Фетысаў ідзе ў палітыку

Мільярдэр Глеб Фетысаў імкліва фармуе ў Расіі новы апазіцыйны полюс. Пра тое, чаго вартыя ягоныя праекты, журналіст “Новага Часу” Алег Новікаў размаўляе з маскоўскім журналістам Дзмітрыем Касценкам.



rian_02224920_hr_ru_pic4_zoom_1000x1000_35725.jpg

— На мінулы тыдні ў Маскве прайшоў устаноўчы з’езд новай партыі. Яна будзе называцца «Альянс зялёных і сацыял-дэмакрактаў». Стваральнікаў Альянсу цяжка назваць вядучымі палітыкамі, аднак прэса ахвотна і шмат каментуе гэту падзею.

— Сапраўды, на першы погляд, з’езд Альянсу не варты ўвагі. Новае фармаванне створана на базе часткі сяброў фракцыі «Справядлівая Расія» (лідары — дэпутаты Генадзь Гудкоў, Ілля Панамароў) і «Альянсу зялёных» (лідар — былы прэфект аднаго з раёнаў Масквы Алег Мітволь). Панамароў і Гудкоў пры гэтым прадстаўляюць фантомнае незарэгістраванае аб’яднанне «Сацыял-дэмакраты Расіі». Прысутнічала яшчэ пару фэйкавых партый. Па сутнасці, усё, што адбылося, — перайменаванне малавядомага «Альянсу Зялёных» з увядзеннем у яго кіруючыя органы новых асобаў. Калі б не адзін факт: спонсарам аб’яднання выступае Глеб Фетысаў, адзін з самых багатых людзей Расіі. Што б ні казалі крытыкі, цяпер, фармальна, у нас ёсць апазіцыйная партыя з рэгістрацыяй, якая мае дзве-тры вядомыя фігуры, прычым на ўзроўні Дзярждумы, фінансава рэальна незалежная ад Крамля.

— Наколькі грошы важныя для таго, каб займацца партыйнай палітыкай у Расіі?

— На з’ездзе Альянсу Генадзь Гучкоў агучыў цікавую лічбу. Паводле яго падлікаў, каб партыя ў Расіі існавала ў федэральным маштабе і мела адпаведна ўплыў, ёй патрэбна каля 10 мільёнаў долараў штогод. З прыкладна 50 на цяперашні момант зарэгістраваных у Расіі партый, такі бюджэт маюць толькі думскія партыі плюс, можа, яшчэ партыя Прохарава. Нейкім чынам не дазваляе маргіналізаваць сябе «Яблоко» за кошт таго, што атрымлівае грошы з бюджэту як партыя, якая набірае адпаведны працэнт на выбарах. Іншымі словамі, у Фетысава з яго грашыма (Фетысаў па версіі часопіса «Форбс» №55 у рэйтынгу найбольш багатых людзей Расіі) патрэбныя рэсурсы для раскруткі праекту ёсць. Цікава, што Фетысаў нават не хаваў, што менавіта яго залаты запас сабраў усю тусоўку. «Нарэшце ўсе працверазелі і зразумелі, што вельмі важны і фінансавы рэсурс», — сказаў ён на з’ездзе.

— На тэрыторыі былога СССР даўно вядомы такі феномен, як алігархічная партыя. Партыя, якая пры ўсіх сваіх дэмакратычных дэкларацыях на самай справе дэ-факта належыць аднаму чалавеку — спонсару. Ці можна Альянс аднесці да такой катэгорыі партый?

— Баюся, што так. Пра гэта сведчыць тое, што ў кіраўніцтве Альянсу Панамароў заняў пасаду сустаршыні новай партыі. Прычым не толькі заняў, а па статуту атрымаў права прадстаўляць яе без даверанасці. Другі сустаршыня Генадзь Гудкоў такога мандату не мае. З улікам таго, што ўсе алігархі ад палітыкі любяць любымі сродкамі надаваць сабе лоск, не выключана, што Альянс быў створаны для таго, каб у Дзярждуме з’явілася група яго прадстаўнікоў у асобах Гучкова і Панамарова.

— У свеце практычна не сустракаюцца партыі, якія аб’ядноўваюць эколагаў і эсдэкаў. Ці не ўзнікнуць унутры праекту ідэалагічныя супярэчнасці?

— Самі аўтары Альянсу кажуць, што прапануюць трэці шлях у апазіцыі паміж лібераламі, чые арганізацыі, па іх словах, сталі масонскімі ложамі, і камуністамі. Аднак у чым той шлях заключаецца, цяжка сказаць. Так, нехта з удзельнікаў з’езду казаў, што прыйшоў час аб’яднаць ідэі эсдэкаў і эколагаў на базе культу духоўнасці. Думаю, пытанням ідэалогіі асабліва ніхто ўвагі пакуль не надае. Пра ідэалагічную шматпалярнасць Фетысава сведчаць нядаўнія кансультацыі ягонага Альянсу зялёных з рускімі нацыяналістамі з партыі Дзёмушкіна. Кантакты эколагаў і ўльтраправых цяжка сабе ўявіць у Еўропе.

— Як у Крамлі, і ўвогуле ў прэсе, каментуюць з’яўленне Альянсу?

— Крэмль пакуль ніяк не каментуе нараджэнне Альянсу. Што тычыцца прэсы, то яна падзялілася: адны лічаць, што мы маем справу з перспектыўным праектам. Пры ўсіх сваіх капрызах, Фетысаў здольны забяспечыць партыю фінансамі. У адным з інтэрв’ю сам ён нават заявіў пра намер прадаць усе свае актывы, каб Крэмль не мог ціснуць на яго праз бізнэс-структуры ў выпадку канфлікту з уладай. Другія ўжо далі Альянсу мянушку «партыя-кактэйль» і схіляюцца да думкі, што гэта бзік алігарха, які знаходзіцца ў свеце сваіх жа ілюзій. Прынамсі, толькі сапраўды недалёкі ў палітыцы чалавек можа ўсур’ёз казаць пра тое, што нарэшце адбылася гістарычная падзея, калі сацыял-дэмакраты і эколагі вырашылі аб’яднацца пад адным партыйным дахам.

— Ці ёсць у Альянсу шанец прарвацца ў першы эшалон расійскай палітыкі?

— Планы ў Альянсу, якія былі агучаныя Фетысавым на з’ездзе, вельмі амбіцыйныя: у 2014 годзе атрымаць фракцыю ў Мосгардуме, выйграць шэраг рэгіянальных выбараў, каб на гэтай хвалі прайсці ў Дзярждуму ў 2016 годзе, стаўшы другой пасля «Адзінай Расіі» палітычнай сілай у краіне. Аднак аб’ектыўна сваёй сеткі мясцовых арганізацый у Альянсу няма. Адзіная яго сіла — гэта адносная пазнавальнасць некаторых лідараў на месцах. Тут, на асобна ўзятай пляцоўцы, пры некаторай дамоўленасці з уладай ці апазіцыяй, яны маглі б на нешта прэтэндаваць. Так, калі Панамароў на красавіцкіх выбарах стане мэрам Новасібірску, Альянс сапраўды могуць заўважыць на федэральным узроўні. Таксама шмат залежыць ад таго, якое месца зойме праект Фетысава ў паліттэхналагічных гульнях Крамля. Напрыклад, яго могуць выкарыстаць для расколу апазіцыйнага электарату, як у свой час гэта зрабіў праект «Родина». Таксама не выключана, што Крэмль, прааналізаваўшы падзеі на Майдане, паспрабуе прыдумаць новую схему гульні з апазіцыяй і дапусціць больш апазіцыянераў у Думу, каб канфлікты адбываліся ў зале, а не на вуліцы.

Напрыканцы хачу ўзгадаць адзін цікавы для беларусаў кур’ёз. Новы сцяг «Альянсу зялёных і сацыял-дэмакратаў» вельмі нагадвае цяперашні беларускі дзяржаўны сцяг. 

Прыносім свае прабачэнні чытачам папяровай версіі НЧ! Па недагляду рэдакцыі для ілюстрацыі гэтага артыкула быў памылкова размешчаны фатаздымак вядомага спартоўца Вячаслава Фетысава.