Нікарагуа і Беларусь — краіны-блізняткі. Пасадзілі каталіцкага біскупа за здраду радзіме на 26 гадоў
Суд Нікарагуа асудзіў 56-гадовага каталіцкага біскупа Матагальпы Раланда Альварэса да 26 гадоў пазбаўлення волі на наступны дзень пасля таго, як той адмовіўся ўзысці на борт самалёта, што перавозіў 222 палітвязняў у выгнанне ў ЗША. Суд прызнаў яго «здраднікам краіны», аштрафаваў на 1600 долараў і пазбавіў грамадзянства, паведамляе «Vaticannews».
Адносіны паміж Касцёлам і ўладамі Нікарагуа сапсаваліся з 2018 года, калі пратэстоўцы, якія патрабавалі адстаўкі прэзідэнта Артэгі, схаваліся ў храмах. Тады той абвінаваціў каталікоў у саўдзеле ў спробе дзяржаўнага перавароту, нібыта ініцыяванага ЗША. Біскупа Альварэса арыштавалі ў жніўні 2022 года, абвінаваціўшы ў «змове» і распаўсюджанні «фальшывых навін», за тое, што ён адкрыта крытыкаваў рэжым Артэгі.
Усё, як і ў Беларусі: «падступны» Захад каламуціць ваду ў «крыштальным сасудзе», нядобранадзейныя каталікі, спробы выслаць (або не ўпусціць) біскупаў, суды за «фальшывыя (чытай — экстрэмісцкія) навіны», абвінавачванні ў «здрадзе» дзяржаве за непадтрымку рэжыму, гіганцкія тэрміны і пазбаўленне грамадзянства.
Тым часам два рэжымы не толькі капіююць адзін аднаго ў плане рэпрэсій, але і ўмацоўваюць стасункі паміж сабой. Гэтак на днях амбасадары дзвюх краін у Імперыі Зла (Маскве) «канстатавалі канструктыўны палітычны дыялог» ды «пацвердзілі скіраванасць Беларусі і Нікарагуа на выбудоўванне справядлівага і дэмакратычнага свету, заснаванага на міжнародным праве і павазе суверэннай роўнасці дзяржаў».
Што такое «павага да суверэннай роўнасці дзяржаў», мы ведаем — не перашкаджаць мясцовым феадалам скручваць у бараноў рог сваіх халопаў, якімі яны бачаць жыхароў падначаленых ім краін. Калі ж ім у гэтым пачынаюць перашкаджаць, то яны ў сваім словаблудстве раптам згадваюць пра правы ды законы і нават умудраюцца вымавіць слова «дэмакратычны», за патрабаванне рэалізацыі якога ў іх краінах даюць дзясяткі гадоў вязніцы.