Бан для «Альтэрнатывы»?
У ФРГ усё часцей гучаць заклікі забараніць антысістэмную партыю «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD), якая імкліва набірае папулярнасць.
Экскурс у гісторыю
У немцаў вялізны вопыт забароны партый. Яшчэ ў Германскай імперыі ў 1878 годзе быў прыняты закон, які забараняў усе сацыялістычныя і сацыял-дэмакратычныя арганізацыі. Закон дзейнічаў ажно да 1980-га.
Традыцыя працягнулася ў Веймарскай рэспубліцы. У 1923-м з-за ўдзелу ў «піўным путчы» былі забароненыя нацысты (партыя зноў стала легальнай у 1925 годзе). З 1919-га да 1924-га былі пазбаўлены рэгістрацыі камуністы, якія, як мы памятаем, спрабавалі таксама зрынуць урад ваеннымі сродкамі.
Пры Гітлеры працэс забароны партый літаральна стаў на канвеер. Пасля падпалу Рейхстага былі забароненыя ўсё тыя ж камуністы, а ў чэрвені 1933-га абвешчана «антынароднай і антыдзяржаўнай арганізацыяй» партыя эсдэкаў. Нарэшце, 16 ліпеня 1933 года былі ліквідаваныя і ўсе іншыя партыі за выключэннем, натуральна, Нацыянал-Сацыялістычнай Партыі Германіі (NSDAP).
У пасляваеннай Германіі NSDAP пастановай саюзнікаў з антыгітлераўскай кааліцыі была абвешчана «злачыннай арганізацыяй». Нацысты, праўда, паспрабавалі дзейнічаць пад шыльдай Сацыяльна-Імперскай Партыі (SRP), што стала падставай для забароны структуры ў 1952-м. У 1956 годзе на хвалі халоднай вайны страціла рэгістрацыю Камуністычная Партыя Германіі (DKP). Калі градус міжнародных адносін крыху знізіўся, сябры DKP выйшлі з падполля і адрадзілі праект.
На Усходзе Германіі фармальна партыі не забаранялі, аднак па сутнасці як партыі працаваць яны не мелі магчымасці. ГДР будавалася на ўзор савецкай улады — фактычна як аднапартыйная дзяржава. Усе партыі былі ўключаны ў Нацыянальны фронт, у якім кіравалі камуністы. Іншыя партыі былі іх марыянеткамі, асабліва пасля таго, як іх узначалілі падабраныя ўладамі функцыянеры.
Пасля аб’яднання Германіі забарона пагражала толькі праварадыкальным фармаванням, накшталт нацыянал-дэмакратаў, аднак па розных абставінах іх пакідалі ў спакоі. Ёсць меркаванне, што супраць забароны тых жа нацдэмаў выступілі нямецкія спецслужбы. Ім прасцей кантраляваць радыкалаў, калі яны дзейнічаюць у рамках нейкай адной легальнай арганізацыі.
«Чаму AfD можа быць забаронена»
І вось зараз забарона свеціць партыі «Альтэрнатыва для Германіі». Наогул, тэма, што AfD могуць забараніць, даўно абмяркоўваецца ў грамадстве. Партыя стала балансуе паміж папулізмам і радыкалізмам. Некаторыя яе лакальныя асяродкі ўжо забароненыя за прапаганду неанацызму.
Цяпер кажуць пра магчымасць забароны ўсёй партыі. У справу ўмяшаўся Нямецкі інстытут правоў чалавека (DIMF) — фінансаваная дзяржавай структура, якая сочыць за сітуацыяй з грамадзянскімі правамі. Інстытут мяркуе, што існуюць усе падставы забраць у «Альтэрнатывы» ліцэнзію. Гэта вынікае з 72-старонкавага аналізу пад красамоўнай назвай «Чаму AfD можа быць забаронена», з якім публіка азнаёмілася ў чэрвені.
Супрацоўнікі DIMF прыходзяць да высновы, што «Альтэрнатыва» мае на мэце ліквідацыю свабодна-дэмакратычнага базавага ладу і таму можа страціць рэгістрацыю. «З моманту свайго заснавання ў 2013 годзе AfD няўхільна радыкалізавалася і ператварылася ў правую экстрэмісцкую партыю. Расісцкая нацыянальна-фэлькішская арыентацыя замацавана ў яе праграме. Тая праграма ігнаруе гарантыі чалавечай годнасці, замацаваныя ў Асноўным законе, а таксама прынцыпы дэмакратыі і вяршэнства права», — пішуць аўтары справаздачы.
Па законе гэтай высновы інстытута дастаткова, каб Бундэстаг, Бундэсрат ці ўрад падалі заяўку на пачатак працэдуры забароны. Канчатковае рашэнне прыме Федэральны канстытуцыйны суд.
Як адрэагаваў палітыкум
Некаторыя палітыкі віталі такі сцэнар. Так, у апараце хрысціянскіх дэмакратаў лічаць, што час для падобнага кроку даўно прыйшоў. «Я даўно прытрымліваюся думкі, што працэдура забароны AfD тэрмінова неабходная і мае высокія шанцы на поспех. Абарона дэмакратыі не азначае дзейнічаць занадта позна. Настаў час для працэдуры забароны AfD. AfD дасягнула такога ўзроўню небяспекі для базавага свабоднага дэмакратычнага парадку, што яна можа быць забароненая», — кажа адзін з партыйных функцыянераў.
Аднак у прыхільнікаў абароны ёсць свае апаненты. Іх асноўныя тэзісы наступныя. З пункту гледжання тэорыі дэмакратыі зусім непрымальна ліквідаваць структуру, якая засядае ў парламентах усіх узроўняў. Забарона партыі толькі створыць уражанне таго, што канкурэнты AfD у сваёй бездапаможнасці не ведаюць, як змагацца з «Альтэрнатывай» звычайнымі палітычнымі сродкамі. Урэшце, забарона не вырашае сацыяльнай праблемы росту правых папулісцкіх настрояў. З-за незадаволенасці бягучай палітыкай у выпадку забароны «Альтэрнатывы» людзі працягнуць галасаваць за іншую антысістэмную партыю.
Альтэрнатыва для «Альтэрнатывы»
Замест забароны прапануецца пабудаваць шырокі сацыяльны альянс за дэмакратыю, што магло б ізаляваць «Альтэрнатыву» ў прадстаўнічых органах, выключыць шанцы правых на ўваход у кіраўнічыя органы, на доступ да бюджэтных рэсурсаў. У сярэднетэрміновай перспектыве гэта маргіналізуе «Альтэрнатыву», прадэманструе бюргерам бесперспектыўнасць праекта.
У прынцыпе, ідэя здаецца слушнай, але ёсць нюансы. Падобнай формулы прытрымліваліся дэмакратычныя партыі Францыі з мэтай ізаляцыі Нацыянальнага Фронту і яго спадкаемцы партыі Нацыянальны Сход. Эфект падаецца вельмі супярэчлівым, калі ўспомніць, што лідар нацыяналістаў Марын Ле Пэн двойчы на апошніх двух прэзідэнцкіх выбарах выходзіла ў другі тур.
Акрамя таго, як, паказвае вопыт Усходняй Германіі, хрысціянскія дэмакраты на месцах, каб не страціць рэйтынгі, часта выкарыстоўваюць тую ж лексіку, што і AfD. Або проста згаджаюцца на стварэнне з ёй кааліцый. Інакш кажучы, брандмаўар супраць «Альтэрнатывы» не працуе як мінімум на муніцыпальным узроўні.
Але, мусіць, больш за ўсё трывогі выклікае сённяшні выбух папулярнасці «Альтэрнатывы». Як паказваюць вынікі свежага апытання інстытута Insa, у папулістаў ужо 21% бюргерскіх сімпатый. Лічба фантастычная з улікам таго, што на апошніх парламенцкіх выбарах за «Альтэрнатыву» прагаласавала 10 працэнтаў. Пры гэтым папулісты адстаюць ад лідара рэйтынгаў — кансерватараў — усяго на 4,5%. Партыя Шольца топчацца на трэцім месцы — 19%.
Сацыёлагі баяцца, што вось-вось працэс пройдзе кропку невяртання. Калі рэйтынг «Альтэрнатывы» працягне расці, людзі, якія раней былі скептычна настроены адносна перспектыў AfD або пакуль устрымліваліся ад іх падтрымкі, зараз пойдуць галасаваць за папулістаў.
Таму, як бачым, часу на дыскусіі ў нямецкай палітычнай эліты няма. Неабходныя аператыўныя, канкрэтныя крокі, каб аднавіць давер бюргераў да дэмакратычных партыйных праектаў.