Азербайджан: інтэрнэт патрапіў пад Крымінальны кодэкс

Парламент Азербайджана 14 мая ўхваліў папраўкі да Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць пакаранне за абразы ў інтэрнэце. Законапраект, быў унесены на разгляд генпракурорам Закірам Гаралавым.



d45f5351_c258_4122_9ebc_6ac004d4e37f_mw1024_n_s.jpg

Фота www.radioazadlyg.org

Пракурор прапанаваў змяніць у артыкулах 147.1 (Паклёп) і 148 (Абраза) Крымінальнага Кодэкса АР слова «ў сродках масавай інфармацыі» на выраз «у сродках масавай інфармацыі ці ў інтэрнэце». Парламент пагадзіўся.

З гэтай нагоды Інстытут свабоды і бяспекі рэпарцёраў (ІСБР) прыняў адмысловую заяву, у якой асудзіў прыняцце паправак. ІСБР лічыць, што паспешлівае прыняцце гэтага законапраекта было неабходна для абмежавання ўплыву блогераў і інтэрнэт-рэсурсаў на грамадства напярэдадні выбараў.

ІСБР лічыць, што выкарыстанне сістэмы крымінальнага правасуддзя для пакарання журналістаў і блогераў за іх меркаванне супярэчыць Канстытуцыі Азербайджана і міжнароднымі абавязацельствамі і будзе негатыўна ўздзейнічаць на журналістаў па ўсёй краіне.

ІСБР настойліва заклікае прэзідэнта Азербайджана ўстрымацца ад зацвярджэння гэтых паправак, паколькі яны несумяшчальныя з прынятай Нацыянальнай праграмы дзеянняў для павышэння эфектыўнасці правоў і свабод чалавека.

«Права на свабоду выказвання меркавання і інфармацыі гарантуецца і абараняецца ў адпаведнасці з палажэннямі міжнародных дакументаў і дамоваў, падпісаных і ратыфікаваных урадам Азербайджана, у прыватнасці, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канвенцыяй Савета Еўропы па правах чалавека», — гаворыцца ў заяве.

ІСБР таксама заклікае міжнародную супольнасць, у прыватнасці, Савет Еўропы і АБСЕ, заняць больш рашучую пазіцыю і аказваць большы ціск на ўлады Азербайджана для выканання імі сваіх міжнародных абавязацельстваў па правах чалавека.

«Тое, што сёння адбылося ў парламенце — відавочна палітычны крок, накіраваны на абмежаванне свабоды слова і меркаванняў ужо і ў інтэрнэт-прасторы, каб зачыніць рот нязгодным з палітыкай дзеючай улады напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў», — мяркуе кіраўнік ІСБР Эмін Хусэйнаў.

А вось праўладны дэпутат Сахіб Алыеў, каментуючы дадзеную ініцыятыву, адзначыў: «Пасля з'яўлення інтэрнэту, увага да СМІ паменшылася ў чатыры разы. Інтэрнэт па сваёй сіле ўжо апярэджвае тэлебачанне. Таму няслушна, каб за паклёп і абразу ў газетах прадугледжвалася адказнасць, а за нападкі ў сусветным павуцінні — не». Дэпутат Чынгіз Ганізаде дадае: «Чаму мы павінны глядзець скрозь пальцы на факты абраз з боку прадстаўнікоў СМІ? Дадзенае пытанне не варта палітызаваць. Папраўкі ў закон маюць на мэце абарону правоў і свабодаў шараговых грамадзян».

Трэба дадаць, што нягледзячы на фармальнае існаванне шматлікіх недзяржаўных медыя ў Азербайджане, усе яны так ці інакш кантралююцца ўладай. Адзінай яшчэ больш-менш вольнай прасторай, дзе можна было пачуць сапраўды незалежную думку, быў інтэрнэт. Акрамя таго, у інтэрнэце дзейнічае і фактычна адзіны апазіцыйны і дэмакратычны тэлеканал. І вось цяпер пад кантроль пастаўлены і гэты сегмент.

Цяпер любое вольнае слова блогера, каментар на форуме ці пост у сацыяльных сетках могуць раптам абразіць гонар і годнасць якога дэпутата ці шараговага грамадзяніна. Той, зразумела, пойдзе ў суд, у выніку парушальніку ўладнага спакою будзе пагражаць або штраф ад 100 да 1000 мінімальных заробкаў (930–9300 манат; 1 манат = 0,98 еўра), або выпраўленчыя працы на тэрмін да аднаго года, або пазбаўленне волі на 6 месяцаў.