Амерыканскія кансерватары любяць Пуціна

Прызначэнне Білі Джын Кінг, іконы ЛГБТ-руху, у якасці кіраўніка амерыканскай дэлегацыі ў Сочы падштурхнула амерыканскіх кансерватараў абараняць рэжым Пуціна.



9bbb2aeb02c82a0d132c22d0fdc4d933.jpg

Заўзяты антысаветчык нябожчык Рональд Рэйган пэўна зараз круціцца ў труне: ягоныя ідэйныя паплечнікі з лагеру амерыканскіх ультракансерватараў здрадзілі запаветам. Яны забыліся, што яшчэ 30 гадоў падмуркам кансерватызму была татальная вайна з савецкай «імперыяй зла». Цяпер усё наадварот. Тыя, хто калісьці арганізоўваў маршы супраць савецкай інтэрвенцыі ў Афганістан і Маскоўскай алімпіяды, усё часцей пачынаюць бачыць у былым афіцэры КДБ Уладзіміры Пуціне ледзь не месію. «Яшчэ да алімпіяды ў Сочы Пуцін заваяваў залаты медаль у адстойванні маралі», — піша кансерватыўнае выданне.

Праўда, культ Пуціна ў асяроддзі амерыканскіх правых пачаў складвацца не зараз. Усё пачалося ў мінулым годзе, калі Расія заняла вельмі жорсткую пазіцыю супраць сірыйскіх інсургентаў, якія адназначна сімпатызуюць радыкальнаму ісламу. Ахвярамі акцый фундаменталістаў сталі сірыйскія хрысціяне, што адразу выклікала на старонках кансерватыўнай прэсы дыскусію наконт мэтазгоднасці ідэі паўтарыць у Сірыі «лівійскі сцэнар». Тады пазіцыя Масквы шмат каму спадабалася. Нехта з кансерватараў пісаў: «Гэта ганьба для ЗША, што Расія, а не мы, першай стала на бок Бога ў Сірыі, у той час, як ЗША падтрымлівалі іншы бок. Але, па меншай меры, нам удалося адкруціцца ад вар’яцкай авантуры Джона Кэры».

Цяпер прыліў сімпатый на адрас Масквы зноў у модзе. Прычынай стала рашэнне Барака Абамы прызначыць у якасці кіраўніцы спартовай дэлегацыі ЗША на гульні ў Сочы легенду амерыканскага тэнісу Білі Джын Кінг. Кінг (нарадзілася ў 1943 годзе) — адна з нешматлікіх гульцоў, што выйграла ўсе турніры Вялікага Шлема. Яна з’яўляецца рэкардсменкай па ліку перамог на Уімблдоне (разам з Наўрацілавай). На яе рахунку 20 тытулаў у суме ўсіх намінацый Уімблдона. У 1966, 1967, 1968, 1972 гадах яна была наймацнейшай тэнісісткай свету і абвяшчалася гульцом года.

Аднак Білі Джын праславілася не толькі на тэнісных кортах. Яна стала адным з сімвалаў радыкальнага фемінізму, які нарадзіўся ў Злучаных Штатах на пачатку 1970-х гадоў. Кульмінацыяй яе дзейнасці за роўныя правы жанчын у спорце стаў славуты матч з былой першай ракеткай свету, 55-гадовым Бобі Рыгсам, які дазволіў сабе публічна смяяцца з жаночага тэніса. Матч, пераможцу якога даставалася 100 000 долараў, атрымаў назву «Бітва палоў». У 1973 годзе за гульнёй, што ў прамым эфіры транслявалася з Х’юстана, сачылі 37 мільёнаў тэлегледачоў па ўсім свеце. Кінг у літаральным сэнсе разграміла Рыгса. Менавіта з таго моманту, па меркаванні шматлікіх спецыялістаў, тэніс стаў адным з самых папулярных відаў спорту ў ЗША.

Радыкальныя погляды Білі Джын распаўсюдзіліся і на яе прыватнае жыццё. Спачатку яна развялася з мужам, а пасля ўвогуле стала лесбіянкай. У 1970 годзе Білі Джын пагадзілася на аборт, матывуючы гэта намерам працягнуць сваю прафесійную спартовую кар’еру.

Прыкладна з 1980-х гадоў, пасля канчатковага сыходу са спорту, яна стала неафіцыйным лідарам ЛГБТ-руху ЗША. «Калі б у краіне праводзіўся конкурс Міс Вычварэнка, то Білі Джын Кінг лёгка выйграла б гэты тытул», — сцвярджала адна з ультаправых газет.

У кантэксце ўсяго апісанага трэба было чакаць, што рашэнне Абамы пра камандзіроўку Білі Джын у Расію правым не спадабаецца. «Абама, зрабіўшы Білі Джын Кінг прадстаўніком нашай краіны, паставіў ЗША на бок вычварэнцаў. Цяпер нават распушчанасць Веймарскай рэспублікі выглядае нявіннай у параўнанні з нашай краінай», — не находзіць сабе месца адзін з правых палітыкаў. Ён і яго паплечнікі не маглі прайсці міма таго факту, што галоўным «за» на карысць кандыдатуры на пасаду кіраўніка дэлегацыі ЗША ў Сочы была менавіта Білі Джын як змагара за правы ГЛБТ. Такім чынам ЗША хацелі выказаць пратэст супраць цяперашняй гамафобскай кампаніі ў Расіі.

Але, на думку правых, Абама не абмежаваўся проста прызначэннем Білі Джын. На думку кансерватараў, Абама наўмысна нашпігаваў зборную ЗША гомасэксуалістамі. Быццам, гетэрасэксуалаў у каманду бралі ў апошнім выпадку. Пры гэтым сімпатыі Белага Дома на адрас гомасэксуалістаў супрацьпастаўляюцца забабонам Крамля.

«Чаму нас асабліва абурае той факт, што каманда Расія цалкам гетэрасэксуальная? Чаму нас злуе тое, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін выступае супраць паказнога гомасэксуалізму ў Расіі?» — задаецца пытаннем адзін з правых публіцыстаў. Падтрымка сэксуальнай палітыкі Пуціна хутка перарастае ў сімпатыю да яго палітычнага курсу, і нават да праваслаўнай царквы. На думку некаторых, РПЦ — ледзь не апошні бастыён маральных канонаў, паколькі рускія папы заўсёды маглі катэгарычна казаць «не» нейкім інавацыям, у адрозненне ад ксяндзоў і пастараў. «Рускае хрысціянства, вядома, не ідэальна. Але яно свабоднае ад тых базавых ерасяў, на якія цяпер пакутуе Захад. Перакананні Пуціна адлюстроўваюць такое стаўленне да свету, — пахваліў Пуціна аксакал правай сцэны Пат Бьюкенен. — Пуцін спрабуе аднавіць Праваслаўную Царкву як маральны компас нацыі, які існаваў на працягу 1000 гадоў, перш чым Расія патрапіла ў палон да атэістычнай і паганскай ідэалогіі марксізму».

Можна толькі здагадвацца, чым скончыцца нечаканы прыліў інтарэсу амерыканскіх кансерватараў да Пуціна, яго палітыкі і праваслаўя. Тут, натуральна, шмат будзе залежыць ад глабальных трэндаў у палітыцы ЗША. Калі кансерватары, якія зараз вельмі маргіналізаваліся, змогуць выставіць са сваіх шэрагаў асобу маштабу Рэйгана, яны напэўна перастануць ідэалізаваць Пуціна з-за відавочных супярэчнасцяў паміж ЗША і РФ. У іншым выпадку нас чакае проста фантастычны зігзаг амерыканскай кансерватыўнай думкі, прыхільнікі якой стануць па сутнасці расійскім лобі.

Напрыканцы хацелася б агучыць думку некаторых заходніх СМІ, якія расцэньваюць прызначэнне Білі Джын Кінг не як жорсткую пазіцыю ЗША па праблеме правоў чалавека, а як праяву слабасці. Не будучы здольнай супрацьстаяць новай экспансіі Масквы, Абама намагаецца рэабілітаваць сябе за кошт нейкіх шпілек.