Масква не працягнула Мінску «ператаможку» нафты. Страты ў 2020 годзе складуць $420 млн
Страты даходнай часткі бюджэту Беларусі ў 2020 годзе ад спынення «перетаможки» расійскай нафты складуць 951 мільён рублёў (каля 423,6 мільёна долараў). Пра гэта заявіў першы намеснік міністра фінансаў краіны Юрый Селіверстаў, паведамляе tut.by.
«Страты ў параўнанні з 2019 годам даходаў ад паступлення сродкаў ад так званай “перетаможки” складуць 951 мільён рублёў», — сказаў ён панядзелак у парламенце (цытата па ТАСС).
У тлумачальнай запісцы да праекту бюджэту–2020 гаворыцца пра страты «ад спынення тэрміну дзеяння дамоўленасцяў з Расійскай Федэрацыяй у нафтагазавай сферы» на 950,9 млн рублёў.
Расія ў 2017 годзе з мэтай кампенсацыі высокіх (на думку беларускага боку) цэнаў на газ прадаставіла Беларусі магчымасць залічаць у свой бюджэт мытную пошліну ад 6 мільёнаў тон нафты (так званая “перетаможка”). Гэта «пагадненне аб супрацоўніцтве ў нафтагазавай сферы» дзейнічае па 2019 год уключна. Аднак на працягу гэтага года беларускія чыноўнікі казалі, што вядуць перамовы наконт падаўжэння дамовы.
Юрый Селіверстаў, адказваючы на пытанне журналістаў, ці значыць гэта, што Мінск і Масква па пытанні «перетаможки» нафты на 2020 год не дамовіліся, сказаў: «На дадзены момант пакуль так» (цытата паводле interfax.by).
Як заявіў Селіверстаў, бюджэт таксама панясе страты «ва ўмовах нарастання дзеяння падатковага манеўру ў нафтавай сферы ў Расійскай Федэрацыі». Страты рэспубліканскага бюджэту ад вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты складуць 537,2 мільёна рублёў (каля 239,3 млн долараў), адзначаецца ў дакументах да праекту бюджэту.
У цяперашні час Мінск хоча кампенсацыі стратаў ад умоваў гандлю нафтай, што пагаршаюцца, а Масква ў адказ прапанавала паглыбіць інтэграцыю ў адпаведнасці з дамовай аб Саюзнай дзяржаве 1999 года.
Мінфін Беларусі раней падлічыў, што страты бюджэту ад рэалізацыі падатковага манеўру Расіі ў 2019 годзе складуць каля 400 мільёнаў долараў.
Цяпер улады Беларусі таксама спрабуюць дамовіцца з урадам РФ наконт цэнаў на газ у 2020 годзе.
Паводле tut.by