Якой будзе Расія пасля Сочы?

Алімпіяда ў Сочы яшчэ не пачалася, аднак эксперты ўжо актыўна спрачаюцца, наколькі яе вынікі паўплываюць на фізіяномію пуцінскага рэжыму. Адзін з вынікаў сочынскай алімпіяды вядомы ўжо зараз.



79897.jpg

Гульні ў Сочы працягнулі тэндэнцыю, калі алімпіяды праводзяцца перш за ўсё ў палітычных мэтах. Так, напрыклад, зрабіў Пекін у 2008 годзе, каб давесці свае сусветныя амбіцыі. Пуціну Алімпіяда патрэбна з той жа нагоды.

Як адзначае «Les Echos»: «Сочы павінны стаць кульмінацыяй трыумфальнага вяртання Расіі. Прадэманстраваўшы якасць дыпламатыі ў сірыйскім крызісе і пераканаўчасць фінансавых аргументаў на ўкраінскім пытанні, Пуцін можа прыкметна падняцца на Гульнях, якія ён хацеў, як ніхто, і нёс на сваіх плячах ад пачатку да канца. Калі так сапраўды адбудзецца, Пуцін яшчэ больш умацуецца ва ўласнай логіцы і працягне будаваць вакол Масквы копію Савета эканамічнай узаемадапамогі часоў камуністычнага блоку. Яго маштабы, зразумела, будуць значна меншымі, але ён усё роўна можа стаць для Расіі пераканаўчым доказам існавання ў Еўропе альтэрнатывы ЕС, якая будзе абапірацца на расійскую «цывілізацыю» і энергетыку».

Першым, хто адчуе на сабе «пяшчоту» постсочынскай Расіі, будзе, безумоўна, Украіна. «Украіне ўжо цяпер трэба думаць, што рабіць: пасля Сочы ў іх не будзе часу, — піша вашынгтонскі палітолаг Поль Гобл у сваім блогу «Windows of Eurasia», — Мы не ведаем, якія былі б сённяшнія дзеянні Расіі ва Украіне, калі б не было такіх важных для Пуціна гульняў у Сочы. Ходзяць чуткі нават аб магчымасці ваеннай інтэрвенцыі і новым газавым канфлікце».

Актывізацыю знешняй палітыкі Расіі па перыметры СНД трэба чакаць і з улікам так званага «посталімпійскага сіндрому». Так называюць дэпрэсію, якую звычайна перажываюць эканомікі краін, якія для арганізацыі прэстыжных спартовых мерапрыемстваў ішлі на вялікія выдаткі.

Пра гэта піша «The Financial Times». Брытанскае выданне сцвярджае: «Існуе цэлы спіс краін, якія спачатку сталі гаспадарамі прэстыжных спартыўных мерапрыемстваў, а пазней перажылі эканамічны заняпад — напрыклад Грэцыя і Паўднёвая Афрыка. Паводле экспертных ацэнак, на падрыхтоўку да сочынскай Алімпіяды Масква выдаткавала больш за 50 мільярдаў долараў. Расплата па гэтых даўгах пасля Алімпіяды можа балюча ўдарыць па расійскай эканоміцы. У гэтай сітуацыі зімовыя Гульні ў Сочы, якія з’яўляюцца дэманстрацыйнай вітрынай рэжыму Уладзіміра Пуціна, здольныя пагоршыць эканамічную сітуацыю і ў будучыні істотна аслабіць пазіцыі расійскага лідара».

Ліберальная «Новая газета» лічыць, што выкліканыя алімпіядай негатыўныя працэсы ў эканоміцы ў выніку могуць пахаваць усю сістэму: «Пры захаванні цяперашніх трэндаў і людзей ва ўладзе зімовая Алімпіяда–2014 у Сочы рызыкуе апынуцца прыкладна тым жа, чым была летняя Алімпіяда–1980 у Маскве для СССР. Тады да распаду краіны, якая праводзіла не менш пафасныя Гульні, заставалася 11 гадоў».

Калі гутарка ідзе пра постсочынскі ўнутрыпалітычны курс Пуціна, то тут палітычныя сіноптыкі чакаюць сезон прыходу новых палітычных халадоў. Гэта таксама звязваюць з тым, як расійская апазіцыя адказала на ліберальныя крокі Пуціна — вызваленне Хадаркоўскага і ўдзельнікаў групы «Pussy Riot». Замест таго, каб панізіць тон крытыкі рэжыму на час алімпіяды, апазіцыя, наадварот, выкарыстоўвае Сочы як казырную карту ў крытыцы Крамля. У якасці прыкладу можна ўзгадаць даклад Барыса Нямцова аб сістэме адкатаў і кланавасці, на якіх, нібыта, трымаецца ўсё алімпійскае будаўніцтва. На мінулым тыдні адзін з расійскіх апазіцыйных лідараў Аляксей Навальны выпусціў даклад, у якім сцвярджаецца, што цэлы шэраг «пазаконкурсных» будаўнічых кантрактаў, якія былі адданыя сябрам Пуціна, дазволіў ім пакласці ў кішэню прыкладна 15 мільярдаў долараў бюджэтных сродкаў.

Як пясочылі, так і пясочаць Пуціна абаронцы правоў сэксуальных меншасцяў. «Ліберальная пазіцыя, якую Пуціна заняў напярэдадні Алімпіяды, была сустрэтая з недаверам яго апанентамі. Таму пасля Сочы ўлада можа зноў пачаць закручваць гайкі», — лічыць брытанская «The Independent».

Некаторая частка антыпуцінскай апазіцыі ўнутры Садовага кальца пачала мусіраваць ідэю пра тое, што Пуцін збіраецца правесці ў Сочы тэракт, каб на хвалі шоку зноў скансалідаваць вакол сябе грамадства і атрымаць карт-бланш на пагром лібералаў. Але большасць экспертаў скептычна ставяцца да такой канспіралогіі.

З іншага боку, узнікае лагічнае пытанне — ці не захоча нехта скампраметаваць Гульні і рэжым Пуціна за кошт экстрэмісцкіх вылазак падчас Алімпіяды? Напярэдадні мерапрыемства шэраг чачэнскіх радыкальных груповак сапраўды выступілі з пагрозамі арганізатарам Сочы і турыстам. Пытанне, ці магчымы тэракт у Сочы, шмат абмяркоўваюць як у сеціве, так і на розных экспертных форумах. Найбольш экстравагантную тэорыю прапанавала выданне snob.ru. Тут агучваецца версія таго, што саму ідэю правядзення алімпіяды Пуціну падсунулі агенты замежных спецслужбаў. Алімпійская будоўля цудоўна высветліла для сярэднестатыстычнага рускага карупцыю і неэфектыўнасць дзяржаўнага менеджменту. Цяпер засталося давесці, што сістэма бяспекі таксама ўся ў дзірках.

Аднак большасць каментатараў лічаць, што канцэнтрацыя сілавікоў на тэрыторыі правядзення Гульняў дазволіць хутка лакалізаваць усякіх тэрарыстаў. Спасылаюцца на паспяховы вопыт арганізацыі сістэмы бяспекі падчас летняй універсіяды ў Казані, дзе ніякіх надзвычайных здарэнняў сапраўды не было.

Але агульная карцінка ўсё роўна атрымліваецца невясёлая. Пасля Сочы ў Расіі, паводле думкі большасці экспертаў, трэба чакаць новых палітычных замаразкаў і актывізацыі расійскага фактара ва Украіне.

Таму, каб неяк узняць тонус, у фінале ёсць сэнс працытаваць вядомую праваабаронцу Элу Памфілаву. На яе думку, за час падрыхтоўкі да Сочы Пуцін зразумеў усю неадэкватнасць створанай ім сістэмы і зараз рыхтуе ліберальны паварот. «Я ўпэўнена, што Уладзімір Пуцін па розных прычынах пачне мяняць трэнд. І пад ціскам грамадства, і бачачы, наколькі небяспечная цяперашняя сістэма, якая сама пажырае сябе. З ягоным вопытам ён выдатна разумее, што ў яго проста няма іншага выйсця, акрамя як змяняць сістэму, каб не выкарыстоўваць гнілыя, але лаяльныя пункты апоры. Пасля Алімпіяды ў Сочы, не буду называць іншыя прычыны, сітуацыя зменіцца», — сказала Панфілава ў інтэрв’ю «Deutsche Welle».