Азербайджан: Еўрапейскія гульні ў краіне палітвязняў

Праваабаронцы заклікалі ўрады краінаў Еўропы прыняць захады для вызвалення палітычных зняволеных у Азербайджане, дзе праз тыдзень пачынаюцца першыя ў гісторыі Еўрапейскія гульні.



1a932975_f3bc_4df3_b827_85eaf8a399da_w640_r1_s.jpg

За тыдзень да цырымоніі адкрыцця ў Азербайджане першых Еўрапейскіх гульняў, Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (МФПЧ) заклікала лідэраў еўрапейскіх краінаў абумовіць свой удзел у цырымоніі адкрыцця гульняў вызваленнем палітычных зняволеных і актывістаў, якія чакаюць судовага працэсу паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў.

«У кантэксце сітуацыі, якая склалася, удзел прадстаўнікоў урадаў еўрапейскіх краінаў у цырымоніі адкрыцця Еўрапейскіх гульняў стане абразай для пазбаўленых волі актывістаў у Азербайджане і для ўніверсальных каштоўнасцяў, за якія яны змагаюцца, рызыкуючы сваёй свабодай і бяспекай», — заявіў прэзідэнт МФПЧ Карым Лахіджы.

 

Міжнародная федэрацыя правоў чалавека асуджае беспрэцэдэнтную расправу уладаў Азербайджану над грамадзянскай супольнасцю сваёй краіны. Летась большасць кіраўнікоў незалежных НДА ў краіне былі арыштаваныя. Іх адвакаты падпадаюць пад пераслед, некаторыя таксама арыштаваныя з мэтай пазбаўлення актывістаў заканадаўча замацаванага права на юрыдычную абарону, — паведамляе прэсавая служба МФПЧ.

«Новыя заканадаўчыя змены жорстка абмяжоўваюць правы грамадзян і робяць практычна немагчымымі рэгістрацыю і нармальнае функцыянаванне незалежных арганізацыяў: замарожваюцца іх банкаўскія рахункі, фінансаванне замежнымі арганізацыямі абвешчанае незаконным, за выключэннем тых выпадкаў, калі яно дазволена дзяржаўнымі органамі краіны. Еўрапейскія гульні могуць спрыяць далейшаму пагаршэнню трывожнага становішча з правамі чалавека ў Азербайджане, улічваючы імкненне ўладаў скарыстацца спартовым мерапрыемствам для паляпшэння іміджу краіны і ў сувязі з гэтым — яшчэ большую нецярпімасць да любых крытычных выказванняў або іншадумства», — заявіла Міжнародная федэрацыя правоў чалавека.

Арганізацыя нагадвае, што ў красавіку 2015 году, за два месяцы да пачатку гульняў, два праваабаронцы — Расул Джафараў і Інцігам Аліеў — былі прысуджаныя адпаведна да 6,5 і 7,5 гадоў пазбаўлення волі «за сваю барацьбу за такія асноўныя правы чалавека, як свабода выказвання меркаванняў, свабода асацыяцыяў і права на справядлівую і бесстароннюю судовую вытворчасць». «Цэлы шэраг іншых праваабаронцаў апынуліся за кратамі ў 2014 годзе, сярод іх — Лэйла Юнус і Арыф Юнус, вядомыя абаронцы правоў нацыянальных меншасьцяў, якія актыўна ўдзельнічалі ў міратворчых намаганнях ў кантэксце канфлікту паміж Азербайджанам і Арменіяй. Незалежныя журналісты Хадзіджа Ісмаілава, Раўф Міркадыраў і Сеймур Хазіеў таксама былі затрыманыя ўладамі ў мінулым годзе. Старшыня няўрадавай арганізацыі па назіранні за выбарамі Анар Мамедлі і абаронца правоў талышскай меншасці Хілал Мамедаў асуджаныя і ў цяперашні час адбываюць працяглыя тэрміны пазбаўлення волі, а абаронца правоў журналістаў і свабоды прэсы Эмін Гусейнаў з жніўня 2014 вымушаны знаходзіцца ў амбасадзе Швейцарыі, бо яму пагражае пазбаўленне волі паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў», — паведамляе МФПЧ.

Арганізацыя нагадвае, што ўлады Азербайджану працягваюць жорстка пераследаваць палітычную апазіцыю:

«Апазіцыйным партыям адмаўляюць у рэгістрацыі, а іх сябраў прысуджаюць да турэмных тэрмінаў у адсутнасці справядлівага судовага разбору. У 2014 годзе апазіцыйныя палітычныя дзеячы Ільгар Мамедаў і Тофік Ягублу былі асуджаныя адпаведна да сямі і пяці гадоў пазбаўлення волі за крытычныя выступы на адрас ўраду. Нядаўна два сябры апазіцыйнай Партыі Нацыянальнага Фронту Азербайджана, Мурад Адылаў (асуджаны 14 мая 2015 году) і Эльвін Абдулаеў (асуджаны 1 чэрвеня 2015) былі асуджаныя да шасці гадоў пазбаўлення волі кожны, паводле палітычна матываваных абвінавачанняў».

«Заканадаўчыя перашкоды, накіраваныя на выкараненне незалежнай грамадзянскай супольнасці, судовы пераслед актывістаў і іх адвакатаў і адвольныя затрыманні іншадумцаў супярэчаць духу і літары Алімпійскай хартыі. Урад Азербайджана надае выключна важнае значэнне маючым адбыцца Еўрапейскім гульням, разглядаючы іх як магчымасць палепшыць сваю рэпутацыю і імідж на міжнароднай арэне. Менавіта таму Гульні ўяўляюць для еўрапейскіх урадаў ідэальную магчымасць змяніць да лепшага становішча з правамі чалавека ў Азербайджане. МФПЧ заклікае ўрады краінаў Еўропы заявіць, што іх прысутнасць на цырымоніі адкрыцця Гульняў залежыць ад таго, ці будуць выпушчаныя на свабоду усе самавольна асуджаныя і затрыманыя актывісты грамадзянскай супольнасці», — заклікае арганізацыя.

МФПЧ з'яўляецца міжнароднай праваабарончай НДА, якая аб’ядноўвае 178 арганізацыяў у 120 краінах, у тым ліку беларускі Праваабарончы цэнтр «Вясна». Намеснікам старшыні гэтай арганізацыі з'яўляецца беларускі праваабаронца былы палітвязень Алесь Бяляцкі.