Ангольцы захапілі Партугалію

Доўгі час жыхары Анголы лічылі за шчасце трапіць у Партугалію, хаця гэтая краіна выглядала як фінансавая калонія больш развітых еўрапейскіх дзяржаў, а партугальскіх гастарбайтераў можна лёгка сустрэць у Еўропе.



p1040534.jpg

Для ангольцаў нават такая не вельмі багатая еўрапейская перыферыя падавалася сапраўднай Меккай. Сюды ехалі працаваць, вучыцца, будаваць кар’еры, займацца мастацтвам.

Але цяпер эміграцыя з Анголы мае абсалютна іншы выгляд. Калі раней ангольцы ехалі ў Партугалію зарабляць грошы, то цяпер яны едуць пазбаўляцца ад іх. Заможныя ангольцы становяцца інвестарамі Партугаліі.

Безумоўна, галоўным каталізатарам гэтага працэсу стала заканчэнне ў Анголе ў 2002 годзе 27-гадовай грамадзянскай вайны. Кампраміс паміж ваенна-палітычнымі блокамі дазволіў закласці нейкія асновы прававых адносін, пачаць рэканструкцыю інфраструктуры і, канешне ж, эксплуатацыю карысных выкапняў. Апошняе стала рухавіком першапачатковага накаплення капіталу. У прэсе краіну нават пачалі метафарычна называць Ангола Эль Дарада. Толькі ў сферы здабычы нафты Ангола займае трэцяе месца ў Афрыцы. Яе ВУП дасягае 10 працэнтаў штогод. І гэта яшчэ толькі пачатак — па запасах рэсурсаў Ангола, калі верыць апошнім дадзеным геолагаў, не саступае Бразіліі.

Эканамічны бум імкліва спарадзіў мясцовых алігархаў, якія моцна звязаныя з палітыкумам, што вельмі часта мае за спінай камуністычнае мінулае. Магчыма, выключна з-за павагі да СССР, які ўкладаў грошы ў камуністычную партызанку, тыя палітыкі вядуць адносна сціплы лад жыцця. Затое іх дзеці адрываюцца напоўніцу.

Сімвалам гэтай генерацыі ангольцаў стала Ізабель душ Сантуш — старэйшая дачка цяперашняга прэзідэнта Анголы Жазэ Эдуарду душ Сантуша (дарэчы, яна нарадзілася ў 1973 годзе ў Баку, калі ў яе бацькі быў раман з савецкай грамадзянкай Таццянай Куканавай, ураджэнкай Пензы). Сёння Ізабэль з’яўляецца першай жанчынай-мільярдэрам у Афрыцы. Яе імперыя ахоплівае банкаўскі, фінансавы, будаўнічы і іншыя сектары па ўсім свеце. Аднак, як і ў іншых «новых ангольцаў», у яе ёсць бзік — інвеставаць у Партугалію. Не выпадковы яе інтарэс да партугальскай нацыянальнай тэлекампаніі, за якую Ізабэль гатова выкласці паўтара мільярда еўра.

Можаце лічыць гэта сімвалічнай помстай партугальцам, таму што цяпер усё больш партугальскіх фірмаў атрымліваюць чарнаскурых дырэктараў і ўладальнікаў. Рубежным лічыцца 2008 год, калі адна з ангольскіх кампаній набыла найбольш славуты партугальскі банк «Millennium». Сёння каля 5 працэнтаў партугальскага банкаўскага сектару належаць выхадцам з Анголы.

Экспансіі ангольскага бізнесу спрыяў фінансавы крызіс, які пачаўся прыкладна ў той жа час, калі быў прададзены «Millennium». Партугальскія банкі лопаліся адзін за адным, прымушаючы ўкладчыкаў шукаць бяспечнае месца для дэпазітаў. Такой бяспечнай лагунай аказаўся «Millennium», які лёгка стрымаў калізіі рынкавай стыхіі за кошт рэкапіталізацыі, сродкі на якую былі прыцягнутыя з Анголы. Крызіс дапамог яшчэ шэрагу ангольскіх кампаній лёгка ўвайсці на партугальскі рынак, набыўшы банкі-банкруты.

Калі ангольскія інвестыцыі толькі пачыналіся, партугальскае грамадства і ўлада віталі іх. Паступова, аднак, на гэту з’яву пачалі глядзець больш цвяроза.

Але адразу трэба адкінуць тэзіс мясцовых правых радыкалаў пра тое, што прыход ангольцаў нясе пагрозу беламу чалавеку і яго культурным традыцыям. Як сведчыць статыстыка, аматараў змяніць ангольскую прапіску на партугальскую апошнімі гадамі становіцца ўсё менш. Абыякавасць афрыканцаў да Партугаліі цалкам зразумелая з улікам таго, што краіна па-ранейшаму знаходзіцца ў рэцэсіі, спадарожнікам якой з’яўляецца высокае беспрацоўе (12–13 працэнтаў). Тут хутчэй назіраецца адваротная тэндэнцыя: калі ў 2013-м у Анголе пражывала каля 20 тысяч партугальцаў, то цяпер іх ужо пад 200 тысяч.

Партугальцы, хутчэй за ўсё, заклапочаныя тым, якія наступствы можа мець афрыканская бізнес-экспансія для нормаў мясцовай карпаратыўнай культуры. Арганізацыя «Transparency International» называе Анголу адной з самых карумпаваных краін у свеце. Не дзіўна, што партугальскія банкі з ангольскім капіталам усё часцей падазраюць у махінацыях па адмыванні грошай, якія былі заробленыя ў Афрыцы сумнеўным шляхам. Відавочна, што сродкі ў партугальскіх банках — гэта выкрадзеная прыродная рэнта, без справядлівага размеркавання якой Ангола застанецца перыферыйнай, адсталай краінай.

Партугальская Феміда шмат разоў спрабавала капаць пад ангольскія фінансавыя ўстановы, выклікаючы крытыку Луанды. Напрыклад, не так даўно, пасля таго, як пракуратура зацікавілася некаторымі рахункамі ў ангольскіх банках Партугаліі, сам прэзідэнт душ Сантуш даў зразумець, што яго краіна можа перагледзець партнёрскі фармат адносін з Лісабонам на карысць новых партнёраў у Азіі або Бразіліі. У выніку следства спусцілі на тармазах.

Мяркуючы па ўсім, да заканчэння крызісу грамадскасць Партугаліі не жадае канфліктаваць з «новымі ангольцамі». Для шматлікіх партугальскіх фірм замовы ад ураду Анголы — гэта рэальны шанс выжыць у крызісныя часы.

Квінтэсенцыяй стаўлення партугальцаў да «новых ангольцаў» сталі словы партугальца, уладальніка рэстарана ў Луандзе, якога цытуе часопіс «The Economist»: «З улікам таго, што Ангола — галоўны інвестар у Партугалію, я не думаю, што мы павінны пытацца ў кліентаў, дзе яны зарабілі грошы, каб набыць гэты ланч». На цяперашні дзень у розных праграмах ангольскага ўраду працуюць каля 500 фірмаў-падрадчыкаў з Партугаліі. Усяго партугальскі сегмент сярод замежных фірм у Анголе складае каля 34 працэнтаў (на другім месцы кітайцы — 18,8%).

Між тым, некаторыя эканамісты прагназуюць, што падобны сцэнар можа мець месца ў Іспаніі. Іспанцаў у такім выпадку будуць эксплуатаваць перуанцы або калумбійцы.