Ініцыятары "Народнага рэферэндуму" сустрэліся з кіраўнікамі польскага МЗС

Перспектывы далейшага ўдзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве, палітычная сітуацыя ў краіне і адзінства апазіцыі сталі галоўнымі тэмамі на сустрэчах ініцыятараў кампаніі "Народны рэферэндум" з міністрам замежных спраў Польшчы Радославам Сікорскім і яго намеснікам Катажынай Пялчынскай-Наленч.



flagi_pol_bel_245.jpg

З беларускага боку ў перамовах, якія прайшлі 9 верасня ў Варшаве, узялі ўдзел лідары апазіцыйных структур, якія ініцыявалі "Народны рэферэндум": Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ), Аляксандр Мілінкевіч (рух "За Свабоду"), Уладзімір Някляеў (кампанія "Гавары праўду!") і Ірына Вештард (БСДП (Грамада)).


"Мы абмеркавалі, якой можа быць далейшая палітыка Польшчы і ЕС у цэлым у дачыненні да Беларусі", — паведаміў БелаПАН Някляеў. Паводле яго слоў, адным з механізмаў вызначэння гэтай палітыкі павінен стаць вільнюскі саміт Усходняга партнёрства. "Абодва бакі разумеюць, што галоўнымі ў сталіцы Літвы будуць Украіна і Малдова, тым не менш кіраўнікі польскага МЗС абяцалі, што беларускае пытанне не будзе абыдзена бокам", — зазначыў лідар "Гавары праўду!".


На сустрэчы суразмоўцы "спрагназавалі, якім будзе фармат удзелу Беларусі ў саміце". "Калі ўлады вызваляць палітзняволеных, афіцыйная дэлегацыя з Мінска атрымае запрашэнне, яе можа ўзначаліць любая асоба. Калі захаваецца цяперашняя сітуацыя, ні пра якое запрашэнне афіцыйных асоб не можа быць і гаворкі", — сказаў Някляеў.


Паводле яго слоў, кіраўнікі польскага МЗС задалі пытанне, ці не з`яўляюцца ініцыятывы "Народны рэферэндум" і "За свабодныя выбары" (у яе ўвайшлі АГП, "Справядлівы свет" і інш.) сведчаннем традыцыйнага раз`яднання апазіцыі. На гэта было заяўлена, што паміж дзвюма кааліцыямі няма прынцыповых рознагалоссяў, а дамовіцца двум ці тром значна лягчэй, чым дзесяцярым. "Я прапанаваў Сікорскаму запрасіць у Варшаву Анатоля Лябедзьку (старшыня АГП. — БелаПАН.) і Сяргея Калякіна (кіраўнік "Справядлівага свету". — БелаПАН.). Як мне падалося, міністр быў прыемна здзіўлены", — зазначыў Някляеў.


"Пакуль не закрыта пытанне аб асацыяцыі Украіны і Малдовы з ЕС, беларускае пытанне будзе знаходзіцца ў ценю. Аднак у Польшчы і Еўрасаюза ёсць агульнае разуменне, што ўдзел Беларусі ў еўрапейскіх праектах і яе ўваходжанне ў ЕС з`яўляецца неабходнай умовай далейшага развіцця Еўрасаюза", — падсумаваў Някляеў.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН