У Нікарагуа паліцыя ладзіць аблавы на святароў
Улады краіны становяцца ўсё больш нецярпімымі да іншадумства, а каталіцкія святары крытыкуюць палітыку ўрада.
Паліцыя Нікарагуа ў пятніцу правяла ператрус у рэзідэнцыі рымска-каталіцкага біскупа, які крытыкуе адміністрацыю прэзідэнта Даніэля Артэгі, паведамляе агенцтва «Associated Press». Акрамя самога біскупа былі затрыманыя некалькіх іншых святароў.
Перадсвітальны рэйд быў зроблены пасля таго, як улады Нікарагуа абвінавацілі біскупа Раланда Альварэса ў «арганізацыі груп гвалту» і «падбухторванні іх да здзяйснення актаў нянавісці супраць насельніцтва».
Урад Артэгі сістэматычна выступаў супраць іншадумства. У мінулым годзе былі арыштаваныя дзясяткі лідараў апазіцыі, у тым ліку сем патэнцыйных кандыдатаў, якія маглі б кінуць выклік цяперашняму кіраўніку на прэзідэнцкіх выбарах. У гэтым годзе яны былі прысуджаныя да турэмнага зняволення: судовыя працэсы праходзілі хутка і былі закрытыя для грамадскасці.
Кангрэс, у якім дамінуе «Сандынісцкі фронт нацыянальнага вызвалення» Артэгі, распарадзіўся закрыць больш за 1000 няўрадавых арганізацый, у тым ліку дабрачынны фонд Маці Тэрэзы.
Раніцай у пятніцу епархія Матагальпы апублікавала ў сацыяльных сетках паведамленне: «#SOS #тэрмінова. У гэты час Нацыянальная паліцыя ўвайшла ў дом епіскапа нашай епархіі».
Нацыянальная паліцыя пацвердзіла затрыманні, заявіўшы, што аперацыя была праведзена, каб дазволіць «грамадзянам і сем'ям Матагальпы вярнуцца да нармальнага жыцця».
На працягу некалькіх дзён мы з вялікім цярпеннем, разважлівасцю і пачуццём адказнасці чакалі станоўчай сувязі ад епархіі Матагальпы, якая так і не матэрыялізавалася, — гаворыцца ў заяве. — З працягам дэстабілізуючай і правакацыйнай дзейнасці вышэйзгаданая аперацыя па забеспячэнні грамадскага парадку стала неабходнай».
Пры гэтым у заяве не згадваюцца канкрэтныя абвінавачанні.
Альварэс утрымліваецца пад аховай у доме ў Манагуа, дзе яму дазволілі сустрэцца са сваякамі і кардыналам Леапольда Брэнесам.
Міжамерыканская камісія па правах чалавека асудзіла затрыманні і заклікала да неадкладнага вызвалення затрыманых.
Альварэс быў ключавым рэлігійным голасам у дыскусіях пра будучыню Нікарагуа з 2018 года, калі хваля пратэстаў супраць урада Артэгі прывяла да масавых рэпрэсій супраць нязгодных.
«Мы спадзяёмся, што будзе праведзеная серыя выбарчых рэформ, структурных змен у выбарчай сістэме. Нам патрэбныя свабодныя, справядлівыя і празрыстыя выбары, міжнароднае назіранне без якіх-небудзь умоў», — заявіў Альварэс праз месяц пасля пачатку пратэстаў.
Епіскап працягваў падобныя заклікі да дэмакратыі на працягу апошніх чатырох гадоў, што не падабалася Артэгу і яго ўраду.
Мануэль Ароска, эксперт па Нікарагуа ў «Міжамерыканскім дыялогу», сказаў, што Альварэс уяўляе сабой пагрозу — як сімвал свабоды і перашкода для Артэгі.
«Нікарагуанцы вельмі адданыя царкве, — сказаў ён. — У апытанні, якое я правёў у мінулым годзе, 70% нікарагуанцаў заявілі, што для іх палітычнае меркаванне рэлігійнай улады на нацыянальным або парафіяльным узроўні мела важнае значэнне для фарміравання іх палітычных поглядаў».
Учарашнія арышты сталі вынікам падвышанай напружанасці паміж царквой і ўрадам Артэгі, у якога больш за чатыры дзесяцігоддзі былі складаныя адносіны з рэлігіяй і яе лідарамі.
У сакавіку ўлады краіны выслала папскага нунцыя, галоўнага дыпламата Ватыкана ў Нікарагуа.
Раней урад закрыў восем радыёстанцый і адзін тэлевізійны канал у правінцыі Матагальпы, сем з іх знаходзіліся ў падпарадкаванні царквы.
Архідыяцэзія Манагуа раней выказала падтрымку Альварэсу. Канферэнцыя лацінаамерыканскіх каталіцкіх біскупаў асудзіла «аблогу» святароў і біскупаў, выгнанне чальцоў рэлігійных суполак і «пастаянны пераслед» нікарагуанскага народа і царквы.
Ватыкан захоўваў маўчанне пра расследаванне справы Альварэса цягам амаль двух тыдняў, што выклікала крытыку з боку некаторых лацінаамерыканскіх праваабаронцаў і інтэлектуалаў. Гэтае маўчанне было парушана ў мінулую пятніцу, калі Хуан Антоніа Крус, пастаянны назіральнік Ватыкана пры Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў, выказаў занепакоенасць сітуацыяй і папрасіў абодва бакі «шукаць шляхі паразумення».
Масавыя вулічныя пратэсты ва ўсёй Нікарагуа ў 2018 годзе запатрабавалі адстаўкі Артэгі. Артэга сцвярджаў, што пратэсты былі «спробай дзяржаўнага перавароту, ажыццёўленай пры замежнай падтрымцы і падтрымцы царквы».