Апошнія з магікан

Еўрапейскі левы тэрарызм памёр. У Германіі склала зброю адна з апошніх экстрэмісцкіх груповак, касцяк якой, як лічыць прэса, складалі супрацоўнікі штазі Усходняй Германіі.



287e03db1d99e0ec2edb90d079e142f3.jpg

Еўрапейскі левы тэрарызм памёр. У Германіі склала зброю адна з апошніх экстрэмісцкіх груповак, касцяк якой, як лічыць прэса, складалі супрацоўнікі штазі Усходняй Германіі.

(На здымку: Берлін. 4 верасня 2006 года. Машына, падпаленая сябрамі «Вайсковай групы»)
У чэрвені 2001 года некалькі супрацоўнікаў нямецкай урадавай арганізацыі, што займалася пытаннямі кампенсацый грамадзянам СССР, якіх прымушалі працаваць у нацысцкай Германіі падчас вайны, атрымалі лісты з пагрозамі.
У лістах было напісана, што адрасаты заслугоўваюць смерці, паколькі плацяць былым вязням нацызму занадта мала. Лісты былі напісаны ад імя арганізацыі «Militante gruppe» (ням.: «Вайсковая група»). У прэсе таксама часта выкарыстоўвалася абрэвіятура MG.
22 чэрвеня 2001 года, у гадавіну пачатку аперацыі «Барбароса», невядомыя падпалілі філіял аўтамабільнай кампаніі «Daimler-Benz». Адказнасць зноў узяла на сябе «Вайсковая група». Яна абвінаваціла прадпрымальнікаў у тым, што яны карыстаюцца пладамі прымусовай працы вязняў часоў другой сусветнай вайны і пры гэтым не жадаюць несці адказнасць за эксплуатацыю. Падпалы працягваліся і пазней. Іх ахвяры неслі матэрыяльныя страты за тое, што яны расісты, імперыялісты, фашысты, разбуральнікі сістэмы сацыяльных гарантый і г. д.
Часам групоўка спрабавала адысці ад абстрактных лозунгаў і рэагаваць на актуальныя падзеі. Так, у 2004 годзе мілітанты падпалілі Бюро па ўладкаванню беспрацоўных у знак салідарнасці з пратэстамі супраць прыняцця антысацыяльнага закону Hartz IV.
Так ці інакш, толькі за адзін 2007 год актывісты «Вайсковай групы» ўмудрыліся падпаліць 91 машыну, што прынесла ім вядомасць і імідж сучасных Робін Гудаў.
«Яны дакладна плануюць акцыі, яны шукаюць месцы, дзе ніхто не будзе ім замінаць. Звычайна гэта цэнтр Берліна. Калі няма мінакоў, яны спакойна падыходзяць да машыны, кладуць сродак для распальвання кастроў на машыну, падпальваюць яго і пакідаюць месца злачынства. Праз некалькі хвілін машына згарае», — так апісваў дзейнасць мілітантаў «Die Zeit».
Групоўка спрабавала пашырыць шэрагі сваіх прыхільнікаў за кошт дэбатаў у левай прэсе. «Вайсковая група» правакавала дыскусію на старонках розных левых выданняў і сайтаў, яна ставіла на інтэрнэт-форумы такія вось тэксты: «Мы сыходзім з таго, што працэс адраджэння рэвалюцыйных левых ляжыць у галіне палітычнай вайсковай дзейнасці».
У 2005 годзе MG выклікала сур’ёзныя дэбаты на старонках галоўнага левага выдання Берліна «Interim». У выніку такія дзеянні групоўкі далі спецслужбам нейкую нітачку. Супрацоўнікі крымінальнай паліцыі пачалі рабіць маніторынг дэбатаў, вызначаць тых, хто сімпатызуе MG, спрабаваць праз IP-адрэсы вызначыць тых, хто канкрэтна спявае оду тэрарызму. Ім удалося выйсці на канкрэтных асобаў, якія пісалі падобныя каментары. Гэтых асобаў узялі пад нагляд, пачалі адсочваць іх кантакты, праглядаць іх пошту. Так паліцыя выйшла непасрэдна на актывістаў «Вайсковай групы».
Было арыштавана чатыры асобы. Пры гэтым журналісты адразу пачалі надзімаць мыльныя бурбалкі. «Focus» пісаў, што адзін з тых, каго абвінавацілі ў сяброўстве ў MG, — асабісты сябра тагачаснага канцлера ФРГ Герхарда Шродэра. Пазней рэдакцыя выдання прызнала, што гэта была качка.
Судовы працэс над сябрамі MG пачаўся 1 жніўня 2007 года. Падсудных абвінавацілі ў тым, што яны былі сябрамі тэрарыстычнай арганізацыі і непасрэдна падпалілі некалькі машын Мінабароны.
Працэс адразу выклікаў вялікі скандал. Прычынай сталі доказы паліцыі. Зрабіўшы лінгвістычную экспертызу тэкстаў групоўкі, следчыя звярнулі ўвагу на дастаткова высокі інтэлектуальны ўзровень аргументацыі іх аўтара. Прычым апошні яўна добра ведаў сучасную сацыялогію, паколькі выкарыстоўваў адпаведную тэрміналогію. Заставалася толькі даведацца, хто са студэнтаў сімпатызуе радыкальным левым і вывучае менавіта гэту галіну навукі.
У выніку «тэрарыст» быў арыштаваны. Праўда, федэральная пракуратура хутка аспрэчыла спробу прызнаваць людзей тэрарыстамі выключна за тэкстуальнае падабенства. Яна патрабавала дадатковых доказаў.
Такія недарэчныя крокі адразу ўзнялі на вушы ўвесь акадэмічны свет. Навукоўцы-сацыёлагі не толькі дапамаглі грашыма, каб наняць добрых адвакатаў, аднак да таго ж напісалі адкрыты ліст супраць крыміналізацыі сацыялогіі. Яго падпісалі 36 свяцілаў навукі. У выніку таго небараку студэнта-сацыёлага выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Астатніх пакінулі за кратамі. Хутка пад заклад у 30 тысяч еўра выпусцілі і іншых, хаця працэс не завершаны да гэтага часу. Між тым, 7 ліпеня ў часопісе «Radikal» (забаронены ў ФРГ, друкуецца ў Нідэрландах) з’явілася новая заява мілітантаў. Яе можна лічыць сенсацыяй. Сябры групы напісалі, што яны распускаюць сваю арганізацыю. Самі мілітанты пішуць, што разбегчыся іх прымусілі ўнутраныя супярэчнасці.
Аднак галоўная інтрыга ў іншым. Раней крымінальная паліцыя зрабіла некалькі цікавых заяваў пра прыроду групы. Па словах іх прадстаўнікоў, у Германіі часам здараецца, што падлеткі анархісты або панкі гуляюць у тэрарыстаў. Аднак у выпадку MG размова вядзецца пра іншае. Група ідэнтыфікавала сябе не як анархістаў, а як рэвалюцыйных камуністаў. Пры гэтым яна разглядала сябе як падмурак стварэння моцнай пралетарскай партыі. Гэта вельмі падобна на рыторыку левых тэрарыстаў 1960–70-х гадоў, у прыватнасці італьянскіх «Чырвоных брыгад».
Таксама эксперты звярнулі ўвагу на тое, што MG дасылала лісты з пагрозамі на адрас палітыкаў, якія жорстка крытыкуюць ГДР. Усё гэта дае падставу для шматлікіх спекуляцый наконт таго, што мілітанты былі былымі грамадзянамі ГДР і, магчыма, звязанымі са штазі. Інакш цяжка зразумець, як мілітанты маглі так доўга заставацца на волі. Праўду мы даведаемся пасля таго, як стануць вядомыя вынікі судовага працэсу над той тройкай. Аднак, на думку шматлікіх палітолагаў, такая версія — яшчэ не самая горшая. Спецыялісты баяцца, што на фоне крызісу левых партый сфармавалася хваля агрэсіўных маладых левых нарцысаў, якія выражаюць сябе ў гвалтоўных акцыях.