Апошні акт венесуэльскай драмы

Уга Чавес, напэўна, сёння круціцца ў труне. Яго заклятыя праціўнікі з лагеру дэмакратычнай апазіцыі зараз абараняюць прыдуманую Уга так званую «Баліварскую Канстытуцыю».

Фота www.inosmi.ru

Фота www.inosmi.ru

Нікалас Мадура падчас першамайскай маніфестацыі парадаваў суайчыннікаў навіной пра скліканне Канстытуцыйнай Асамблеі. Адпаведная працэдура прадугледжаная артыкулам 384 дзеючага Асноўнага закона, які надае ўдзельнікам сходу права прыняць папраўкі ў тэкст Carta Magna.

Папраўкі і працэдура іх прыняцця, якая, натуральна, немагчымая без шырокіх грамадскіх кансультацый, на думку Мадуры, дапамогуць венесуэльцам вырашыць цяперашні палітычны крызіс. Гэта, у сваю чаргу, — перадумова выхаду з глыбокага эканамічнага калапсу.

Драматызм эканамічнай сітуацыі ў Венесуэле лепш за ўсё ілюструюць лічбы. Інфляцыя за мінулы год склала 740 працэнтаў, падзенне ВУП дасягнула 18 працэнтаў, замежны доўг узняўся за год на 140 працэнтаў. Беспрацоўе прабіла планку ў 40 працэнтаў. У дзяржавы нават няма грошай, каб набыць паперу для друку балівараў — мясцовай валюты. Пакутуюць ад гэтага простыя людзі, якія сутыкнуліся з дэфіцытам саміх элементарных прадуктаў. Вельмі часта праблема вырашаецца за кошт банальных гоп-стопаў і атак на крамы ў заможных кварталах.

У апошні час венесуэльскі крызіс перайшоў у новую фазу. Пасля таго, як месяц таму Мадура пастанавіў распусціць парламент, у якім большасць належала апазіцыі, у краіне пачаліся маршы чавістаў і іх апанентаў. Мабілізацыя актыву не абышліся без будаўніцтва барыкадаў і сутычак. У выніку, па розных дадзеных, толькі за красавік былі забітыя каля 25 чалавек. Крызіс унутры краіны стварыў Мадуру праблемы па знешняму контуру. Пасля таго, як Мексіка праз падзеі ў Венесуэле заклікала да пазатэрміновай сесіі Арганізацыі амерыканскіх дзяржаваў, Каракас заявіў пра выхад са згаданай міжнароднай структуры.

У такой напружанай атмасферы і была агучаная ідэя Усеагульнага народнага сходу. «Гэта шлях да міру. Ласкава запрашаем на дэбаты прыхільнікаў розных ідэяў», — паведаміў гаспадар палацу Miraflores, рэзідэнцыі венесуэльскага гаранта.

Рэакцыя апазіцыі была адмоўнай. Энрыка Капрылес, лідар MUD — Кааліцыі дэмакратычных сілаў, заклікаў суайчыннікаў абараніць дзеючую Канстытуцыю. Па логіцы спікера апазіцыі, пад выглядам канстытуцыйнага сходу Мадура намагаецца пазбавіць легітымнасці парламент. Апазіцыя сумняваецца, што выбары ў Канстытуцыйную Асамблею абыдуцца без фальсіфікацый. У тым ліку таму, што палова сябраў гэтай асамблеі — прадстаўнікі сацыяльных і грамадзянскіх ініцыятыў, дзе дамінуюць чавісты. Такой жа думкі, што і Капрылес, прытрымліваецца і афіцыйны Вашынгтон. 2 мая Дзярждэп расцаніў ідэю з канстытуцыйным сходам як «парушэнне правоў грамадзян і разбурэнне асноў венесуэльскай дэмакратыі».

Цікава, што не падтрымала прапанову Мадуры і частка прыхільнікаў Чавеса. Гэтая фракцыя лічыць, што Мадура здрадзіў справе Уга Чавеса. «Ад прамой улады народ аддзялілі менавіта кіраўнікі праўладнай партыі сацыялістаў і тыя, хто з імі. Гэтая манструозная партыя, што пабудаваная па прынцыпе КПСС, падмяніла саму ідэю народнай улады на ўладу партыі», — піша ў інтэрнэце адзін з прыхільнікаў такой лініі.

З улікам негатыўнай рэакцыі грамадства на ініцыятыву Мадуры, ёсць падставы казаць пра тое, што яго план не ахалодзіць настроі, а наадварот, яшчэ больш абвострыць абстаноўку. Пра гэта сведчыць таксама і мінорны тон каментараў у сусветнай прэсе. Пры гэтым, напэўна, упершыню за ўвесь час венесуэльскага крызісу яны дапускаюць сцэнар, калі ў хуткім часе Венесуэла як дзяржава можа спыніць існаванне. Прынамсі, такую выснову робіць нямецкая «Sueddeutsche Zeitung».

Па логіцы журналістаў, нават калі Мадура за кошт маніпуляцый з Канстытуцыйнай Асамблеяй стабілізуе палітычную сітуацыю, у яго няма рэцэптаў і рэсурсаў, каб вырашыць праблемы эканомікі. Пустыя страўнікі ўсё роўна з часам прымусяць людзей выйсці на вуліцы і патрабаваць адстаўкі прэзідэнта.

Адначасова незразумела, як зможа рэанімаваць венесуэльскую эканоміку ў выпадку перамогі і апазіцыя з MUD. Венесуэла, як буйны здабытчык нафты, увесь час выжывала за кошт нафтавай рэнты. Зараз цэны на нафту на сусветных біржах не вельмі высокія. Акрамя таго, традыцыйна асноўным экспарцёрам венесуэльскай нафты выступалі ЗША. Цяпер Дональд Трамп намагаецца развіваць айчынную нафтавую індустрыю. Днямі Белы дом нават «размарозіў» здабычу нафты на шэльфах.

Таму ў публікацыях, прысвечаных Венесуэле, шмат праекцый на цяперашнюю сітуацыю ў Бразіліі, дзе правая апазіцыя прыкладна год таму дамаглася адстаўкі левай адміністрацыі. Аднак ракіроўка на палітычным Алімпе не дапамагла вырашыць глабальныя праблемы, што адгукнулася новым бразільскім лідарам агульнанацыянальным страйкам, які выбухнуў на днях. Таму тыя, хто кажа пра хуткую развязку венесуэльскай драмы, хутчэй за ўсё, памыляюцца. Падобна на тое, што мы назіраем толькі фінал першага сезону доўгага серыялу.