Больш за палову расіян выступаюць за змены ў палітычнай сістэме
Сацапытанне паказала, што амаль 60% расіян лічаць неабходнымі рашучыя перамены ў краіне. Вырасла і колькасць тых, хто лічыць, што Пуціну і яго асяродку перамены не патрэбныя.
Больш за палову, 53 адсоткі, жыхароў Расіі выступаюць за сур'ёзныя змены ў палітычнай сістэме. Такія дадзеныя апытання ў сераду, 6 лістапада, прыводзіць газета "Ведамасці". Апытанне праводзілі сумесна Маскоўскі цэнтр Карнегі і "Левада-цэнтр". Адначасова з гэтым 59 адсоткаў апытаных лічаць, што краіне патрэбныя "рашучыя перамены". За "нязначныя" змены выступіў 31% удзельнікаў апытання, а 8% заявілі, што ніякіх змен не трэба. Змены ў краіне пры захаванні існуючай сістэмы магчымыя на думку 34% расіян.
69 адсоткаў удзельнікаў апытання лічаць, што мацней за ўсё змен не хочуць чыноўнікі і бюракратыя (па выніках апытання ў 2017 годзе гэтыя катэгорыі назвалі 56% апытаных). Алігархі і вялікі бізнес не хочуць пераменаў на думку 67% расіян (у 2017 годзе так лічылі 52%), прэзідэнт Уладзімір Пуцін і яго асяроддзе — 25% (у 2017 годзе — 15%). Акрамя таго, з 25 да 16 працэнтаў знізілася доля рэспандэнтаў, якія лічаць, што Пуцін здольны прапанаваць прывабны план пераўтварэнняў.
Акрамя гэтага, удзельнікі апытання мяркуюць, што дзве галоўныя змены — павышэнне заробкаў і ўзроўню жыцця (так лічаць 24%) і змена ўрада і прэзідэнта (13%). Пры гэтым пра сумленныя выбары як прыярытэт дзяржаўнай палітыкі гавораць толькі 9% расіян, а пра незалежнасць судоў — 8%.
dw.com