Аперацыя «Пераемнік» па-нікарагуанску: усю сям’ю дыктатара прызначыць супрэзідэнтамі
Нікарагуанскі аўтарытарны прэзідэнт Даніэль Артэга арыгінальна вырашыў пытанне «пераемніка»: у мясцовай Канстытуцыі з'явілася новая службовая асобы — «супрэзідэнт».
Як аўтакраты ці дыктатары перадаюць уладу блізкім сваякам? Звычайна пры набліжэнні старасці рыхтуюць нейкага сябра клана, які мае заняць месца кіраўніка. А вось Даніэль Артэга пайшоў іншым шляхам. У рамках рэформы Канстытуцыі ён задумаў павысіць сваю 72-гадовую жонку і віцэ-прэзідэнта Расарыё Мурыльё да статусу «супрэзідэнт».
Задуманыя змены таксама павялічваюць прэзідэнцкі тэрмін у гэтай цэнтральнаамерыканскай краіне з пяці да шасці гадоў. Яны дадуць супрэзідэнтам паўнамоцтвы каардынаваць усе заканадаўчыя, судовыя, выбарчыя, кантрольныя і наглядныя, рэгіянальныя і муніцыпальныя органы, раней незалежныя па Канстытуцыі. Таксама рэформа пашырае кантроль выканаўчай улады над сродкамі масавай інфармацыі.
Пакуль што прырода інстытута «супрэзідэнт» вельмі туманная. Кембрыджская энцыклапедыя прапануе наступнае апісанне тэрміну: «супрэзідэнт — асоба, якая займае пасаду прэзідэнта арганізацыі або кампаніі сумесна з адным ці некалькімі іншымі асобамі». Як бачым, такая пасада як супрэзідэнт, сустракаецца толькі ў сферы бізнесу. А вось як тандэм можа кіраваць краінай, пакуль незразумела.
Затое зразумела іншае: у выпадку смерці або праблем са здароўем у Даніэля, дзяржаву ўзначаліць Расарыё, якая даўно адыгрывае важную ролю ў партыйнай і дзяржаўнай вярхушцы. Нараўне з ідэалогіяй і прапагандысцкім апаратам, яна курыруе сістэму «грамадскіх сувязяў» урада — сетку сандынісцкіх арганізацый на месцах.
Праваабарончыя групы і міжнародныя назіральнікі чакана раскрытыкавалі рэформу як «падман» і абвінавацілі лідара сандыністаў у падаўленні іншадумства шляхам спробы легалізаваць абсалютную ўладу, якую Артэга і яго жонка ўжо маюць у краіне.
«Рэформа не толькі адлюстроўвае паранойю і няўпэўненасць сандынісцкай дыктатуры, але і кадыфікуе сістэму, якая не мае дакладнага прэцэдэнту ў Лацінскай Амерыцы, якая небяспечна нагадвае паўночнакарэйскую мадэль», — сцвярджае лідар апазіцыі Фелікс Марадзьяга. Сам Фелікс Марадзьяга, дарэчы, жыве на эміграцыі. Уласна кажучы, практычна ўся апазіцыя знаходзіцца за кардонамі радзімы.
Канвеер рэпрэсій Артэгі ўнутры краіны ў цяперашні час накіраваны на ліквідацыю апошніх апанентаў у асобе прадстаўнікоў каталіцкага кліру. Самым свежым прыкладам з'яўляецца прымусовая экспатрыяцыя з краіны біскупа Энрыке Эрэры з дыяцэзіі Хінатэга. Эрэра — старшыня Канферэнцыі біскупаў Нікарагуа. Ён раскрытыкаваў мэра горада-сандыніста 12 лістапада, калі той парушыў царкоўную службу ў адным з храмаў гучнай музыкай. Але ўлады вінаватым прызналі не мэра, а біскупа, якога за крытыку выслалі ў Гватэмалу.
Усяго ў ЗША і Ватыкане на сённяшні дзень пражываюць каля 250 святароў, якім праз крытычныя выказванні давялося ўцякаць ад сужэнцаў-дыктатараў. Агулам у Нікарагуа пасля падаўлення студэнцкіх пратэстаў вясной 2018 года было забаронена больш за 5000 партый, клубаў і няўрадавых арганізацый.
Але вернемся да тэмы супрэзідэнтаў. Праект рэформы Канстытуцыі, які Даніэль Артэга прадставіў парламенту, з'яўляецца вельмі маштабным. Афіцыйная прэса паведамляе, што для забеспячэння юрыдычнай роўнасці паміж прэзідэнтам і супрэзідэнтам неабходна змяніць больш за сто артыкулаў Канстытуцыі.
Няма сумненняў, што ў нашых шыротах усе ініцыятывы кіраўніка вертыкалі былі б тут жа падтрыманыя «парламентарыямі». Але нікарагуанскі рэжым, здаецца, вырашыў захаваць знешнюю прыстойнасць. Згодна з Канстытуцыяй Нікарагуа, рэформы, перш чым яны набудуць моц, павінны быць ухваленыя ў другім заканадаўчым перыядзе, у дадзеным выпадку — у 2025 годзе.
Застаецца дадаць, што на думку экспертаў, усё гэта накіравана на тое, каб прывесці да ўлады сына пары Артэга — Лаўрэана Аартэга (Laureano Ortega), які нарадзіўся ў 1982 годзе. Не выключана, што ў бліжэйшай будучыні ён таксама стане супрэзідэнтам.