Бітва слоганаў

Абавязковай часткай выбарчай кампаніі кожнага кандыдата ў прэзідэнты ЗША з’яўляецца слоган. Часам ён можа нават вырашыць лёс усёй гонкі.
 

За прыкладам далёка хадзіць не трэба. Слоганы «We can» («Мы можам) і «Change» («Перамен») сталі візітнай карткай Абамы на выбарах 2008 года. Гэтыя фразы былі надрукаваныя на майках, кубках, плакатах... Мабілізацыйны эфект гэтых слоганаў відавочны.
Увогуле, сама традыцыя прыдумляць лозунгі пад кандыдатаў у прэзідэнты была закладзеная ў 1840 годзе. Піянерам стаў кандыдат ад партыі вігаў Вільям Гарысан, якому на старце выбараў стукнула 67 гадоў. Гарысан ішоў на выбары пад дэвізам «Tippecanoe and Tyler too» («Тыпекану і Тайлер»). Сама фраза была ўзятая з песні, прысвечанай славутай у свой час бітве амерыканцаў з індзейцамі пад Тыпекану. Войскі ЗША вёў у бой губернатар Індыяны, той самы Вільям Гарысан, яго пазней празвалі Тыпекану, або Стары Тыпекану. Тайлер ішоў віцэ-прэзідэнтам. Перамога над індзейцамі мела важнае сімвалічнае значэнне для маладых Злучаных Штатаў Амерыкі ў барацьбе з Вялікабрытаніяй, якая не пакідала надзей вярнуць калоніі ў свой склад, у тым ліку і рукамі чырванаскурых. У выніку кандыдат партыі вігаў сапраўды перамог, аднак перамога аказалася піравай.
У дзень прысягі 4 сакавіка надвор’е было вельмі халодным, але прэзідэнт вырашыў паказаць, што ён такі ж непахісны герой, што і трыццаць гадоў таму пры Тыпекану; ён прамовіў двухгадзінны інаўгурацыйны спіч, самы доўгі ў амерыканскай гісторыі, стоячы на ветры без капелюшу і паліто. У выніку застудзіўся, прастуда перайшла ў запаленне лёгкіх. Лекары прыкладвалі да яго цела нават жывых змей, але гэта не дапамагло. Гарысан прабыў кіраўніком амерыканскай дзяржавы менш за ўсіх іншых прэзідэнтаў: 32 дні, 12 гадзін і 30 хвілін.
Пазней з’явілася легенда, што смерць Гарысана стала вынікам праклёну, які наклаў перад смерцю правадыр індзейцаў Тэкумсе. Некаторыя адносяць да «праклёну Тэкумсе» і той факт, што, пачынаючы з Гарысана, усе прэзідэнты акрамя Рэйгана, абраныя ці пераабраныя ў год, які заканчваецца на нуль, паміралі ці былі забіты на сваёй пасадзе.
Нягледзячы на такі мінорны дэбют, ідэя выбарчых слоганаў спадабалася янкі. За апошнія 170 гадоў было прыдумана шмат чаго. Хаця часам лозунгі паўтараюцца. Так, у 1864 годзе Абрахам Лінкальн падчас пераабрання на другі тэрмін выкарыстаў лозунг «Коней не пераправе не мяняюць». Менавіта гэты лозунг ужыў Франклін Рузвельт у 1936-м і Джордж Буш-старэйшы ў 1992 годзе.
А ў 1868-м быў прыдуманы, здаецца, самы баявы слоган за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў. Ён належыць кандыдату-рэспубліканцаў Улісу Гранту (глядзі яго выяву на купюры ў 50 долараў) і гучыць так: «Vote as You Shot» («Галасуй так, быццам ты страляеш»). Хаця, з іншага боку, тут няма нічога дзіўнага. Імідж Гранта будаваўся на яго подзвігах на пасадзе камандуючага арміі Саюза падчас грамадзянскай вайны.
Праўда, не ўсе кандыдаты — былыя вайскоўцы мелі такія ваяўнічыя дэвізы. Так, герой Другой сусветнай вайны Айк Эйзенхаўэр пайшоў на выбары 1952 года пад дастаткова міралюбным лозунгам «I like Ike» («Мне падабаецца Айк»). Калі ў 1956-м пачалася кампанія за яго пераабранне, прэзідэнт проста падкарэктаваў папярэдні выраз: «I still like Ike» («Мне па-ранейшаму падабаецца Айк»). І зноў перамог.
Акрамя таго, часам на выбарах дамінавалі міралюбныя настроі. Уран Гардзінг на выбарах 1920 года кінуў у масы лозунг «Return to normalcy» («Вяртанне да нармальнасці»), маючы пад словам «нармальнасць» часы, якія папярэднічалі Першай сусветнай вайне. Як гэты выраз пра «нармальнасць» не падобны на лозунг Кенэдзі падчас кампаніі 1960 года: «A time for greatness» («Час для вялікіх рэчаў»). Або да месі­джа Лінды Джонсана ў 1964-м: «The stakes are too high for you to stay at home» («Стаўкі занадта вялікія, каб вы заставаліся дома»).
Некаторыя лозунгі проста смярдзяць папулізмам. Напрыклад, «A Full Dinner Pail» («Поўная талерка да вячэры»). Фраза была прыдуманая для Уільяма Мак Кінлі на выбарах 1900-га. Ці абяцанне ад Герберта Гувера ў 1928-м: «A chicken in every pot and a car in every garage» («Кураня ў кожнай каструлі і машына ў кожным гаражы»).
Некаторыя слоганы выглядаюць папросту экзатычна. Напрыклад, месідж рэспубліканцаў на выбарах 1884-га: «Rum, Romanism and Rebellion» («Ром, рамантыка і бунт»). Сэнс фразы ў тым, што галоўнымі канкурэнтам кандыдата ад рэспубліканцаў быў прадстаўнік партыі, якая выступала за забарону алкаголю. У 1920 годзе, калі прыхільнікі сухога закону змагаліся супраць Джэймса Кокса, які выступаў за адмену сухога закону. Яны абыгралі прозвішча палітыка, якое гучыць таксама як назва какаіну. Антыкоксаўскі лозунг гучаў так: «Cox and Cocktails» («Кокс і кактэйль»).
МакКейн — кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2008 года, хаця і прайграў Абаме, застанецца ў гісторыі дзякуючы аднаму са сваіх перадвыбарчых слоганаў — «Drill, baby, Drill!» («Буры, дзетка, буры!»). Ідэя закліку палягала ў тым, што ЗША павінны шукаць нафту ў сябе дома, а не ваяваць за стратэгічны рэсурс па ўсёй планеце.
Часам выбарчыя лозунгі супярэчылі таму, што рабілі палітыкі, калі прыходзілі да ўлады. Так, Вудра Вільсан пераабраўся на выбарах 1916 года пад лозунгам «He kept us out of war» («Ён захаваў нас ад вайны»). А ўжо ў наступным годзе Штаты ўступілі ў Першую сусветную на баку Антанты.
Часам лозунгі кандыдатаў гучаць вельмі амбіцыйна: «Keep Cool and Keep Coolidge» («Заставайся крутым і заставайся з Куліджам»), «Who but Hoover?» («Хто, калі не Гувер?»). Аднак усіх, здаецца, пераплюнуў Гары Трумэн у 1948-м. Месіджам яго кампаніі словы з песні «I’m Just Wild About Harry» («Я балдзею ад Гары»). Нарэшце, варта нагадаць лозунг незалежнага кандыдата Роса Перо ў 1992 годзе — «Ross for Boss» («Роса ў босы»).
Часам лозунгі кандыдата накіраваныя супраць канкурэнта. У 1980 годзе ўсім запомніліся словы Рональда Рэйгана: «Are You Better Off Than You Were Four Years Ago?» («Ці лепш вам цяпер, чым чатыры гады таму?»). Роні яўна ўказваў на правалы курсу Джымі Картэра. На мяжы фолу быў слоган Біла Клінтана ў 1992 годзе, адрасаваны Джорджу Бушу-старэйшаму: «It’s the economy, stupid» («Гэта эканоміка, дурань»).
Пачынаючы з кампаніі 1964 года слоганы кандыдатаў часта перарабляюцца іх апанентамі з мэтай дыскрэдытацыі. «In Your Heart, You Know He’s Right» («У сваім сэрцы ты разумееш, што ён правы»), — заявіў у 1964 годзе лозунг ультракансерватыўнага кандыдата-рэспубліканца Бары Галдуотэра. І адразу яго апаненты пачалі скандаваць на мітынгах: «In Your Guts, You Know He’s Nuts» («Унутры ты разумееш, што ён вар’ят»). У 1992 годзе, калі Буш-старэйшы спрабаваў пераабрацца, выкарыстоўваючы славутую фразу пра тое, што коней на пераправе не мяняюць, узнік выраз «Don’t change horsemen in mid-apocalypse» («Падчас апакаліпсіса вершнікаў не мяняюць»).
Цяперашняя кампанія пакуль не вельмі арыгінальная, хаця Ромні ўжо прапанаваў цэлы пакет слоганаў: «Believe in America» («З верай у Амерыку»), «Restore America Now» («Адрадзіць Амерыку цяпер»), «Obama Isn’t Working» («Абама не працуе»). Дарэчы, апошні лозунг — яўны плагіят з Маргарэт Тэтчэр, якая агітавала за торы ў 1979 годзе: «Labour Isn’t Working» («Лейбарыцсты не працуюць»).
На ўсё гэта Абама пакуль адказвае лозунгам «Forward» («Наперад»).
Паглядзім, які слоган больш спадабаецца амерыканцам.