Адам Міхнік просіць прабачэння за Алеся Бяляцкага
"Прашу прабачэння за Алеся Бяляцкага”, — такія словы прагучалі з вуснаў апазіцыйнага дзеяча часоў Польскай Народнай Рэспублікі, галоўнага рэдактара “Gazety Wyborczej” Адама Міхніка. Ён прыгадаў тое, што менавіта Польшча спрычынілася да зняволення беларускага праваабаронцы:
Алесь Бяляцкі
— Хачу папрасіць прабачэння ад імя маёй дзяржавы за гэты абсалютна ганебны скандал, звязаны са зняволеннем Алеся Бяляцкага (апладысменты). Я сам быў сведкам таго, як міністр замежных справаў Польшчы прасіў прабачэння за гэта, калі ўручаў узнагароду жонцы Алеся Бяляцкага. Такім чынам, яны выдатна разумеюць, што “стрэлілі сабе ў калена”. І Алесь, які сядзіць за кратамі, напэўна мае тую заслугу, што ўсвядоміў польскія эліты.
“Кожны, хто кажа пра суверэнную Беларусь, для Масквы з’яўляецца нацыяналістам”, — адзначыў Адам Міхнік.
Алесь Бяляцкі адбывае 4 гады і 6 месяцаў зняволення па звінавачанні ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Інфармацыю пра замежныя рахункі Бяляцкагабеларускім органам перадалі Польшча і Літва. Праваабаронца не прызнаў сваёй віны. Усе грошы з названых рахункаў прызначаліся на праваабарончую дзейнасць у Беларусі.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота humanrightshouse.org