Балканская анамалія
Навіны з Румыніі і Македоніі, дзе на выбарах перамаглі праеўрапейскія сілы, цягнуць на сенсацыю. У прэсе нават з’явіўся правакацыйны тэзіс: Еўрасаюз выратуюць не заможныя, а бедныя еўрапейскія краіны.
Сенсацыя нават падвоеная, калі ўлічыць, што пераможцы ў Румыніі і Македоніі належаць да лагеру сацыял-дэмакратаў. Еўрапейская сацыял-дэмакратыя знаходзіцца не ў лепшым стане. Напрыклад, у Францыі ўсё ідзе да таго, што ўпершыню практычна за 50 гадоў кандыдат ад сацыялістаў не выйдзе ў другі тур прэзідэнцкіх выбараў.
І тут з Бухарэста паведамілі, што мясцовыя сацыял-дэмакраты атрымалі 46 працэнтаў у абодвух палатах парламента. Праз нейкі час прыйшла аналагічная інфармацыя са Скоп’е. Варта зазначыць, што эсдэкі перамаглі ў краінах, якія лічацца раем для нацыяналізму і папулізму. Тая ж Румынія — адна з самых бедных краін ЕС, прыкладна траціна яе грамадзян шукае лепшай долі за мяжой. Тым, хто застаўся, уласцівыя моцныя нацыяналістычныя і аўтарытарныя забабоны. З улікам разгулу карупцыі, выбары даўно ператварыліся ў кірмаш кандыдатаў, звязаных з лакальнымі алігархамі, якім належаць усе ўплывовыя медыя.
Выбары ў мінулы ўік-энд, падаваліся, толькі замацуюць трэнд. Аднак нечакана мы сталі сведкамі катастрофы правых папулістаў і фурору эсдэкаў, якія засталіся вернымі еўрапейскай рыторыцы.
Палітолагі цяпер намагаюцца зразумець румынскую анамалію. Нават беручы пад увагу мясцовую спецыфіку і розныя малавядомыя фактары, уздымаецца правакацыйнае пытанне: ці здольныя бедныя Балканы выканаць місію выратавальніка еўрапейскай інтэграцыі? Так — адказваюць некаторыя. «Апынуўшыся ва ўладзе, сацыял-дэмакраты Румыніі могуць выступаць у якасці найбольш дысцыплінаванай партыі еўрапейскага мэйнстрыму і служыць надзейнай праеўрапейскай палітычнай сілай», — піша нямецкая TAZ.
Такі падыход ахвотна ілюструюць лічбамі. Прасочваецца заканамернасць: чым вышэй паказчыкі эканамічнага дабрабыту краіны, тым лепшыя вынікі дэманструюць партыі, настроеныя да Еўрасаюза скептычна. Выключэнне ў гэтай групе складаюць толькі Грэцыя, дзе валавы нацыянальны прадукт (ВНП) ніжэй за сярэднееўрапейскі і роўны $20290, і Венгрыя (ВНП — $ 12990) са сваімі праблемамі, якія паўплывалі на папулярнасць еўраскептычных настрояў у насельніцтва, — напрыклад, тэма міграцыі.
З іншага боку, дзесяць краін, якія дэманструюць самыя горшыя паказчыкі па ВНП на душу насельніцтва, належаць да Усходняй Еўропы. Тая ж Румынія знаходзіцца на перадапошнім месцы (тут ВНП роўны $9500). Горшы паказчык толькі ў Балгарыі ($7200). Аднак ні румынская, ні балгарская палітычныя эліты не сумняюцца адносна еўрапейскага выбару. «Ні ў адной з усходнееўрапейскіх краінаў не чакаецца з’яўлення руху за выхад, ці палітычных сілаў, якія падвяргаюць сумневу саму ідэю Еўрасаюза», — сумна канстатуе расійская прэса.
Гэты парадокс некаторыя намагаюцца растлумачыць тым, што альтэрнатывы інтэграцыі ў Еўропу для краін на перыферыі ЕС фактычна няма. Дыскусіі пра выхад з аб’яднання могуць дазволіць сабе толькі заможныя краіны, дзе ёсць нейкія падмуркі для нацыянальнай самастойнай гаспадаркі.
Праўда, у ідэі, што бедныя Балканы змогуць збалансаваць націск еўраскептыкаў, хапае апанентаў. Па-першае, усё ж галоўную скрыпку ў аб’яднанні будуць гуляць заможныя краіны, дзе еўраскептыцызм становіцца сёння амаль модай.
Па-другое, еўрапейскасць румынскіх эсдэкаў ставяць пад вялікае пытанне. Сярод іх, напрыклад, таксама хапае карупцыянераў, якія будуць рабіць усё, каб Румынія не імплементавала антыкарупцыйнае заканадаўства ЕС. Плюс румынскія сацыял-дэмакраты — не класічная левацэнтрысцкая партыя, электаральнай базай якой выступаюць прафсаюзы. Электарат эсдэкаў мае мазаічны характар. Ёсць у партыі і людзі, якіх цяжка лічыць еўрапейцамі, і партыйнае кіраўніцтва павінна ўлічваць падобныя настроі.
Напрыклад, феміністычныя лозунгі або заклікі да шлюбаў геяў — звычайныя рэчы на Захадзе, — застаюцца для румынскіх эсдэкаў табу. Нават наадварот — мясцовыя эсдэкі былі не супраць выкрасліць з тэксту румынскай Канстытуцыі блок, які ў мяккай форме дазваляе аднаполыя шлюбы.
Напэўна, каб высветліць, хто мае рацыю ў гэтых дэбатах, спатрэбіцца паглядзець на канкрэтныя крокі новага кабінету. Будучая палітыка сацыял-дэмакратаў ужо зараз выглядае вельмі інтрыгуючай. Напрыклад, цікавы курс адносна Малдовы, дзе нядаўна прэзідэнтам стаў прарасійскі сацыяліст Ігар Дадон, якія абяцае пераарыентацыю краіны на Маскву. Папярэдні румынскі ўрад прытрымліваўся ідэі інкарпарацыі Малдовы.