Бітвы футбольных фанатаў

Нядаўні інцыдэнт на матчы польскага футбольнага клубу «Лех» з літоўскай камандай «Жальгірыс», калі польскія фанаты вывесілі абразлівы банэр з антылітоўскім тэкстам, зноў нагадаў пра праблему фанацкага руху ў Польшчы.



11_5_fanati_leg_zapal_l_fajeri_padchas_matcha_lamjankah_logo.jpg

Фанаты "Легіі" запалілі фаеры падчас матчу ў Ламянках

Падобныя інцыдэнты з зайздроснай рэгулярнасцю і, на жаль, у больш жорсткай форме паўтараюцца і ва ўнутраным чэмпіянаце Польшчы. Мне, як кажуць, «на ўласнай шкуры» давялося ўбачыць, хто такія польскія псеўдааматары футболу, і як яны паводзяць сябе на матчах.

Футбол — наша ўсё

Падчас адной са сваіх першых паездак у Польшчу, якая адбылася больш за 10 гадоў таму, заўважыў адзін цікавы і тады яшчэ не зусім зразумелы для мяне момант. Быццам бы Польшча не такая ўжо і футбольная дзяржава, але нашы заходнія суседзі папросту жывуць футболам. У краіне выдаецца вялікая колькасць часопісаў і газет не проста спартыўнай, але, перш за ўсё, футбольнай тэматыкі. Калі гуляе «рэпрэзентацыя» — нацыянальная зборная, — вуліцы польскіх гарадоў упрыгожваюцца ў нацыянальныя бела-чырвоныя колеры, а шалікі з’яўляюцца на шыях практычна кожнага мінака.

Цікава і тое, што палякі з такой жа стараннасцю і запалам падтрымліваюць і мясцовыя клубы. І не важна, ці гуляе любімая каманда ў «экстра-лізе» ці пляцецца на задворках першага, другога, трэцяга ці нават чацвёртага дывізіёну.

Аднак сярод аматараў «гульні №1» у Польшчы паступова з’яўляецца ўсё больш так званых псеўдазаўзятараў, для якіх важны не столькі футбольны матч, колькі агрэсія ў адносінах да апанентаў і чужой каманды. Прыкладаў дэструктыўнай дзейнасці польскіх фанатаў, на жаль, досыць шмат.

Замест кубкапабоішча

3 мая 2011 года ў Быдгашчы праходзіў фінал Кубка Польшчы па футболе, у якім сустракаліся «Лех» з Познані і варшаўская «Легія». Важнасць моманту падаграваў прысутны на матчы дэлегат УЕФА, у абавязкі якога ўваходзіла праверка гатоўнасці Польшчы да Еўра–2012. Розыгрыш кубка краіны ўжо некалькі гадоў праводзіцца пад патранатам прэзідэнта Польшчы, які і ўручае трафей камандзе-пераможцы. На той гульні Браніслаў Камароўскі не прысутнічаў, але быў міністр спорту, а таксама функцыянеры Польскага футбольнага саюза.

У серыі пенальці выйграла сталічная «Легія». Адразу ж на поле выскачылі заўзятары каманды і пачалі абдымацца з футбалістамі. Але эйфарыя доўжылася нядоўга. Насунуўшы шалікі на твар, варшавяне рушылі да фансектару «Леха», з якога ў іх бок ужо ляцелі выламаныя крэслы. За ўсім гэтым дзействам у жаху назіралі польскія дзяржчыноўнікі і дэлегаты УЕФА. Дасталося і журналістам. Усю Польшчу абляцелі відэакадры, на якіх бачна, як фанат падбягае да дзяўчыны-відэааператаркі і з усёй сілы штурхае яе нагой.

11_1_pal_cija_bl_z_stadijona_lamjankah_logo.jpg

Паліцыя бліз стадыёна ў Ламянках

Толькі гумовыя кулі паліцэйскіх ды вадамёты супакоілі запал польскіх футбольных «фанатаў». Варта адзначыць, што ўлады Быдгашча чакалі падобны сцэнар. У свой час там праходзіла гульня 1/32 фіналу кубка, дзе сустрэліся мясцовы клуб «Завіша» і «Відзеў». Тады ў сутыкненнях з фанатамі было паранена 8 паліцэйскіх. Стадыёну быў нанесены матэрыяльны ўрон у 100 тысяч злотых (30 тысяч долараў). Дысцыплінарны камітэт Польскага футбольнага саюза наклаў спагнанне на абедзве каманды і зачыніў стадыён для заўзятараў на пяць матчаў. Паліцыя папярэджвала польскіх футбольных функцыянераў, што стадыён у Быдгашчы — не лепшае месца ў сэнсе бяспекі для правядзення фіналу. Але да разумных довадаў не прыслухаліся.

У 2011 годзе рэакцыя польскага ўраду на беспарадкі ў Быдгашчы была вельмі рэзкай. Прэм’ер Польшчы Дональд Туск раскрытыкаваў працу польскай федэрацыі футбола і парэкамендаваў ёй, мякка кажучы, перагледзець працу з фанацкімі арганізацыямі. «У мяне ўражанне, што ў некаторых выпадках хуліганы дамінуюць у кіраўніцтве клубаў і спартыўных арганізацый», — адкрыта заявіў Туск.

Бітва пры Ламянках

Падзеі, падобныя на пабоішча ў Быдгашчы, на жаль, паўтараюцца досыць часта. 17 жніўня 2013 года ў прыгарадзе Варшавы горадзе Ламянкі адбыўся матч чацвёртай (!) лігі польскага чэмпіянату паміж мясцовай камандай і клубам «Палонія», якая з-за фінансавых складанасцяў «апусцілася» ў ніжэйшы дывізіён польскага чэмпіянату.

11_3_pal_cija_na_pol__logo.jpg

Паліцыя шыхтуецца на футбольным полі

 

Па запрашэнні маіх добрых сяброў з варшаўскай паліцыі, а таксама з адміністрацыі Ламянак я прыехаў у прыгарад Варшавы, каб на ўласныя вочы ўбачыць, як заўзеюць за футбол у Польшчы. Аднак перад гульнёй мяне папярэдзілі: «рыхтуйся да горшага».

Мясцовыя ўлады ўлічылі памылкі папярэднікаў і пастараліся ў дзень гульні сцягнуць у горад як мага больш паліцыі. На звычайным сельскім стадыёне, які нагадвае школьную спартыўную пляцоўку, у дзень гульні сабралася каля 300 заўзятараў... «Легіі». Так, менавіта фанаты варшаўскай каманды прыехалі ў Ламянкі, каб падтрымаць мясцовы клуб. На гульню прыбылі і заўзятары «Палоніі». Тры аўтобусы, на якіх тыя прыехалі, узялі ў шчыльнае кола паліцэйскага ачаплення і пакінулі каля стадыёна. Паліцыі, сапраўды, было вельмі шмат. Акрамя звычайных мікрааўтобусаў і легкавушак, ля стадыёна дзяжурыў… грузавік-вадамёт.

11_2_pal_cija_nak_ro_vaecca_na_pole_kudi_prarval_sja_fanati_leg__logo.jpg

Паліцыя накіроўваецца на поле, куды прарваліся фанаты "Легіі" 

Ад футбольнага поля фанатаў «Легіі» аддзяляла толькі некалькі ахоўнікаў. Не паліцыянтаў, а менавіта супрацоўнікаў аднаго з мясцовых ахоўных прадпрыемстваў. У першыя хвіліны матча «легіянеры» разгарнулі банэр, тэкст якога абражаў прыезджую каманду. Затым у гульцоў «Палоніі» паляцелі яйкі і іншыя прадметы. Пазней на поле выбег чалавек у масцы, якога прыйшлося доўга «ўгаворваць» вярнуцца на месца. На 35-й хвіліне па рашэнні суддзі матч быў спынены. Каманды пачалі сыходзіць з поля — і тут адбылося нечаканае. Фанаты «Легіі» выскачылі на поле і накіраваліся ў бок аўтобусаў, у якіх прыехалі заўзятары «Палоніі».

Відовішча, скажу я вам, страшнае. Натоўп з 300 раз’юшаных малойчыкаў, нібы статак быкоў, рухаўся ў бок апанентаў. Наблізіўшыся, фанаты пачалі кідаць петарды, фаеры і бутэлькі з-пад піва. Праз некалькі хвілін сілы паліцэйскага спецназа адціснулі заўзятараў «Легіі» на поле. Неўзабаве ў ход пайшоў слезацечны газ, а на футбольнае поле выехала машына-вадамёт. Сутыкненне з паліцыяй працягвалася каля 20 хвілін. Затым паліцэйскім удалося выцесніць фанатаў са стадыёна і рассеяць. Яшчэ хвілін сорак яны расчышчалі раён, і толькі пасля гэтага рашыліся на вываз заўзятараў «Палоніі» і самой футбольнай каманды з горада.

11_3_pal_cija_shihtuecca_na_futbol_nim_pol__logo.jpg

Паліцыя на полі

Навіна пра «Бітву пры Ламянках» у лічаныя хвіліны заняла першыя месцы ў стужках усіх польскіх інфармагенцтваў. І не важна, што гаворка ідзе ўсяго толькі аб чацвёртай лізе. Сітуацыя ў Ламянках з’яўляецца сімптаматычнай і практычна цалкам паўтарае падзеі 2011 года ў Быдгашчы і іншых польскіх гарадах.

Як з гэтым змагацца?

Зараз у Польшчы дзейнічае прадпісанне аб тым, што калі паліцыя не прызнае стадыён бяспечным для правядзення масавых мерапрыемстваў, ваяводскія ўлады абавязаны зачыняць яго для гледачоў. Гэта значыць, матч будзе праходзіць пры пустых трыбунах. Некаторыя польскія чыноўнікі выступаюць за забарону выезду фанатаў на гасцявыя матчы. Іншыя выказваюцца за тое, каб забараніць заўзятарам закрываць твар шалікам або капюшонам.

Меркаванні з нагоды таго, што рабіць з футбольнымі фанатамі, разыходзяцца. Усё, безумоўна, крытычна ставяцца да дзейнасці псеўдазаўзятараў. Але... пэўная частка польскага грамадства лічыць, што такія жорсткія меры, як закрыццё стадыёнаў для гледачоў, не спрацуюць на патрэбны вынік. Гэта, па-першае, б’е па інтарэсах звычайных заўзятараў, якія пазбаўляюцца магчымасці падтрымліваць любімыя каманды. Па-другое, страты нясуць і ўладальнікі клубаў, якія інвестуюць уласныя грошы ў развіццё сваіх «няпрофільных актываў».

11_4_sutichka_pal_ci_fanata__logo.jpg

Сутычка паліцыі і фанатаў у Ламянках

Безумоўна, для вырашэння гэтай праблемы трэба выбудаваць заканадаўчы інструментар. Трэба дакладна сфармуляваць не толькі меры пакарання для псеўдазаўзятараў, але і прапісаць абавязкі арганізатараў спартыўных мерапрыемстваў.

На думку многіх палякаў, адзіным спосабам барацьбы супраць агрэсіўнага фанацкага руху ў Польшчы павінны стаць высокія штрафы і турэмнае зняволенне за парушэнне правілаў паводзінаў на стадыёнах.

На адным з польскіх спартыўных форумаў я прачытаў наступнае: «Калі б штраф за хуліганства на футбольных матчах быў бы 20 000 злотых (каля 5 тысяч еўра), то колькасць псеўдазаўзятараў хутка б зменшылася. Няма чаго з імі далікатнічаць. Такіх трэба судзіць і караць».

Безумоўна, пакідае жадаць лепшага і сістэма бяспекі на стадыёнах. На жаль, зараз паліцыя да апошняй хвіліны чакае моманту, калі фанаты пяройдуць мяжу дазволенага, і не ўмешваецца на ранняй стадыі праявы агрэсіі. Увогуле, праблема не з лёгкіх, і ад яе вырашэння залежыць прэстыж Польшчы ў цэлым і рэнамэ польскага футболу ў прыватнасці. Ды і не толькі польскага. Глабалізацыя фанацкага руху, прычым у яго агрэсіўных формах, сталася відавочнай.