Акупацыя планеты
Глабальны маштаб акцый Occupy, якая пракацілася па свету 15 кастрычніка, прымушае казаць пра новую хвалю моладзевых антыкапіталістычных пратэстаў. Палітолагі і самі ўдзельнікі пратэстаў спрачаюцца наконт перспектываў новага руху. Прапануем агляд сусветнай прэсы.
Глабальны маштаб акцый Occupy, якая пракацілася па свету 15 кастрычніка, прымушае казаць пра новую хвалю моладзевых антыкапіталістычных пратэстаў. Палітолагі і самі ўдзельнікі пратэстаў
спрачаюцца наконт перспектываў новага руху. Прапануем агляд сусветнай прэсы.
Нагадаем, што з 17 верасня група антыглабалістаў і анархістаў пачала праводзіць у Нью-Ёрку акцыю Occupy Wal Street, пратэстуючы супраць дыктату фінансавых карпарацый. Пасля таго, як паліцыя
паспрабавала ачысціць гарадок пратэстуючых, пра іх пачакала казаць прэса, і не толькі амерыканская. Людзі з усяго свету (і не толькі палітычна заангажаваныя) зацікавіліся OWS (англ.: Occupy Wal
Street). Так узнікла ідэя сусветнай акцыі.
Усяго ў акцыях незадаволеных узялі ўдзел людзі ў 82 краінах. Маніфестацыі прайшлі ў 950 гарадах. Самыя вялікія акцыі мелі месца ў ЗША. У выніку маршу ў Нью-Ёрку былі арыштаваныя 22 чалавека, якія
захапілі офіс Citibank. Значна больш арыштаваных было ў Чыкага. Там у выніку паліцэйскага хапуна ў турму трапіла 175 чалавек. У Еўропе самай значнай пляцоўкай для выступаў сталі Рым і Лісабон. У
італьянскай сталіцы справа ўвогуле дайшла да пагромаў дзяржаўных устаноў. Інцыдэнты мелі месца таксама ў Лондане. У ФРГ, дзе да акцыі далучыліся прафсаюзы, на вуліцы выйшла больш за 50 тысяч чалавек.
Геаграфія пратэстаў таксама ўключае Прагу, Брусэль, Карачы, Тайвань, Сідней і г.д. Нават эстонцы, нацыянальнаму менталітэту якіх прыпісваюць пасіўнасць, пайшлі на акцыю. У цэнтры Таліна купка моладзі
пратэставала супраць банкіраў, якія дзяруць з кліентаў па тры скуры.
Самае цікавае, што самі аб’екты крытыкі часта пагаджаліся з пратэстуючымі, якія патрабавалі падпарадкаваць фінансавую сістэму народным інтарэсам. Напрыклад, Джым Флаэрці, міністр фінансаў
Канады, заявіў, што «сучасная падатковая сістэма ў краіне не лепшым спосабам вырашае праблему дыспрапорцыі ў даходах паміж багатымі і беднымі». Ангела Меркель кажа, што
«асабіста разумее людзей, якія захопліваюць плошчы». Вольфган Шойбле, хадзячы сімвал нямецкага кансерватызму, падтрымаў ідэю барацьбы з біржавымі спекулянтамі (з гэтага патрабавання
пачынаўся калісьці рух антыглабалістаў).
Як ні парадаксальна, найбольш крытыкаў на адрас OSW можна сустрэць на старонках левай прэсы. Так, Зігмунт Баўман — адзін з вядучых левых інтэлектуалаў, на старонках іспанскай «El
Pais» кваліфікуе гэты рух як «эмацыйны»: «Эмоцыя можа разбурыць, аднак не здольная нешта пабудаваць. Людзі збіраюцца на плошчах, каб крычаць нейкія лозунгі. Усіх
іх аб’ядноўвае тое, супраць чаго яны выступаюць. Можна даць сто варыянтаў адказаў на адно балючае пытанне, і гэта хутка разбурыць адзінства натоўпу. Эмоцыі (на жаль) — ліквідная
рэч. Выкід калектыўных эмоцый стварае карнавал. У час карнавалу дазволена ўсё, аднак да таго часу, пакуль сам карнавал не закончыўся». На думку Баўмана, прынцып OSW — мець выключна
ананімных лідараў і схільнасць да гарызантальнай мадэлі арганізацыі — мае негатыўны акцэнт. Як мяркуе сацыёлаг, гэта прадукт суперіндывідуалізму, які навязвае людзям сучасная масавая
культура. Праўда, Баўман пагаджаецца, што 15 кастрычніка стала «лабараторыяй новых сацыяльных дзеянняў».
Песімізм у ацэнках будучага руху Occupy лёгка тлумачыцца. Патэтычныя экзерсісы «акупантаў» пра набліжэнне новага свету вельмі нагадваюць лексікон першай генерацыі антыглабалістаў,
якія яшчэ 10 гадоў таму былі ў вялікай модзе. Аднак з часам кураж прайшоў, і рух пайшоў на спад.
Нядзіўна, што адзін нямецкі палітычны каментатар у сваім артыкуле пра будучыню руху 15 кастрычніка цытуе персанажа п’есы Брэхта: «Твая мужнасць добрая толькі тады, калі яна будзе
доўгай. Калі яна кароткая, ідзе лепш ідзі дахаты».
На думку каментатара, чый артыкул друкуе «Tageszeitung», вулічныя маніфестацыі здольныя толькі нешта тэматызаваць, аднак не змяняць стан рэчаў. Ён лічыць, што арганізатары пратэстаў
стаяць перад вялікай дылемай: «Толькі партыі могуць падтрымліваць у доўгатэрміновым фармаце матывы пратэсту, аднак, з іншага боку, існуючыя палітычныя механізмы дазваляюць знішчаць
радыкальную энергію і парыў актывістаў. Так ці інакш, існуе пытанне стабільнага палітычнага прагрэсу. Нашы лозунгі аб эпахальных зменах супярэчаць нашай гатоўнасці змагацца за палітычную большасць.
— І перш за ўсё выдаткоўваць на гэта асабісты вольны час», — піша эксперт. Матэрыял заканчваецца на аптымістычнай ноце. Аўтар прапануе актывістам не цурацца працаваць з
існуючымі левымі і прагрэсіўнымі партыямі.
Ідэя дыялогу таксама абмяркоўваецца па той бок Атлантыкі. Уплывовы сярод левай часткі дэмакратаў часопіс «The Nation» выступае за стварэнне на базе пратэстнага руху нейкай
арганізацыі, падобнай да заснаванага Сарай Пэйлін кансерватыўнага грамадскага руху «Tea Party». Рух «Tea Party», не будучы секцыяй рэспубліканскай партыі, фактычна
выконвае функцыю яе правага крыла, уплывае на ўнутраную дыскусію, стварае імідж лідарам. Чаму б не стварыць нешта падобнае пры партыі дэмакратаў, — задаецца пытаннем выданне. Тым больш, што
сам Абама ў той жа дзень, 15 кастрычніка, заявіў, нібы фрагментарна падтрымлівае лозунгі OWS, гатовы іх рэалізаваць, але з адной папраўкай: «не дэманізуючы людзей, якія працуюць на
Уол-Стрыт».
Аднак, здаецца, самі «акупанты» не гатовыя прыняць ідэю ператварэння ў нейкую структуру пры прагрэсіўнай партыі. Пра гэта сведчыць вопыт Іспаніі, дзе зараз ідзе выбарчая
парламенцкая кампанія. Рух М15 — фактычна папярэднік Occupy, удзельнікі якога ўвесну акупавалі цэнтральныя плошчы сталіцы — мала заўважныя ў гэтай кампаніі.
На форумах амерыканскіх актывістаў Occupy таксама мала жадаючых бегчы запісвацца ў партыю Абамы, на што ёсць сур’ёзныя прычыны. Уол-Стрыт акупавалі людзі, якія тры гады таму галасавалі за
Абаму. Сёння яны расчараваныя, але гэта расчараванне прывяло не да апатыі і дэмабілізацыі, а наадварот штурхае да пратэсту. Абама не можа дазволіць сабе канфрантацыі з пратэстуючымі. Яго сацыяльная
база і так вельмі вузкая. Аднак і выканаць іх патрабаванні ён не зможа. Гэта азначала б карэнны перагляд усёй эканамічнай палітыкі адміністрацыі, разрыў з фінансавым капіталам.
Пакуль, як бачым, рух Occupy ідзем шляхам антыглабалістаў, рызыкуючы ператварыцца ў лявацкую субкультуру. Аднак нельга казаць, што ўсе закончыцца моладзевай тусоўкай. Зеніт руху антыглабалістаў
прыпаў на дакрызісныя часы, калі грамадства не ўспрымала ўсур’ёз радыкальныя сацыяльныя лозунгі. Не кажучы пра тое, што ў антыглабалістаў не было такой моцнай зброі, як сацыяльныя сеткі.
Увогуле, ніводная палітычная сіла ў гісторыі не мела такога сродку мабілізацыі. Таму нешта канкрэтнае лепш не прагназаваць, а дачакацца 29 кастрычніка, калі будзе больш яснасці. Зараз на форумах
акупантаў разгарнулася дыскусія: ці не арганізаваць у гэты дзень чарговую сусветную вылазку.