Au revoir, серп і молат!
Аналітыкі намагаюцца зразумець, якая муха ўкусіла французскіх камуністаў, што яны вырашылі прыбраць серп і молат са сваёй сімволікі. «Гэта будзе не кангрэс, а сапраўдны рок-н-рол», — паабяцаў напярэдадні 36-га кангрэсу Камуністычнай партыі Францыі (PCF) яе нацыянальны сакратар П’ер Ларан.
У некаторым сэнсе яго абяцанне спраўдзілася. Агучанае на кангрэсе рашэнне адмовіцца ад выкарыстання ў якасці партыйнай сімволікі выявы сярпа і молата прымусіла палітолагаў шукаць логіку такога ўчынку.
Адмова ад сімвалаў, якія PCF выкарыстоўвае з 1924 года, — вельмі дзіўны акт з улікам таго, што на дварэ другая дэкада ХХІ стагоддзя, а не пачатак 1990-х. Менавіта тады шматлікія партыі камуністаў адмаўляліся ад былых сімвалаў веры, у тым ліку ад сярпаста-малаткастых выяваў. Напрыклад, Камуністычная партыя Чэхіі і Маравіі, якая, дарэчы, стала другой на апошніх восеньскіх рэгіянальных выбарах, змагаецца за сацыялізм пад выявай вішні. PCF лічылася самай сталінісцкай сярод еўрапейскіх кампартый: фактычна да канца 1970-х гадоў практыкаваліся выключэнні рэвізіяністаў і іншых аматараў еўракамунізму.
Варта таксама нагадаць, што французскае грамадства не вельмі крытыкуе PCF за рэцыдывы «сталінізму». Папулярна думка, што кампартыя, сябры якой былі франтмэнамі антыфашысцкага супраціву, выкупіла сябе індульгенцыю на любыя забабоны. Таму мясцовыя правыя партыі, у адрозненне ад аднадумцаў з Усходняй Еўропы, ніколі не выносілі на публічны суд ідэю забараніць сімволіку «камуністычнага таталітарызму». Нагадаем, што цяпер серп і молат забароненыя ў Венгрыі і Літве. Вывучаюць магчымасць крыміналізацыі ўжывання знаку ў вышэйшых судовых інстанцыях Малдовы.
І вось французскія камуністы адмаўляюцца ад спрадвечных сімвалаў. «Гэты сімвал не адлюстроўвае рэальнасць», — сказаў П’ер Ларан. Па яго словах, патрэбны «камунізм новага пакалення», якому будзе адпавядаць новая сімволіка. Адмова ад сярпа і молата, лічыць ён, дапаможа партыі лепш інтэгравацца ў сям’ю еўрапейскіх левых партый, наладзіць дыялог з зялёнымі і сацыял-дэмакратамі, якія заўжды крытычна ставіліся да бальшавіцкага эксперыменту і, адпаведна, да яго візуалізацыі. Каб канчаткова дабіць фанатаў сярпа і молата, Ларан на з’ездзе паказаў аўдыторыі партыйны білет 1944 года, калі PCF, будучы ў падполлі, перажывала свой зорны час, і з іроніяй засведчыў, што на дакуменце няма сярпа і молата.
Лексіка Ларана выклікала шок у камуністаў-артадоксаў. Вось заява Кампартыі Грэцыі, якая засталася вернай старому догмату. «Французская КП даўно адышла ад марксізму-ленінізму і ад рэвалюцыйных прынцыпаў камуністычнай партыі. Яна выступае ў авангардзе апартунізму. Для рэвалюцыянераў-камуністаў усяго свету выклікам з’яўляецца не столькі вульгарнасць і перараджэнне яе апартуністычнага кіраўніцтва, колькі замена гістарычнага сімвала камуністычнай партыі».
Аднак сітуацыя больш складаная. Інакш бы Ларан не быў аднагалосна пераабраны на пасаду старшыні. У дадатак прапанаваны ім на кангрэсе праграмны дакумент «Арыенціры дзейнасці» падтрымалі 70 працэнтаў дэлегатаў. На самай справе, «на працягу апошняга стагоддзя» PCF якраз наадварот хутчэй кансервавала сваю адданасць традыцыйнаму камунізму. Пасля таго, як партыю ў 2002 годзе пакінуў нацыянальны сакратар Рабэр Ю, якога за спробы рэформаў празвалі «французскі Гарбачоў», кіраўніцтва партыяй перайшло да больш артадаксальнай Мары-Жорж Бюфэ.
Яе кадэнцыю цяжка назваць паспяховай. Адпаведна апытанням, у 2010 годзе 58 працэнтаў французаў думалі, што Камуністычная партыя больш не існуе. Менавіта тады пачалося тое, што грэчаскія камуністы называюць «перараджэнне». Да ўлады ў партыі прыйшла групоўка, якая задумалася над тым, каб прыпыніць працэс ператварэння партыі ў секту. На дапамогу прыйшоў харызматычны Жан-Люк Меленшон — лідар левай фракцыі сацыялістаў, якая вырашыла падацца ў вольнае плаванне. На базе тандэму камуністы — Меленшон узнік «Левы фронт».
На прэзідэнцкіх выбарах 2012 года кампартыя падтрымала кандыдатуру Меленшона як кандыдата ад «Левага фронту». Ён набраў 11,1% галасоў, што значна вышэй, чым атрымлівалі кандыдаты ад PCF як мінімум на чатырох папярэдніх выбарах. У дадатак камуністы абскакалі сваіх заўзятых апанентаў — трацкістаў. Іх самы распіяраны праект «Новая антыкапіталістычная партыя» (NPA) ледзь-ледзь падае прыкметы жыцця.
Па-сутнасці, рашэнне здаць серп і молат у архіў прадыктавана ўстаноўкай далей фліртаваць з электаратам сацыялістаў. Тым больш, што кан’юнктура зараз вельмі добрая. Вынікі знаходжання Франсуа Аланда пры ўладзе выглядаюць вельмі супярэчлівымі ў вачах левага выбаршчыка. Як адзначыў у сваім выступе П’ер Ларан: «Мы прызнаем ліміты прэзідэнцкай праграмы, яго сацыяльна-ліберальныя комплексы. Аднак мы не кажам пра тое, што мы прайгралі. Нам не падабаюцца некаторыя ўчынкі ўраду, што прымушаюць шукаць яму альтэрнатыву, якія больш заслугоўвае даверу». Вось для чаго і спатрэбілася ўтылізацыя былой сімволікі.
Не ўсе, праўда, упэўненыя, што камуністычны рэбрэндынг можа быць паспяховым. Выданне «Le Monde» мяркуе, што першым вынікам новай сімволікі PCF стане не наплыў новых сяброў, а вайна генерацый унутры партыі, накшталт той, якая была ў часы Рабэра Ю. І вынік гэтага супрацьстаяння можа быць драматычным, паколькі серп і молат (сімвалы гераічнага мінулага) з’яўляліся тымі элементамі, што звязвалі пакаленні. Іншае выданне «Liberation» мяркуе, што надзеі Ларана на павелічэнне сацыяльнай базы партыі апрыёры бесперспектыўная, паколькі кампартыя — гэта партапарат, які, нібы той ненавісны Карлу Марксу ранцье, існуе дзякуючы арэндзе партыйнай нерухомасці, якая засталася ад былых часоў. Тое, што камуністы носяцца з сярпом і молатам, хутчэй указвае на вузкія рамкі іх манеўру і фантазіі. Сапраўды, нічога альтэрнатыўнага сярпу і молату П’ер Ларан не прапанаваў.
Аднак гэта праблема не толькі кампартыі. Не дарма брытанская газета «Guardian» заклікае левых пачаць прыдумляць сімволіку для ХХІ стагоддзя. Газета піша: «Серп і молат — гэта архаіка. Молат не запатрабаваны пры сучасных тэхналогіях. А зялёная рэвалюцыя ў аграрным сектары хутка паложыць канец і выкарыстанню сярпа ў агракультурнай прамысловасці. Левыя партыі павінны пачаць шукаць новы эквівалент візуалізацыі рабочай сілы ў часы неаліберальнага капіталізму. Тэлефон і мікрафон супрацоўнікаў кол-цэнтраў, санітарная маска-рэспіратар рабочага на кітайскіх заводах ці рабочы жакет... Трэба проста вызначыць, што сімвалізуе рабочы клас у нашы дні, і, магчыма, вы прыдумаеце яго новы сімвал».
Дарэчы, над гэтым пытаннем даўно ламаюць галаву левыя Усходняй Еўропы, дзе з-за забароны старой камуністычнай сімволікі даводзіцца прыдумляць новую. Так, некаторыя польскія левыя інтэлектуалы лічаць, што сімвалам сацыяльнай барацьбы ў ХХІ стагоддзі можа быць выява кола. Адзін з аргументаў вельмі моцны: выяву кола пры ўсім жаданні забараніць нельга.