Аляксандр Чубрык: Структурныя рэформы ўжо запатрабаваныя
Ужо колькі гадоў улады адкладалі эканамічныя рэформы з-за адсутнасці запыту на іх у народзе. Маўляў, перамены — справа непапулярная, таму трэба пачакаць.
Аднак, як сцвярджае акадэмічны дырэктар Кастрычніцкага эканамічнага форума, эканаміст Аляксандр Чубрык, здаецца, рэформы ўсё ж пачнуцца — і не ў апошнюю чаргу з-за настрояў і працэсаў у грамадстве.
“Пасля двух дзён працы KEF можна спадзявацца, што размовы скончацца. Тым больш, што дарожная карта рэформаў, што рыхтуецца сумесна з Сусветным банкам, ужо на разглядзе ва ўрадзе”, — заўважыў у размове з карэспандэнтам Радыё Рацыя Аляксандр Чубрык.
— Людзі проста стаміліся ад таго, што яны фактычна не бачаць вялікіх перспектываў. Мы бачым праблему міграцыі, мы бачым праблемы рэгіянальнага развіцця, такая стомленасць тым, што ў нас усё стабільна і добра. Хочацца нейкага дынамізму. Калі мы бачым, што пачынаецца міграцыя людзей з рэгіёнаў у Менск, з рэгіёнаў у суседнія краіны — гэта значыць, што фактычна людзі гатовыя да актыўнасці, да таго, каб самарэалізоўвацца. Для гэтага фактычна дзяржава мусіць зрабіць крок наперад.
Да рэформ вымушаюць і знешнія выклікі, падкрэслівае Аляксандр Чубрык:
— Пытанне ў тым, што не хапае канкрэтных рэчаў, плюс паслядоўнасці рэформаў. Вось гэта тая дарожная карта над якой зараз працуе Сусветны банк разам з урадам. Тут зноў жа чыннік вонкавых выклікаў, мы ж зараз гаворым не толькі пра падатковы манеўр Расіі, мы гаворым пра тое, што сусветная эканоміка зараз падыходзіць да такіх цяжкіх часоў. Нават пытанне пошуку грошай — гэта будзе пытанне таго, наколькі нас будуць успрымаць, як надзейнага пазычальніка. Гэта значыць, што мы не можам застацца такімі, якія мы зараз ёсць.
Асаблівай увагі, зазначае Аляксандр Чубрык, патрабуюць пытанні сацыяльнай абароны, бо рэфармаванне эканомікі на першым этапе непазбежна прывядзе да пэўных стратаў у дабрабыце занятых у гэтай эканоміцы.