Gazeta Wyborcza: Расія і Беларусь пачалі гандлёвую вайну з ЕС з-за падтрымкі ўкраінскіх пратэстаў
Пасля саміту ў Брусэлі Расія і Беларусь спынілі імпарт свініны з краін Еўрасаюза, Беларусь таксама адмовілася ад імпарту еўрапейскай бульбы.
Пра гэта паведамляе Gazeta Wyborcza.
«Алімпіяда - гэта час спакою, але Гульні ў Сочы пачынаюцца ў атмасферы гандлёвай вайны з боку іх
гаспадара», - піша выданне.
У канцы мінулага тыдня расійскі Рассельгаснагляд фактычна наклаў эмбарга на імпарт свініны з ЕС.
Сваю пазіцыю РФ патлумачыла выпадкамі свіной чумы ў Літве, аднак, на практыцы, забараніла ўвоз мяса з краін, у якіх выбухаў гэтага захворвання не сустракалі ўжо даўно.
«Гэта забарона непрапарцыйная. Нашы расійскія партнёры забараняюць экспарт нават з тых краін ЕС,
у якіх не было выпадкаў чумы», - заявіў камісар ЕС па пытаннях аховы здароўя Тоніа Борг.
Увяла сваю забарону на свініну і Беларусь, якая вырашыла, што еўрапейская прадукцыя не адпавядае ветэрынарным сертыфікатам.
У суботу Беларусь заявіла, што па просьбе Расіі ўводзіць таксама забарону на бульбу з ЕС.
Як паведамляе выданне, Расія купляе каля чвэрці ўсёй свініны ЕС.
Абмежавальныя меры Расія ўвяла пасля завяршэння саміту Расія - ЕС, дзе панавала прахалодная атмасфера з-за сітуацыі ва Украіне.
Польскі еўрадэпутат Павел Залеўскі лічыць, што расійскае эмбарга накіравана ў тым ліку і супраць «Польшчы, якая падтрымлівае еўрапейскія імкнення Украіны».
Ён лічыць таксама, што Расія хоча забіць двух зайцоў адным стрэлам.
«У адносінах ЕС з Расіяй ужо шмат спрэчных пытанняў. Масква можа падняць планку перад маючымі
адбыцца перамовамі, каб выгандляваць як мага больш выгады», - лічыць Залеўскі.
Як вядома, на саміце Расія - ЕС Украіна была адной з галоўных тэм, вакол гутарак аб якой бакі спрабавалі вызначыць фармат сваіх будучых адносін.