Журналіст Дзмітрый Галко — на волі
Учора а 21-й гадзіне сябра ГА "БАЖ" вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання на Акрэсціна пасля 10 сутак арышту.
Дзмітрый пачаў са свежай прэсы. Фота Б. Гарэцкага
Сустракаць калегу ля турмы прыйшлі каля 20 журналістаў.
"Тое, што мяне затрымалі і трымалі тут – страшэннае беззаконне", – зазначыў ён у гутарцы з калегамі.
Спачатку Дзмітрыя змясцілі у камеру, дзе знаходзілася 7 чалавек. Потым, калі з яго ініцыятывы, яны запатрабалі дэзынфекцыі камеры (там былі вошы), іх перавялі ў іншую камеру. Апошнія чацвёра сутак ён сядзеў у вельмі маленькай камеры на два чалавекі. Гэтага гонару, як даведаўся Зміцер, спадабляюцца тыя, хто можа ўплываць на іншых.
Нагадаем, што сябраў ГА “БАЖ” Дзмітрыя Галко і Аляксандра Ярашэвіча затрымалі ўвечары 6 мая.
Журналістаў даставілі ў Маскоўскі РУУС Мінска, дзе склалі адміністратыўныя пратаколы. На наступны дзень журналістаў прызналі вінаватымі ў хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі і асудзілі да розных тэрмінаў арышту: Галко – на 10 сутак, Ярашэвіча – на 12.
У панядзелак, 13 мая, адвакат Аляксандр Галіеў асуджаных абскардзіў прысуды журналістам.
Паводле інфармацыі Прэс-службы ГА "БАЖ"