжэнне працоўнага часу для бюджэтнікаў. З-за плану Жупэ папулярнасць ураду за паўгода абрынулася з 60 да 30 працэнтаў. Усё гэта, натуральна, будуць падаваць пад тэзісам пра тое, што менавіта Жупэ стаяў ля вытокаў разбурэння французскай сацыяльнай мадэлі.

Аднак, на думку шмат каго, Жупэ будзе цяжка перамагчы на праймерыз з-за магчымых учынкаў Сарказі, які проста не любіць прайграваць. Калі верыць некаторым выданням, Нікаля Сарказі ўжо пачаў апрацоўку мясцовых партыйных кіраўнікоў наконт таго, як трэба галасаваць на праймерыз. Сам жа Ален Жупэ пакуль асцярожна абыходзіць пытанні наконт удзелу ў кампаніі.