Бікалор супраць трыкалору
У Малдове нечакана абвастрылася пытанне, які сцяг з’яўляецца сапраўдным нацыянальным.
Цяперашні варыянт малдаўскага сцяга ўяўляе сабой трыкалор з роўнавялікімі палосамі, размешчанымі вертыкальна: блакітная, жоўтая і чырвоная. У цэнтры, на жоўтай паласе, размешчаны герб, у аснове якога
— выява галавы зубра.
У Малдове нечакана абвастрылася пытанне, які сцяг з’яўляецца сапраўдным нацыянальным.
Цяперашні варыянт малдаўскага сцяга ўяўляе сабой трыкалор з роўнавялікімі палосамі, размешчанымі вертыкальна: блакітная, жоўтая і чырвоная. У цэнтры, на жоўтай паласе, размешчаны герб, у аснове якога
— выява галавы зубра.
Сцяг, што быў прыняты як дзяржаўны ў 1990 годзе, зацвярджалі на альтэрнатыўнай аснове. У тагачаснай камісіі па сімволіцы было як мінімум тры фракцыі. Першая — прыхільнікі інтэграцыі
з Румыніяй, т. зв. уніяністы. Яны агітавалі за трыкалор, паколькі падобны сцяг мела блізкая малдаванам Румынія і абвешчаная ў 1918 годзе Малдаўская Прэзідэнцкая Рэспубліка (хаця палосы размяшчаліся
гарызантальна).
Касцяк другой групы складалі камуністы. Яны ўвогуле былі супраць рэформы сімволікі, сцвярджаючы, што чырвоны сцяг — гэта сцяг малдаван. Аргументам служыў той факт, што чырвоныя колеры былі
на сцягу легендарнага сярэднявечнага малдаўскага князя Стэфана Вялікага. Хутка абвешчаная ў Прыднястроўі непрызнаная рэспубліка пачала ўжываць сцяг Малдаўскай ССР, хоць і без выявы сярпа, молата і
зоркі.
Была ў той камісіі яшчэ адна маленькая група гісторыкаў-спецыялістаў, якія выцягнулі з архіваў амаль не вядомы сучаснікам факт. Аказваецца, у 1858 годзе ў Парыжы канвенцыя сямі вялікіх дзяржаў (сярод
якіх былі і Францыя, і Вялікабрытанія, і Расія, і Турцыя) у чарговы раз падзяліла Турцыю. У выніку было таксама вырашана, што аўтаномныя княствы Малдовія і Валахія, якія пазней створаць адзіную
дзяржаву — Румынію, павінны атрымаць асобныя сцягі. Валахам дастаўся сіне-жоўты, а малдаванам — сіне-чырвоны сцяг. Гэта было нават асобна запісана ў міжнародным дакуменце. Іншымі
словамі, сцяг атрымаў міжнародную легітымнасць.
Нататку пра сіне-чырвоны сцяг напрыканцы 1980-х гадоў палічылі гістарычным кур’ёзам. У той час сярод палітыкаў дамінавала ідэя аб’яднання Малдовы з Румыніяй. І калі быў абвешчаны
конкурс новай дзяржаўнай сімволікі, амаль усе ўдзельнікі пагадзіліся, што дзяржаўным сцягам будзе той, які падобны да румынскага трыкалору.
Пасля зацвярджэння трыкалору ў якасці дзяржаўнага сцяга Малдовы пра дыскусію канца 1980-х гадоў наконт дзяржаўнай сімволікі забыліся. Нават калі да ўлады ў Кішынёве прыйшлі камуністы, статус-кво
захаваўся. Тэма дзяржаўных сімвалаў нечакана ўсплыла роўна праз 20 гадоў. 1 мая 2010 года па вуліцах Кішынёва павінен быў прайсці разрэкламаваны левай апазіцыяй Сацыяльны марш. Сюрпрызам акцыі стала
тое, што над калонай маніфестантаў развіваўся не толькі традыцыйны кумач, а аднак таксама сіне-чырвоны штандар.
Ад камуністаў журналісты даведаліся, што гэта і ёсць сапраўдны малдаўскі сцяг, які ў дадатак утрымлівае важны ідэйны змест. «Сёння сіне-чырвоны сцяг — не проста гістарычны,
спрадвечны сцяг Малдаўскай дзяржавы: сёння гэта знак пратэсту. Пратэсту супраць карупцыі і беззаконня. Пратэсту супраць антысацыяльных рэформаў. Пратэсту супраць татальнай румынізацыі Малдовы і
скажэння гістарычнай праўды, — пісала блізкае да кампартыі выданне «Грэнада». — Сёння, калі мы шукаем пераемнасць у традыцыях малдаўскай дзяржавы, то гэтыя колеры
як нельга лепш адлюстроўваюць дзяржаўную традыцыю».
Справа не абмежавалася толькі экскурсам у гісторыю. Паколькі камуністы добра прадстаўленыя на ўзроўні мясцовых саветаў, чырвоныя муніцыпалітэты хутка пачалі прымаць рашэнні аб выкарыстанні
сіне-чырвонага сцяга ў якасці афіцыйнага. На будынках муніцыпалітэтаў бікалор (так празвалі новы сцяг журналісты), вывешваюць на падставе таго, што гэта «гістарычны сцяг Малдовы».
Праўда, пакуль камуністы не супраць таго, каб «гістарычны сцяг Малдовы» вісеў побач з дзейным дзяржаўным сцягам.
Ужо зараз «гістарычны сцяг Малдовы» лунае над будынкамі некаторых дзяржаўных устаноў трох раёнаў рэспублікі. Самы вялікі населены пункт, які перайшоў на новую сімволіку, —
другі ў краіне горад Бельцы. Там 29 сакавіка, падчас пасяджэнні муніцыпальнай рады, было прынята рашэнне пра выкарыстанне «гістарычнага сцяга малдаўскай дзяржавы».
Кіруючы ў краіне прарумынскі «Альянс за еўрапейскую інтэграцыю» вельмі рэзка сустрэў ініцыятыву з новым сцягам. Частка блізкіх да альянсу гісторыкаў выступіла з катэгарычнымі
заявамі пра тое, што сіне-чырвоны сцяг не мае нічога агульнага з мінулым Малдовы.
Як звычайна бывае, у ход пайшлі самыя вульгарныя тэорыі. Так, некаторыя праўрадавыя публіцысты сцвярджаюць, што ў Асманскай імперыі, куды ўваходзіла Малдова, чырвоная паласа на сцягах акупаваных
туркамі правінцый значыла падпарадкаванне. Тое, што камуністы выкарыстоўваюць на «гістарычным сцягу Малдовы» чырвоны колер, значыць, такім чынам, пакору мусульманам. Някепскую
тэорыю прыдумаў пісьменнік Мікола Дабіжа. Як ён піша, «сіне-чырвоны сцяг створаны па падабенству са сцягам Расійскай Федэрацыі, толькі без белага колеру».
Справа даходзіць да банальнага крадзяжу сіне-чырвоных сцягоў з дахаў муніцыпалітэтаў, якія «перайшлі» на новую сімволіку. Прычым старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі, кіраўнік
урада Уладзімір Філат нядаўна паведаміў усім, што сцягі зрываюцца «па распараджэнні ўладаў».
Неаднаразова ў Кішынёве ўздымалася пытанне пра прыцягненне да крымінальнай адказнасці дэпутатаў на месцах, якія галасавалі за новую сімволіку. «Генпракуратура павінна распачаць крымінальныя
справы супраць тых, хто парушыў заканадаўства Рэспублікі Малдова пра дзяржаўную сімволіку. У будучыні, а мы гэта паказалі, любое парушэнне закона будзе пераследавацца», — заявіў
прэм’ер краіны Філат.
Нядаўна Генеральная пракуратура Малдовы сапраўды распачала пяць крымінальных спраў супраць мясцовых органаў улады, якія санкцыянавалі вывешванне двухколерных сіне-чырвоных сцягоў на дзяржаўных
установах. Дзеянні дэпутатаў пракуратура кваліфікавала па артыкулу «Перавышэнне паўнамоцтваў». Аднак цяжка сказаць, ці дойдзе справа да працэсу, паколькі такія працэсы, відавочна,
ператварацца ў бясконцую спрэчку гісторыкаў.
На сіне-чырвоны сцяг нацкавалі і Нацыянальную камісію па геральдыцы, пра існаванне якой, напэўна, не ведала 99,99 працэнта малдаўскіх грамадзян. Узняцце сіне-чырвонага сцяга ў Бельцах гэта
малавядомая камісія назвала «здзекам з трыкалору Малдовы».
Затое ўлады праігнаравалі словы мэра сталіцы, які ўвогуле выступіў за ліквідацыю дзяржаўнай сімволікі Малдовы. У адказ на навязаную грамадству камуністамі дыскусію пра сімволіку мэр Кішынёва заявіў,
што сцягі Малдавіі і Румыніі павінны стаць ідэнтычнымі. «Цяпер у нас два тыпы трыкалораў. Толькі адзін без герба — у Румыніі, а іншы з гербам — тут, у Малдове. Я прапаную,
каб сцягі былі аднолькавымі», — падкрэсліў мэр.
У тым, што ўлада актыўна ўключылася ў барацьбу за сімволіку, нічога дзіўнага няма. Зразумела, што лепш ірваць тканіну сцяга, чым змагацца з сацыяльнымі праблемамі і карупцыяй. На гэтым моманце
акцэнтуе ўвагу левая прэса. Аднак падобнае абвінавачанне лагічна выставіць і на адрас камуністычнай апазіцыі, якая накіравала шмат энергіі на папулярызацыю сіне-чырвоных штандараў.
Здаецца, што абодвум бакам — уладзе і апазіцыі — тактычна выгадныя гістарычна-культурныя войны, паколькі дазваляюць без вялікіх цяжкасцяў кансалідаваць і мабілізаваць свой
электарат. Не зразумела толькі, чым можа закончыцца палярызацыя Малдовы па прынцыпу сімпатый да трыкалору або бікалору.