Беларускі размоўны клуб у Кіеве: навошта ўкраінцы вучаць нашу мову?

Беларускі размоўны клуб існуе ў Кіеве з 2009 года, і сёння, нягледзячы ні на што, працягвае свае пасяджэнні. Феномен клуба, як прызнаюцца самі ўдзельнікі, — яго склад: саміх беларусаў тут няшмат. На сустрэчы, якую наведаў «Новы Час», з чатырох чалавек трое — украінцы. 

Беларускі размоўны клуб у Кіеве, жнівень 2023. Фота аўтара

Беларускі размоўны клуб у Кіеве, жнівень 2023. Фота аўтара

«Знайшоў у бібліятэцы дзве кніжачкі: адну з мовай эсперанта, іншую — з беларускай граматыкай»


Юрась зацікавіўся беларускай мовай яшчэ ў школе ў старшых класах:

— «Укантакце» змяніў старонку на беларускамоўную, каб усё было напісана па-беларуску. Мо нейкая песня пачутая ў дзяцінстве выклікала інтарэс: я калісьці чуў «Касіў Ясь канюшыну», мне вельмі спадабалася. Потым пачаў вывучаць больш прафесійна, паступіў на беларускі факультэт, з якога мяне потым выгналі цераз тое, што я не ведаў англійскай мовы. Працягваю самавывучэнне ў гэтым клубе. 

Міхась пачаў хадзіць на пасяджэнні Беларускага размоўнага клуба на трэці год яго існавання, у 2012-м. А пазнаёміўся з беларушчынай яшчэ ў школе: раптоўна пабачыў на паліцы ў кабінеце беларускамоўную кнігу «Расліны», папрасіў у настаўніцы ўзяць дадому і нават адсканаваў яе.

— Я памеркаваў, што калі ўжо ведаю дзве ўсходнеславянскія мовы з трох, дык чаму б і трэцюю не вывучыць дзеля паўнаты калекцыі. Ужо потым я даведаўся, што ўсходнеславянскіх насамрэч болей. — прыгадвае Міхась. — Неяк у інтэрнэце пачытаў артыкул пад загалоўкам «Лукашэнка рыхтуецца да рэвалюцыі», убачыў такое дзіўнае слова «рыхтавацца» — яшчэ болей захацелася глыбей разабрацца. Знайшоў у бібліятэцы дзве кніжачкі: адну з мовай эсперанта, іншую — з беларускай граматыкай. Вось я гэтымі дзвюма лёгкімі мовамі і захапіўся. (У кіеўскі эсперанцкі клуб таксама хаджу).

Ужо прачытаўшы беларускую граматыку, Міхась вырашыў пазначыць на старонцы «Укантакце» беларускую, чытаў беларускія суполкі і каментаваў допісы.

— І тады мне ў прыватныя паведамленні беларусы сталі пісаць па-беларуску, а мне давялося адказваць на гэтай самай мове, бо калі ў мяне на старонцы пазначана беларуская мова, было б сорамна адказаць не на ёй. Спачатку павольна пісаў са слоўнікамі, граматыкаю, потым усё радзей і радзей у кніжкі падглядаў і так паступова мову і вывучыў.

Але ж Міхась не хацеў спыняцца ў сваім навучанні: у Кіеўскім універсітэце, дзе акурат з’явілася спецыяльнасць «Беларуская філалогія», Міхасю выкладчыца-беларуска Надзея Старавойтава не дазволіла наведваць яе заняткі не будучы студэнтам, затое параіла Беларускі размоўны клуб. 

— Калі я ўпершыню прыйшоў на пасяджэнне восенню 2012 года, адразу спаткаў там Уладзіслава Журбу, паліглота, які вучыўся на сербскай філалогіі, але ведае шмат моў, у тым ліку валійскую, літоўскую і беларускую. Ён абвясціў, што замяняе ва ўніверсітэце тую выкладчыцу, што мяне не пусціла, і запрашае прыходзіць нас на свае пары. Мне вельмі-вельмі дапамаглі тыя заняткі, асабліва ўдзячны за прадмет «Гістарычная граматыка беларускай мовы».

Улетку 2012-га Міхась з Журбою паехаў у Мінск на двухтыднёвую бясплатную школу беларускай мовы для замежнікаў пры БДУ, упершыню пабываўшы за мяжою. Туды вучыць беларускую мову прыязджалі не толькі з суседніх краін, а і з Еўропы, Японіі і нават Аўстраліі. 

Большасць часу мы праводзілі з іншымі студэнтамі-замежнікамі, таму размаўлялі па-беларуску, атрымалася, што беларуская нам стала моваю міжнароднай камунікацыі, як эсперанта, — смяецца Міхась. — Яшчэ праз некалькі гадоў вяртаўся на гэтую школу, тады было яшчэ болей студэнцтва, а японка Мары Асана надрукавала рэпартаж пра школу ў сваёй японскай газеце, пасля чаго іншая японка папрасіла ў рэдакцыі мой паштовы адрас, каб ліставацца, бо я прыгожа выглядаў на групавым фотаздымку ў газеце — нават закахаўся дыстанцыйна гэтак.

У Мінску я стараўся акрамя школы (і яе афіцыйных экскурсій) наведваць іншыя культурніцкія імпрэзы, напрыклад, у кнігарню «Ў» заходзіў і на кінафестываль «Белкино лето». Там, вядома, былі людзі, што цікавяцца беларускай, а проста звычайныя мінакі... зрэдку адказвалі па-беларуску, але і рускамоўныя вельмі хвалілі мяне, даведаўшыся, што я з Украіны. Было і такое, што для беларусаў перакладаў словы. Так у парку схема была па-беларуску, і адна кампанія аніяк не магла зразумець, што такое «альтанка», а я і пераклаў ім на рускую.

«Мяне нават заводзілі да начальніка мытні на размову»

Наведваючы Мінск, Міхась адкрыў для сябе адметную для яго рысу беларускага менталітэту: любоў да старажытнасці, захаванне традыцыйнага правапісу адначасова з новым.

— У Мінску тады было букіністычных і антыкварных крамаў нашмат болей, чым у Кіеве. А ў іх факсімільных выданняў старым правапісам — нашмат болей, чым у кіеўскіх! І яны нашмат таннейшыя!  — апантана прыгадвае суразмоўца. — Я ў Мінск ездзіў некалькі разоў, каб накупіць кніг. Вяртаўся назад з трыццацікілаграмовым заплечнікам, поўным беларускіх выданняў.

Вядома, такі заплечнік выклікаў пытанні на мяжы. Акурат з беларускага боку: на мытным кантролі беларуская літаратура выклікала здзіўленне і жывы інтарэс памежнікаў:

— Яны вельмі здзівіліся, што я так шмат беларускіх кніг вязу, уважліва гарталі ўсё, а там у адной кнізе было нешта пра прэзідэнцкія выбары напісана, яе асабліва пільна разглядалі. Але нічога не канфіскавалі і дазволілі правезці. Аднойчы мяне нават заводзілі да начальніка мытні на размову. Ён хацеў даведацца, хто я такі і чаму я «так дзіўна жыву».

На сённяшні дзень беларускую мову Міхась выкарыстоўвае не толькі на штоаўторкавых пасяджэннях размоўнага клуба, але і чытае навіны, артыкулы, лістуецца ў сацыяльных сетках: літаральна сёння ліставаўся ў «Фэйсбуку» з іншым украінцам, які таксама цікавіцца вывучэннем беларускай мовы і, магчыма, прыйдзе ўпершыню на наступнае пасяджэнне клуба.

Пачатак поўнамаштабнага ўварвання 24 лютага 2022 года, падчас якога вёўся крывавы наступ на ўкраінскую сталіцу менавіта з тэрыторыі Беларусі, выклікаў негатыўнае, нават варожае стаўленне да беларусаў у часткі ўкраінскага грамадства. Але гэта не спыніла дзейнасці размоўнага клуба.

— На маё эмацыйнае ўспрыняцце беларускае мовы болей уплываюць тыя беларускамоўныя людзі, з кім я асабіста камунікаваў да вайны, чым «дзяржава Рэспубліка Беларусь», з якою камунікую мала, —  тлумачыць Міхась. — Аналагічна я ўспрымаю і рускую мову. Нягледзячы на тое, што расійцы, якія супраць нас ваююць, рускамоўныя, я асабіста ведаю і тых рускамоўных расійцаў, хто за Украіну. А адна расіянка, якая нарадзілася ў Мінску, нават пераходзіла на няродную беларускую мову, калі мы з ёй камунікавалі (я нават не адразу даведаўся, што яна расіянка). Таму я стараюся адасабляць. І мне так прасцей, бо для мяне гэтыя мовы ўжо навечна сталі мовамі кахання і сяброўства. Напэўна, мая думка адрозніваецца ад думкі маіх аднаклубнікаў, але я, як рацыяналіст, катэгарычна супраць усякіх ірацыянальных фобій, такіх як гамафобія, беларусафобія, русафобія, я думаю, людзей варта ацэньваць па іх справах, а не па іх мове ці нацыянальнасці.

«Я сур’ёзна думаў, што толькі ў вёсках нехта размаўляе па-беларуску, і больш ніхто»


Інга — беларуска, з 2015 года жыве ў Кіеве, працуе менеджаркай у рэкламнай агенцыі. Дзяўчына з сумам прыгадвае, што літаральна за некалькі тыдняў да поўнамаштабнага ўварвання ва ўкраінскай сталіцы з’явіліся курсы «Мова Нанова», але праз далейшыя падзеі заняткі прыпыніліся:

— У бары «Торвальд», які адкрылі ў Кіеве беларусы, прайшоў занятак, я вельмі радавалася, што ініцыятыва працягнецца. Але толькі пачалося і…  

Калі я толькі прыехала ў 2015 годзе ва Украіну, я пачала шукаць мясцовых беларусаў, каб проста дазнацца, як яны тут жывуць, як зрабіць дакументы. Убачыла ў сацсетках беларускі размоўны клуб, думала, прыйду, пазнаёмлюся з беларусамі… Пачалі ўсе размаўляць, і я запыталася, хто тут з Беларусі. Аказалася, што ўсе ўкраінцы. А яны пытаюць: «А ты беларуска, сапраўдная беларуска?»

У Беларусі я сама карысталася рускай мовай, толькі з адной сяброўкай была дамоўленасць хаця б раз на тыдзень размаўляць па-беларуску, каб не забыцца на яе. Бо ты сканчаеш школу і ўсё сваёй мовы больш нідзе не чуеш. Дарэчы, тут ва Украіне я стала значна больш выкарыстоўваць беларускую мову, чым калі жыла ў Беларусі. Беларускі размоўны клуб дазволіў мне не забыць родную мову. Бо калі няма з кім паразмаўляць, то цяжка.

Іншы ўдзельнік пасяджэння, Максім, з Адэсы, пачаў вывучаць беларускую мову гэтай зімой:

— Я проста стаміўся ад украінскай інфармацыйнай плыні: пра вайну, пра смерці — тое, што зараз актуальна, я стаміўся ад гэтага. Пачуў песню «Неабходнасць» гурта «Прыйдзе вясна», зразумеў, што гэта мова, якую я хачу вывучаць наступнай. Бо перад тым я вывучаў украінскую, бо вельмі дрэнна яе ведаў.

Хлопец прызнаецца, што тэма Беларусі яго зацікавіла яшчэ ў 2020 годзе. Тады ён намагаўся знайсці больш інфармацыі:

— Я глядзеў, што ў інтэрнэце ёсць па-беларуску, мне было цікава. Акрамя «Радыё Свабода» анічога не знайшоў. Я сур’ёзна думаў, што толькі ў вёсках нехта размаўляе па-беларуску, і больш ніхто. А цяпер я дазнаўся, што ёсць музыка, каналы, ну і панеслася… Некаторымі днямі я нават больш беларускага кантэнту гляджу і чытаю, чым украінскага. У мяне ёсць мэта: вывучыць мову настолькі, каб ніхто не мог здагадацца, што я не беларус.