Bloomberg: Рэзкі паварот Пуціна на Усход не апраўдвае чаканняў
Пра гэта гаворыцца ў рэдакцыйным артыкуле, апублікаваным на сайце Bloomberg.com.
Reuters
Больш за год таму Еўрапейскі саюз і ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Расиі з-за Украіны. Тады рэакцыя прэзідэнта Уладзіміра Пуціна нагадвала воклічы заўзятараў англійскай футбольнай каманды Мілуол: «Нас ніхто не любіць, нам усё роўна». Ён, здавалася, быў упэўнены, што знойдзе іншых кампаньёнаў.
Цяпер Расія страціла шмат сяброў. Аказалася, што гандаль з ЕС, інвестыцыі і доступ да крэдытных рынкаў, якія знаходзяцца пад уплывам ЗША, не так проста замяніць. І няма ніякіх прыкмет, што высокія цэны на нафту ў бліжэйшы час змогуць выратаваць Расію. Таму Пуцін можа пачынаць хвалявацца.
Не тое, каб у яго зусім не было сяброў: да прыкладу, ён рупліва дамагаўся сяброўскіх адносін з Кітаем. У траўні 2014 года пад фанфары было абвешчана пра дагавор Расіі з Кітаем на будаўніцтва газаправода. Але сёння ён не бліжэй да рэалізацыі, чым быў год таму. Здзелка з Кітаем па размяшчэнні расійскіх аблігацый – Кітай выпусціць іх у юанях – нашмат меншая, чым хацела Расія. І хоць у першай палове 2014 года гандаль з Кітаем вырас на 3,4 працэнта, гэтае паляпшэнне не сталася дастаткова вялікім, каб кампенсаваць скарачэнне гандлю з ЕС і іншымі партнёрамі, не кажучы ўжо пра танную нафту.
Тым часам, агрэсіўная знешняя палітыка Пуціна закрыла іншыя патэнцыйныя крыніцы росту. Балгарыя, напрыклад, планавала размясціць у сябе будаўнічую пляцоўку «Паўднёвага патоку», газаправода, які злучыў бы Расію і ЕС праз Чорнае мора. Але калі вайна на ўсходзе Украіны абвастрылася, Балгарыя заблакавала будаўніцтва.
Нягледзячы на няўдачу, Пуцін звярнуўся да Турцыі. «Паўднёвы паток» павінен быў стаць «Турэцкім патокам». Расіяне таксама планавалі пабудаваць АЭС у Турцыі. Але пасля таго, як Расія абстраляла саюзнікаў Турцыі, а Турцыя збіла расійскі бамбардзіроўшчык, у адносінах абедзвюх краін наступіў «ледніковы перыяд». У выніку ў «Газпрома» засталіся трубы «Турэцкага патоку» на суму амаль 2 мільярды долараў, якія могуць быць выкарыстаны толькі на дне Чорнага мора, а таксама мільярды інвестыцыйных выдаткаў.
Расіяне больш не змогуць у адпачынку загараць на турэцкіх пляжах.
Але няма падстаў для турботы. «Нам усё роўна», дае зразумець расійскі міністр турызму, кажучы, што пляжны адпачынак быў проста "причудой" расіян, без якой яны змогуць абысціся.
Расійская эканоміка сапраўды выжывае, і рэйтынг Пуціна застаецца высокім. Але ні адна з гэтых умоў не дапаможа ў доўгатэрміновай перспектыве, калі Расія не прымірыцца са сваімі асноўнымі гандлёвымі партнерамі. Магчыма, Пуцін ім ніколі не спадабаецца, але ім патрэбна Расія. І ў пэўны момант Пуцін мусіць задумацца.