Апошнія выбары з тэлевізарам

Выбары прэзідэнта Украіны-2019 лічацца вызначальнымі з пункту гледжання таго, як краіна будзе развівацца далей. Але ўжо відавочна: цяперашнія выбары — апошнія, надвор’е на якіх вызначаў тэлевізар.

 Фота www.ok.ru

 Фота www.ok.ru

Яшчэ ў 2014 годзе, калі палітолагі разбіралі прычыны краху Віктара Януковіча, яны адзначалі: рэжым аказаўся не гатовы да інфармацыйнага супрацьстаяння новага тыпу. У той час, як каманда Януковіча спрабавала захапіць татальны кантроль над «тэлескрыняй», яна ўшчэнт прайграла інтэрнэту і сацыяльным сеткам. У гэтым плане нават сімвалічна, што пратэсты пачаліся пасля публікацыі ў Facebook паста журналіста Мустафы Наема, які заклікаў сяброў выходзіць на Майдан.

За апошнюю пяцігодку тэндэнцыя ўзмацнення ўплыву інтэрнэту стала больш яскравай. Ужо сёння рэйтынгі тэлебачання і навінавых сайтаў ва Украіне цалкам супастаўныя. 17-мільённая аўдыторыя сацыяльных сетак таксама выйшла за межы спажыўца навін. З дапамогай інтэрнэту некалькі кандыдатаў у прэзідэнты зрабілі моцныя кампаніі і фандрайзінг. Асабліва памятная кампанія незалежнага журналіста Дзмітрыя Гнапа, якому праз сеціва ўдалося сабраць неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты прыкладна 80 тысяч долараў. З іншага боку, магчыма, лепш бы тая кампанія была не такой паспяховай. Тут жа стала вядома, што ў 2015 годзе Гнап атрымаў грант у 15000 еўра, які абавязаўся ахвяраваць на войска, але слова не стрымаў.

Што да ролі новых медыя на выбарах, дык у тэлебачання з’явіўся такі магутны канкурэнт, як Youtube. Назіраецца папросту бум каналаў, якія асвятляюць палітычны працэс. Прычым часта гэтыя студыі пачалі цясніць тэлеканалы. Сакрэт поспеху новых медыя заключаецца ў мабільнасці, незалежнасці, адсутнасці цэнзуры. Такім чынам, на выхадзе аказалася, што канал на Youtube патрабуе значна менш выдаткаў пры не меншай эфектыўнасці ўздзеяння на публіку, чым тэлебачанне. Ажыятаж прыватных каналаў падаграваюць лічбы — прыкладна траціна рэкламы ўжо сышла ў сеціва. Як вынік, тэлебачанне пакуль застаецца галоўным інструментам агітацыі, аднак роля інтэрнэту значна ўзрасла.

Менавіта на адным з такіх каналаў — BIHUS info — з’явіўся сенсацыйны матэрыял пра карупцыйныя схемы ў абарончай галіне, да якіх меў дачыненне Парашэнка. Лічыцца, што скандал, выкліканы той публікацыяй, не дазволіў Парашэнку замацаваць тэндэнцыю росту рэйтынгу і дыскрэдытаваў яго ў асяроддзі патрыётаў.

Упершыню ў гісторыі краіны палітычны парадак дня пачалі дыктаваць блогеры. Да шэрагу класікі ўжо цяпер можна аднесці флэшмоб апазіцыйнага блогера Анатоля Шарыя. Той заклікаў сваіх падпісантаў на розных мітынгах і сустрэчах з удзелам Парашэнкі задаваць кіраўніку дзяржавы нязручныя пытанні наконт пераследу ўладай. Гарант і яго ахова рэагавалі на такія пытанні вельмі эмацыйна. Парашэнка зрываў шапкі ў прысутных, а ахоўнікі нават неяк спалілі аўтамабіль аматара задаваць прэзідэнту правакацыйныя пытанні. У выніку перадвыбарчы тур Парашэнкі апынуўся хаатычным. У навіны траплялі не агучаныя на мітынгах тэзісы кандыдата, а паведамленні пра выхадкі фанатаў Шарыя.

Аднак гэта толькі кветачкі. Фаварытам выбараў 31 сакавіка стаў кандыдат, які ўвогуле практычна не з’яўляецца ў рэале. Уладзімір Зяленскі, што, паводле апытанняў, мае 30 працэнтаў падтрымкі, правёў усю выбарчую кампанію ў лічбавым фармаце і не выходзіў у народ у якасці палітычнага дзеяча.

Такога сусветная электаральная гісторыя яшчэ не ведала. Таму беспрэцэдэнтны поспех віртуальнага кандыдата палохае нават самых паслядоўных парашэнкафобаў. «Ён жыве ў «лічбе», мае невыразную праграму і невыразныя абяцанні. А ці можа быць лічбавым галоўнакамандуючы? Усё ж у яго павінны быць рэальныя адміністрацыйныя кампетэнцыі, паўнамоцтвы і дзейнасць», — кажа палітолаг Вадзім Карасёў.

Апісаных прыкладаў уплыву інтэрнэту на выбары некаторым палітолагам хапае, каб гучна заявіць: бліжэйшая пяцігодка стане часам новых інфармацыйных выбарчых тэхналогій і новых інфармацыйных праектаў. Праўда, некаторыя ў жаху ад такіх прагнозаў. Узровень палітычных дэбатаў у сацсетках вельмі прымітыўны. Адпаведна, прымітыўнай будзе і палітычныя культура, пабудаваная на такой базе. Звяртаецца ўвага на тое, што пераход палітыкі ў інтэрнэт прапарцыйны росту палітычнага папулізму.

Хаця сама ідэя таго, што інтэрнэт можа замяніць тэлебачанне, усё яшчэ выклікае сярод украінскіх экспертаў шмат скепсісу. Справа ў тым, што звычайны выбаршчык у сваёй большасці ў інтэрнэце не сядзіць. На вэб-сайтах і ў сацсетках — пераважна палітыкі, журналісты, офісныя клеркі, моладзь. Яны там нешта лайкаюць. Але, калі надыходзіць дзень выбараў, трэба не проста лайкнуць, а ўстаць, узяць пашпарт, некуды пайсці ды згубіць як мінімум гадзіну часу. А менавіта на такі крок гэтая група насельніцтва не здольная.

Пераможцаў гэтай палемікі вызначаць выбары. Зяленскі, які арыентуецца на аматараў сацсетак, атрымаў у першым туры істотную колькасць галасоў. І з’явіліся ўсе падставы заявіць — выбарчы цыкл 2019–2020 гадоў стаў апошнім цыклам, калі графа «тэлебачанне» з’ядала львіную долю выбарчых бюджэтаў.

Дарэчы, Зяленскі абяцае, што на наступных выбарах прэзідэнта, праз пяць гадоў, украінцы будуць галасаваць ужо праз сацыяльныя сеткі: толькі на кампутар ці мабільнік трэба будзе спампаваць адпаведную праграму.